Землякі служаць дастойна

Землякі служаць дастойна

Ковальчук
Служба ў войсках проціпаветранай абароны Беларусі асабліва напружаная, таму што ваеннаабавязаныя з’яўляюцца вартавымі неба, якія круглыя суткі ахоўваюць паветраныя межы Радзімы ад парушальнікаў. Разлічана яна на мужных, стойкіх і ўпэўненых у сабе мужчын і патрабуе ад іх рашучых дзеянняў у розных сітуацыях. Дарэчы, зброя тут калектыўная, а значыць, ад выканання пастаўленай задачы кожным на сваім пасту залежыць поспех усяго баявога разліку каманднага пункта.
Адным з пастоў яго з’яўляецца радыёцэнтр, які забяспечвае сувязь палка з заходнім аператыўна-тактычным камандаваннем ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны. Тут і служыць ваш зямляк Юрый Сяргеевіч Кавальчук. Ён вадзіцель-электрык каманднага пункта 115-га зенітна-ракетнага палка.
На службу ў адрозненне ад жаўтаротых юнакоў ён прыйшоў з пэўным жыццёвым вопытам. Ягонае дзяцінства і юнацтва праходзіла ў вёсцы Арэпічы, дзе й нарадзіўся. Паспяхова закончыў Крыўлянскую адзінаццацігодку. У адрозненне ад свайго сябрука Віталя Карпука, які пайшоў вучыцца на кадравага афіцэра, Юрый паступіў у Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць тэхнік-механік (з дзяцінства захапляўся аўтамабільнай справай). Пасля вучобы трапіў на працу ў СВК “Хмелева”. Маладому спецыялісту, як расказаў галоўны інжынер сельгаскааператыву Валянцін Кірылавіч Гойка, прапанавалі пасаду загадчыка механічнай майстэрні, але ён адмовіўся і папрасіўся вадзіцелем на аўтамашыну. У пасяўную забяспечваў насеннем сеялкі, пад час жніва адвозіў збожжа ад зернеўборачных камбайнаў, восенню — другі хлеб ад бульбакапалак і камбайнаў.
Цяпер ён салдат. Якой бы цяжкай ні лічылі службу ў арміі, уцягнуўся ў яе хутка, задаволены, таму што дапамагла загартавацца і праявіць свае лепшыя рысы характару: мэтанакіраванасць, актыўнасць і працавітасць. Пасля заканчэння “курса маладога байца” яго назначылі вадзіцелем-электрыкам. Салдат добра ведае тэхніку і ўзбраенне, з якімі працуе, пастаянна павышае ўзровень сваёй прафесійнай і фізічнай падрыхтоўкі, таму што не ў яго характары — уцякаць ад цяжкасцяў, ён іх стараецца пераадолець.
Наперадзе ў Юрыя Кавальчука яшчэ паўгода службы. Верыцца, што яны пройдуць побач з вернымі сябрамі, якія разам з ім добрасумленна выконваюць свой воінскі абавязак. У бацькоўскі дом, дзе ад салдата цяпер, вядома, з хваляваннем чакаюць вестачкі, радуюцца за яго, юнак вернецца ўзмужнелым, пасталелым, здаровым.
Андрэй ШПЕНДЗІК, намеснік начальніка каманднага пункта 115-га зенітнага ракетнага палка, маёр.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top