Прафесія… ў спадчыну

Прафесія… ў спадчыну

_DSC9227Вось яно, самастойнае, дарослае жыццё! Ёй, як адной з лепшых выпускніц, выпала працаваць правадніком фірменнага цягніка Брэст-Мінск. Пад размераны грукат колаў у вокнах мільгалі гарады і вёскі, мяняліся пасажыры ў вагонах. Не змянялася толькі яе жыццёвае крэда: працаваць бездакорна, каб у кожнага, хто едзе ў яе вагоне, быў добры настрой, каб успаміны пра паездку ў цягніку былі самыя найлепшыя. Дарыла сваю шчырую ўсмешку кожнаму пасажыру, хоць за дзевяць гадоў працы “на колах” трапляліся розныя. Нездарма ў конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод праваднікоў фірменных цягнікоў, які праходзіў у снежні 2011 года ў Мінску, Таццяна Канстанцінаўна заняла ганаровае ІІІ-яе месца. Заўжды ўсмешлівую, статную дзяўчыну ў калектыве сталі паважаць яшчэ больш.
… Жыццё напоўнілася іншым сэнсам, калі аднойчы марозным вечарам вярталася з паездкі, і яе, у форме, спыніў малады чалавек пытаннем:
— Такая прыгожая дзяўчына і без аховы? Мусіць, яшчэ не замужам?
Атрымаўшы адмоўны адказ, ён неяк упэўнена выказаўся:
— Нічога, гэта хутка выправім!
І сапраўды, выправіў: не прай-шло і паўгода, як родныя і сябры Таццяны і Міхаіла крычалі “горка” на іх вяселлі, жадалі шчасця і кахання на многія гады.
Маладая сям’я Яцукоў у пошуках лепшай долі накіравалася ў Брэст, на здымную кватэру. Яна па-ранейшаму працавала правадніцай, ён — майстрам-электрыкам, а ра-зам абмяркоўвалі самую галоўную тэму: абодва выхадцы з вёскі, але хацелі пусціць карані ў горадзе. Жабінка ў гэтым плане падалася самым бяспройгрышным варыянтам. Набылі кватэрку-маласямейку ў мікрараёне. Хутка да гэтай радаснай падзеі дадалася яшчэ адна —
нарадзіўся першынец Паўлік.
— Самае вялікае жаночае шчас-це — нараджэнне дзіцяці, — лічыць Таццяна Канстанцінаўна. — Самыя каштоўныя падарункі заварочваюць у коўдру і выносяць з раддома. Першае “агу”, першы зубік, першы крок, поспехі сыночка будуць заўжды жыць у маёй памяці…
Калі праз чатыры гады адчула, што пад яе сэрцам б’ецца яшчэ адно дзіця ад любімага чалавека, радасці не было межаў. Лёс даў Яцукам яшчэ больш яе, чым чакалі: неспадзявана атрымалі магчымасць пабудаваць жыллёвы кааператыў, так што малодшы Кірылка вучыўся поўзаць і топаць ужо ў трохпакаёвых апартаментах. Пакуль знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту па спецыяльнасці “інжынер-эканаміст”. “Дэкрэтныя” тры гады праляцелі хутка, і Таццяна Канстанцінаўна зноў улілася ў вірлівае жыццё “на колах”: паездкі, пасажыры, сустрэчы і расстанні…
Як ні любіла правадніца сваю работу, аднак стала зразумела, што нерэальна сумяшчаць выхаванне двух сыночкаў і далёкія паездкі. Таму папрасілася перавесці яе на іншае месца працы. Так праваднік стала білетным касірам на станцыі Жабінка, і выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі на працягу апошніх двух гадоў. Неаднаразова за ветлівае абслугоўванне пасажыры выказвалі не толькі самой Таццяне Яцук шчыры “дзякуй”, але і кіраўніцтву станцыі.
— Кожны раз, калі прадаю білет, стараюся думаць у першую чаргу пра пасажыра, — кажа Таццяна Яцук, — абавязкова прапаную яму найлепшы варыянт, каб і месца ў цягніку, і час руху задавальнялі. Асабліва хвалююся, калі ў далёкія паездкі бяруць маленькіх дзетак: у такіх выпадках абавязкова прапаноўваю ніжнія паліцы і зручныя месцы ў вагоне, каб не так стаміліся ў дарозе… Адчуваю адказнасць у час пік, калі ля акенца па білеты збіраецца натоўп, людзі
нервуюцца, каб не спазніцца, а  мне неабходна тэрмінова кожнага абілеціць і не памыліцца з рэштай і зонамі, правільна адказаць на пытанні, што тычацца часу і месца прыбыцця цягніка. Многіх жабінкаўцаў,  якія ездзяць на працу ў Брэст, ведаю ў твар, пазнаю па голасе тых, хто звоніць у касу. Пасля змены спяшаюся дадому, а ў думках застаюся там, на працы: ці ўсё ў парадку ў калегаў, ці ўсе цягнікі прыйшлі згодна з раскладам, ці не здарылася пазаштатная сітуацыя…
Я шчаслівая, што менавіта Жабінка стала для мяне па-сапраўднаму мілым сэрцу куточкам, другой радзімай. Тут ладзіцца сямейнае жыццё, па душы праца ў дружным калектыве, ёсць верныя сябры. Што яшчэ жадаць можна? Бадай, толькі ўдзячных пасажыраў…
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: білетны касір станцыі Жабінка Таццяна Канстанцінаўна Яцук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top