Мост, які злучыў педагогаў

Мост, які злучыў педагогаў

IMG_9087
У трэцяй гарадской школе адбыўся метадычны мост “Складнікі педагагічнага поспеху”. Настаўнікі сабраліся, каб падвесці вынікі метадычнай работы педагогаў сёлетняга навучальнага года, падзяліцца вопытам з калегамі.
Ва ўступным слове дырэктар СШ №3 Святлана Міхайлаўна Кужко адзначыла, што да такой формы падвядзення вынікаў калектыў не звяртаўся працяглы час. Кожнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў трэцяй гарадской школы падрыхтавала прэзентацыі сваёй дзейнасці.
— З чаго складаецца поспех настаўніка? — разважала Святлана Міхайлаўна. — З удалых урокаў, дасягненняў яго вучняў, узаемадзеяння з бацькамі. На мой погляд, паспяхова працуюць і маладыя, і вопытныя педагогі. З году ў год павышаецца якасць ведаў і ўзровень адукацыі вучняў. Штогод яны прымаюць удзел у алімпіядным руху, творчых конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях і атрымліваюць дыпломы пераможцаў. Праслаўляюць школу і дасягненні педагогаў. Так, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Алена Вітальеўна Наруш заняла другое месца ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года—2014” у намінацыі “Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка. Астраномія”.
Напрыканцы выступлення дырэктар адзначыла, што найбольш плённа ў гэтым навучальным го-дзе працавала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў. Слова ўзяла яго кіраўнік, “настаўнік-метадыст” Віталіна Аляксандраўна Папковіч, якая ўласным вопытам дзеліцца на ўзроўні рэспублікі. Абмянялася яна сваімі напрацоўкамі і з прысутнымі: прадэманстравала гульнёвыя метады работы з вучнямі, заняткі ў інтэрактыўным рэжыме, з дапамогай прысутных стварыла “палатно” метадычных ідэй і прэзентавала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў.
Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі, інфарматыкі і фізікі і навуковага школьнага аб’яднання Вольга Віктараўна Дзмітрук ра-зам з навучэнцамі актыўна займаецца даследчыцкай дзейнасцю. У пацвярджэнне гэтага яна прадэманстравала слайд-шоу фізічных вопытаў, многія з якіх патрабуюць не толькі ведаў, але і цярпення, кемлівасці, часу.
Намеснік дырэктара ў вучэбнай рабоце Людміла Паўлаўна Пшанай адзначыла, што самымі крэатыўнымі, творчымі, гатовымі выступіць у групе падтрымкі любога праекта, конкурсу з’яўляюцца педагогі метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў. Яны актыўна падтрымлівалі А.В.Наруш, а таксама сталі прызёрамі абласнога конкурсу тэатральных калектываў на англійскай мове — занялі 2-е месца. Людміла Паўлаўна паведаміла, што адкрытыя ўрокі Іны Мікалаеўны Плужнікавай і Ларысы Васільеўны Дарошка высока ацэнены ўдзельнікамі метадычнага аб’яднання дырэктараў школ.
Кіраўнік МА настаўнікаў замежных моў Ларыса Васільеўна Дарошка прэзентавала сваё аб’яднанне і падзялілася ўласнымі метадычнымі знаходкамі і ідэямі.
Сафія Мікалаеўна Мамановіч кіруе метадычным аб’яднаннем настаўнікаў рускай мовы і літаратуры. Яна адзначыла, што кожны педагог працуе паводле прызвання і валодае багатым вопытам.
Самым маладым метадычным аб’яднаннем па даце стварэння з’яўляецца МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Яго кіраўнік Таццяна Мікалаеўна Галавейка расказала пра паспяховую работу калег, пра дасягненні вучняў у алімпіядах па беларускай мове.
У час метадычнага маста падзяліліся сваімі напрацоўкамі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людміла Сцяпа-наўна Марчанка і біялогіі Ала Андрэеўна Анікіна. Кожная з педагогаў выкарыс-тоўвае індывіду-альны падыход у рабоце з вучнямі, сучасныя педагагічныя тэхналогіі і… пачуццё гумару.
Падводзячы вынікі мерапрыемства, намеснік дырэктара ў вучэбнай рабоце Людміла Паўлаўна Пшанай адзначыла, што кожны педагог трэцяй гарадской адзінаццацігодкі займаецца самаадукацыяй па пэўнай тэме, робіць рэфлексію сваёй дзейнасці. Яна нагадала, што для поспеху ў прафесійнай дзейнасці неабходныя любоў да дзяцей, педагагічнае майстэрства і здольнасць да самаразвіцця. Настаўнік толькі тады перастае быць настаўнікам, калі не вучыцца. Людміла Паўлаўна выказала спадзяванне, што стварэнне мастоў паміж метадычнымі фарміраваннямі школы будзе садзейнічаць згуртаванасці педагагічнага калектыву і павышэнню якасці метадычнай работы.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: педагогі трэцяй гарадской школы падводзяць вынікі метадычнай работы;
выступае дырэктар школы С.М.Кружко.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top