Псіхолаг не чараўнік, але можа многае

Псіхолаг не чараўнік, але можа многае

IMG_8368У апошнія дзесяцігоддзі папулярнасць псіхалогіі вельмі ўзрасла. Акрамя шматлікіх кніг і дапаможнікаў, з’явіліся часопісы “Псіхалогія і Я”, “Псіхалогія адносінаў”. Веданне гэтай навукі патрэбна прадстаўнікам многіх прафесій: педагогам, медыкам, юрыстам, бізнесменам, палітыкам — для мэтанакіраванага ўздзеяння на чалавека. З вялікай колькасцю праблем сустракаюцца дзеці школьнага ўзросту: як наладзіць узаемаадносіны з аднакласнікамі, “камфортна” перайсці з пачатковай ступені навучання ў сярэднюю, потым — у старэйшую. Дапамагае ў іх вырашэнні школьны псіхолаг, якому лягчэй даверыцца, чым нават бацькам ці сябрам. На пытанні карэспандэнта адказвае педагог-псіхолаг ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Жабінка” І.У.Кудзянюк.
— Ірына Уладзіміраўна, вы па першай адукацыі біёлаг-хімік. Як сталі псіхолагам?
— Разумееце, актывізацыя практычнай псіхалагічнай работы ў Беларусі пачалася ў другой палове 1980-х гадоў. У пачатку 90-х толькі пачынала фарміравацца інфраструктура псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі, спецыялістаў катастрафічна не хапала. Першыя псіхолагі атрымлівалі адукацыю на факультэце перападрыхтоўкі ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М.Горкага (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка). У 1991 годзе раённы аддзел адукацыі прапанаваў мне паехаць у Мінск вучыцца на псіхолага. Навучанне было стацыянарнае, з адрывам ад асноўнай працы. Я згадзілася, таму што мяне цікавіла ўсё новае, прайшла курс навучання і стала працаваць. “Псіхалагічны” стаж на сённяшні дзень складае больш за 20 гадоў, і я не расчаравалася, што прысвяціла сваё жыццё “выратаванню душ чалавечых”.
— Што ўваходзіць у вашы прафесійныя абавязкі?
— Накірункаў дзейнасці ў школьнага педагога-псіхолага шмат. Гэта карэкцыйна-развіццёвая работа, псіхолага-педагагічныя дыягностыка і кансультаванне, здароўезберагальная дзейнасць, прафілактыка і г.д. Я вывучаю асобы навучэнцаў з мэтай індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходаў у працэсе навучання і выхавання. Задачы, якія стаяць перад псіхолагам ва ўстановах адукацыі, шматлікія. Ранняя прафілактыка ўхіленняў у развіцці, паводзінах і дзейнасці дзяцей, садзейнічанне ў пераадоленні крызісных перыядаў на ўсіх этапах навучання. Педагог-псіхолаг павінен своечасова выявіць дзяцей і падлеткаў, што апынуліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
— Ірына Уладзіміраўна, з якімі праблемамі да вас звяртаюцца школьнікі?
— На кансультацыі часцей за ўсё прыходзяць вучні сярэдніх і старэйшых класаў. Іх хвалююць пытанні ўзаемаадносінаў з братамі і сёстрамі, бацькамі, сябрамі, праблемы выбару прафесіі.
— А іх бацькі раяцца з вамі?
— Так, наведваюцца да мяне “на прыём” і яны. Іх найчасцей цікавіць, як дапамагчы дзіцяці пераадолець праблемы ў вучобе, наладзіць зносіны з аднакласнікамі, пазбавіцца сарамлівасці і страхаў, выбраць будучую прафесію. Многія жадаюць наладзіць зносіны з сынам або дачкой. І, як правіла, адной сустрэчы для гэтага недастаткова, таму прыходзяць зноў і зноў.
— У вашай практыцы былі такія выпадкі, калі засцераглі каго-небудзь ад неабдуманых учынкаў, дапамаглі знайсці выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі?
— Безумоўна. Я ніколі не адмаўляю чалавеку, які звяртаецца па дапамогу. Так, адной маці ўдалося дапамагчы наладзіць адносіны з сынам, якія ён з ёй парваў. Другой жанчыне — зняць страхі ў дачкі, трэцяй — наладзіць узаемаадносіны сына з айчымам. І гэты пералік можна працягваць. У лютым-сакавіку бягучага года нашай псіхолага-педагагічнай службай была праведзена, лічу, важная работа ў прафілактыцы ўжывання наркатычных рэчываў падлеткамі.
— На ваш погляд, якая роля псіхолага ў сучасным жыцці?
— Часцей за ўсё людзі звяртаюцца да псіхолагаў, калі трапляюць у складаныя жыццёвыя сітуацыі. Пакуль усё ў парадку, дапамога псіхолага звычайна непатрэбная: людзі самі спраўляюцца з паўсядзённымі праблемамі. Для таго, каб з’явілася патрэба ў паслугах гэтага спецыяліста, павінны быць падставы і прычыны. Аднак ад псіхолагаў часта чакаюць немагчымага. Бацькі, настаўнікі, дзяржаўныя служачыя і іншыя пачалі адрасаваць псіхолагу ўсе тыя праблемы, з якімі не спраўляюцца самастойна. Дзіця не хоча вучыцца, не засвойвае праграму. Да псіхолага яго! Няхай зробіць так, каб захацела і засвоіла. Прадпрыемства не атрымлівае прыбытак. Трэба даць псіхолагу заданне спланаваць развіццё арганізацыі, рэкламную кампанію і няхай дапаможа набраць новых супрацоўнікаў. Але псіхолаг не чараўнік, ён не ў сілах вырашыць усе праблемы, тым больш самастойна. Ён можа даць падказку, дапаможа ра-забрацца ў пэўнай сітуацыі, але патрэбна далейшая работа тых, хто да яго звяртаецца.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: педагог-псіхолаг І.У.Кудзянюк праводзіць заняткі з вучнямі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top