Untitled-1

Пераймалі вопыт жабінкаўцаў

На базе агульнаадукацыйных устаноў Жабінкаўскага раёна быў праведзены абласны семінар намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў па тэме “Удасканаленне аналітычнай дзейнасці ў кіраванні адукацыяй”. У яго рабоце прынялі ўдзел першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук, першы прарэктар ДУА “Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт С.Р.Рачэўскі і начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра гэтай установы В.Г.Строганава.
Вопытам работы падзяліліся намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама, кандыдат псіхалагічных навук К.М.Сіда, загадчыца ДУА “Яслі-сад №1 г.Жабінка” І.А.Кунц, намеснік дырэктара ў вучэбнай рабоце ДУА “СШ №2 г.Жабінка” М.І.Пакала, дырэктар ДУА “Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Г.І.Іванова і іншыя.

***

У СШ №1 г.Жабінка адбыўся абласны семінар кіраўнікоў раённых і гарадскіх метадычных аб’яднанняў дырэктараў школ. Абмяркоўвалася высокатэхналагічная адукацыйная прастора, як умова забеспячэння якасці навучання. Пра ўмовы, якія спрыяюць якаснаму навучанню на Жабінкаўшчыне, расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кандыдат псіхалагічных навук К.М.Сіда. Вопытам падзяліліся намеснікі дырэктара ў вучэбнай і выхаваўчай работах першай гарадской школы М.І.Гаркалюк, І.А.Мірко і Т.В.Казей. Яны на канкрэтных прыкладах паказалі прымяненне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у кіраванні, вучэбнай, выхаваўчай і метадычнай рабоце. Потым госці наведалі адкрытыя ўрокі нямецкай мовы і фізікі, якія правялі настаўнікі В.У.Савянкова і А.А.Барысюк. Педагогі далі аналіз урокам, а таксама паслухалі думкі сваіх калег. У ходзе гаворкі была дадзена высокая адзнака эфектыўнасці выкарыстання ў адукацыйным працэсе сучасных сродкаў навучання. У рабоце семінара прыняў удзел метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра кіраўнічай дзейнасцю ў адукацыі ДУА “Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі” А.Л.Карпук.

У Баранцах было песенна

Невялічкім паселішчам патрэбныя святы — такія, як дзень вёскі, што ладзіўся 25 мая ў Баранцах. Былі ўшанаваны старажылы: Фёдар Лаўрэнцьевіч Каралюк і Марыя Іванаўна Шаўчук (ёй споўнілася ажно 102 гады!). Згадалі пра вайну-бяду, якая адняла мужа, зрабіла ўдавой Надзею Антонаўну Ляўчук, кранула вогненным крылом і Мікалая Міхайлавіча Карася. Славілі 80-гадовую Соф’ю Рыгораўну Карась, знатную ў нашым краі каравайніцу. Вяскоўцы атрымалі падарункі і зычлівыя словы ад старшыні Азяцкага сельвыканкама Л.У.Харс, а песенныя віншаванні — ад ансамбля народнай песні “Белыя росы”, што “прапісаўся” пад дахам Азяцкага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу.

“Як Мурлыку ашукалі”

Летась выдавецкі дом “Звязда” заснаваў серыю “Казачны куфэрак”, якая стала часткай творчага праекта “Пісьменнікі — дзецям”. Сёлетні падарунак маленькім чытачам і іх бацькам — зборнік “Як Мурлыку ашукалі”. Пад вокладкай “сустрэўся” тузін сучасных аўтараў, у іх ліку — пісьменнікі з Жабінкі Анатоль і Расціслаў Бензерукі. Казкі ў прыгожа аформленай кніжцы самыя розныя — ад тых, у якіх гучаць фальклорныя матывы, да казак-фэнтэзі.

Са сталіцы — з перамогай

З пачатку года, багатага на значныя спартыўныя падзеі, у Беларусі ладзіўся конкурс малюнкаў “Пасябруй са спортам”, вынікі якога былі падведзены 27 мая ў Мінску. Сярод узнагароджаных — вучань 1 “Б” класа СШ №1 г.Жабінка Яраслаў Анісеня. Хлопчык захапляецца маляваннем, наведвае школьны гурток, якім кіруе настаўніца І.А.Бялавенцава. Ягоны твор “Футбол. На трэніроўцы” можна пабачыць у інтэрнэце. Уганараваны ён напярэдадні Чэмпіянату свету ў футболе, які ў чэрвені стартуе ў Бразіліі. А маленькага мастака за перамогу ў конкурсе чакае прыемны адпачынак на Нарачы, у лагеры “Зубраня”.

У “залатой сярэдзінцы”

У апошні дзень мая ў Івацэвічах адбылося першынство Брэсцкай вобласці ў фігурным манеўраванні матацыкла. У ім удзельнічалі прадстаўнікі ад Пінска, Століна, Кобрына, Лунінца, Івацэвічаў, Баранавічаў і Жабінкі. Такое першынство праводзілася і раней, аднак каманда жабінкаўскіх спартсменаў-вадзіцеляў удзельнічала ўпершыню, у яе ўваходзілі навучэнцы Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Юнакі выступалі ў класе “Юніёр”, а рыхтаваў іх да спаборніцтваў трэнер, інструктар па ваджэнні аўташколы Ю. А. Сазонаў. Р.Дзеніскавец, А.Гер, М.Ярмашук — усе, дарэчы, жыхары Мацеевічаў выступілі няблага і аказаліся ў “залатой сярэдзінцы” турнірнай табліцы. Усяго ў першынстве ўдзельнічала 27 юных матацыклістаў, а ў лідарах пінскія, лунінецкія і івацэвіцкія хлопцы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top