Урокі ад “Спадчыны”

Урокі ад “Спадчыны”

IMG_7914
У другой гарадской школе многа месца і часу адводзіцца ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Мерапрыемствы ладзяцца найперш юнакамі і дзяўчатамі з лектарскай групы “Спадчына”, створанай з ініцыятывы педагога-арганізатара Аляксандры Георгіеўны Вараб’ёвай. Вучні 8-11 класаў Мікіта Аўрамчык і Надзея Глазкова, Данііл Ясінскі і Дзмітрый Федчык, Мікіта Міласердаў і Дзмітрый Саўчук — чаканыя госці на пазашкольных мерапрыемствах. З іх вуснаў, як сведчыць кніга водгукаў, якую маюць гурткоўцы, іншыя вучні СШ №2 пашыраюць веды пра першадрукара і асветніка Францыска Скарыну, выраб на Беларусі слуцкіх паясоў… З асаблівым захапленнем сябры “Спадчыны” распавядаюць пра гістарычныя старонкі нашага краю — старажытныя храмы сваёй зямлі, памятныя мясціны Жабінкаўшчыны, мінулае і сучасны дзень роднага горада, праводзяць зай-мальныя віктарыны.
У кожнага сябра лектарскай групы — асобная папка, куды складваюцца матэрыялы, патрэбныя для падрыхтоўкі. На ўзбраенні сучасныя электронныя сродкі з прэзентацыямі, фотаздымкамі, музычнымі кліпамі. Гэта яшчэ больш узбагачае вусны расказ, выклікае зацікаўленасць у слухачоў. Яны — сапраўдная каманда, што даказалі летась, калі ўдзельнічалі ў раённай алімпіядзе, прысвечанай 1025-годдзю хрысціянства на Русі.
— Спрабуем данесці но-
вае, — дзяліліся сваімі планамі гурткоўцы напя-рэдадні Дня Перамогі, — чэрпаем інфармацыю паўсюль: з кніг, інтэрнэта, які незаменны ў сённяшні час. Радуемся, калі нешта атрымліваецца, як гэта было пры правядзенні Дня юнага героя-антыфашыста ці памяці ахвяраў Хатыні і іншых “вогненных вёсак” нашай шматпакутнай краіны. На гэтых агульнашкольных імпрэзах, спадзяемся, вучні 5-11 класаў даведаліся шмат пра тых герояў і трагічныя падзеі.
У пацвярджэнне слоў — запіс-водгук ад класных кіраўнікоў Ж.Наўцэвіч, В.Дудар, М.Каржук: “Хочацца выказаць падзяку лектарскай групе і яе арганізатару ад імя нашых вучняў за цікавае і змястоўнае выступленне на тэму “Дзень юнага героя-антыфашыста”. Расповеды юнакоў і дзяўчат закранулі душы нашых 5-6-класнікаў. Выдатнае мерапрыемства ў духу патрыятызму! Высокі прафесійны ўзровень у тых, хто выступаў! Малайцы!”
Кіраўнік “Спадчыны” А.Г.Вараб’ёва перакананая:
— У маладых людзей, якія ўдзельнічаюць у рабоце лектарскай групы, не толькі пашыраюцца веды і кругагляд, але й узнімаецца самаадзнака, узнікае шанц праявіць сябе ў новай ролі, а гэта, упэўненая, будзе карысным у далейшым дарослым жыцці.
Светлае свята Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне таксама не абышлося без юных лектараў. 8 мая яны правялі агульнашкольнае мерапрыемства “Хто сказаў, што трэба кінуць песню на вайне?” Ужо па назве зразумела — “героямі” імпрэзы сталі спевы ваеннай пары, без якіх байцам было б яшчэ цяжэй пераносіць жорсткія гады ліхалецця. Шырока выкарыстоўвалася дакументальная кінахроніка, што знялі армейскія аператары. На фоне слайдаў гучалі музыка і спевы, вядомыя многім: “Свяшчэнная вайна” і “Расце ў Валгаградзе бярозка”, “Эх, дарогі” і бессмяротная “Кацюша”. Рэфрэнам расповедаў былі словы: “Калі гуляць на святы мы паедзем, давайце ўспомнім нешта пра вайну”. Пра гісторыю стварэння песень, пераможную сілу музычнай творчасці, таленавітых паэтаў-песеннікаў пачулі вучні сярэдніх і старэйшых класаў з вуснаў сяброў “Спадчыны”. Аднак жывыя спевы пра Вялікую Айчынную былі карысныя не толькі ў час баёў — подзвіг савецкага салдата натхняе і сёння. Таму напрыканцы прагучала сучасная песня “Мой прадзед”, якая быццам падвяла рысу пад сустрэчай, у якой адбылося нябачнае, але вельмі душэўнае спатканне розных пакаленняў. У памяць пра ахвяры і выпрабаванні вайны вучні школы наведалі пасля імпрэзы вёску Сцяброва, помнік ахвярам фашызму, які падтрымліваюць у парадку школьнікі СШ №2.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: гурткоўцы абмяркоўваюць планы новых мерапрыемстваў.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top