Вершы, народжаныя вайной

Вершы, народжаныя вайной

IMG_8838  Кожны чалавек жывы памяццю. І ніколі з яе не павінны знікнуць цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікаў тых падзей засталося зусім нямнога… Менавіта таму мерапрыемствы, сустрэчы з ветэранамі, якія ладзяцца ў навучальных установах да Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, яшчэ раз нагадваюць маладому пакаленню пра подзвігі дзядоў і прадзедаў, пра тое, як дасталося нам сённяшняе мірнае і спакойнае жыццё.
Літаратурна-музычная вечарына “Вершы, народжаныя вайной”, якая прайшла напярэдадні 9 Мая ў трэцяй гарадской школе, вярнула прысутных у далёкія саракавыя, яскрава перадала атмасферу ваеннага часу.
Мерапрыемства мела на мэце нагадаць, як кавалася Вялікая Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, абудзіць цікавасць да асобаў і творчасці паэтаў-франтавікоў Канстанціна Сіманава, Аляксандра Твардоўскага, Міхаіла Ісакоўскага, Давіда Самойлава, Сямёна Гудзэнкі і іншых, пашырыць уяўленні аб значэнні і ролі паэзіі гадоў Вялікай Айчыннай вайны ў духоўным жыцці сучаснікаў, культурнай спадчыне мінулага.
— Кіравала падрыхтоўкай вечарыны класны кіраўнік 9 “Б” Людміла Сцяпанаўна Марчанка, а дапамагалі ёй настаўнікі Вольга Фёдараўна Карпук і Людміла Яўгенаўна Валетава, — адзначыла намеснік дырэктара ў выхаваўчай рабоце СШ №3 Галіна Сцяпанаўна Бурко. — Адметна тое, што ўсе 25 вучняў 9 “Б” класа прынялі ўдзел у кампазіцыі. Задзейнічаны былі і некаторыя навучэнцы 9 “А”. Кожнаму дасталіся верш, песня, танец або харэаграфічная сцэнка.IMG_8827
Гледачы разам з вядучымі вечарыны Уладзіславам Здараўцом і Аляксандрай Кіпцэвіч перагарнулі гераічныя старонкі паэтычнага зборніка “Вершы, народжаныя вайной”. Пачуцці і думкі паэтаў-франтавікоў набылі голас. Іх натхнёныя радкі ішлі з самага сэрца, і таму яны паднімалі народ на абарону Айчыны. У выкананні дзевяцікласнікаў прагучалі “Чакай мяне” К.Сіманава, урыўкі з паэмы “Васіль Цёркін” А.Твардоўскага, іншыя творы. Калі Вікторыя Ласоўская дэкламавала верш Д.Самойлава “Саракавыя”, слёзы нагарнуліся на мае вочы ад думкі, колькі маладых загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Кранулі струны душы і песенныя кампазіцыі, што прагучалі на вечарыне. Асабіста ў мяне яшчэ доўга ў галаве круціліся радкі “А закаты алые, алые, алые… На рассвете выстрелы не слышны. Не об этом вместе с тобою мечтали мы за четыре дня до войны”. Сапраўды, марылі маладыя пра вучобу, каханне, спатканні, а вайна перакрэсліла ўсе планы. “Нас не трэба шкадаваць” — як бы ў адказ праспяваў ад імя салдат Вялікай Айчыннай Герман Смаршчок пад акампанемент Мікіты Бышэвіча. Нікога не пакінула абыякавым і выступленне Эдуарда Станіслававіча Войціка з дачкой Кацярынай. Калі яны выканалі песню “Нам патрэбна адна Перамога”, зала ўзарвалася апладысментамі.
Юнакі і дзяўчаты —
салдаты і салдаткі — кружыліся ў ваенным вальсе. Мільгалі на экране кадры фільма “Цяжкія дарогі вайны”…IMG_8825
Прамільгнуў і час кампазіцыі. Дырэктар трэцяй гарадской школы Святлана Міхайлаўна Кужко падзякавала вучням і настаўнікам за яе падрыхтоўку.
— Пераемнасць пакаленняў адчуваецца намі ўвесь час, асабліва сёлета, калі наша краіна святкуе 69-годдзе Перамогі і 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, —
адзначыла яна. — Новыя і новыя пака-ленні маладых звяртаюцца да тых памятных дзён, каб успомніць і ўшанаваць памяць герояў.
Многія з юнакоў, якія прысутнічаюць сёння ў зале, апранулі ваен-ную форму, адчулі сябе салдатамі. Кожны з вас цяпер асабліва востра адчувае сваю значнасць, бо менавіта вы, а не хто іншы, зможаце абараніць Радзіму ў хвіліны выпрабаванняў. Дык будзьце заўсёды годныя яе і верныя ёй!
Напрыканцы выступлення Святлана Міхайлаўна выказала пажаданне, каб не зарасталі сцежкі да брацкіх магілаў і помнікаў загінулым воінам і партызанам.
На вечарыне прысутнічаў старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц, які выказаў падзяку арганізатарам і ўдзельнікам свята за ўвагу да ветэранаў і напамін пра подзвіг савецкіх людзей у час ваеннага ліхалецця і пра подзвіг, які здзейсніла ў тыя гады літаратура.
Наталля ВАЛОШКА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top