Складнікі малочнага поспеху

Складнікі малочнага поспеху

_DSC9462Прадукцыйнасць малочнага статка СВК “Вазнясенскі” — больш за 20 кілаграмаў малака ад каровы. Сёння гэта адзін з лепшых паказчыкаў на Жабінкаўшчыне (сярэднераённы — 17 кг), хоць яшчэ некалькі  гадоў таму ад рагуль з Вежкаўскай, Мацясоўскай ферм ледзь па 9 кілаграмаў малака атрымлівалі. Каб у два разы падняць надоі і ў тры — прыбаўленні ў вазе жывёлы на дарошчванні і адкорме,  давялося зрабіць многае. І банальным “як карову пакорміш, так і надоіш” тут не абышлося, прыняты цэлы комплекс мер і рашэнняў, каб малочная галіна стала сапраўды прыбытковай у гаспадарцы.
_DSC9395
— “Малочны” паказчык у 20 кілаграмаў ад каровы мы займелі, зразумела, не за адзін дзень і нават не за год. Больш увагі сталі надаваць аднаўленню статка. Другі галоўны фактар — стварэнне трывалай кармавой базы. І задача сёння стаіць не проста накарміць, а збалансаваць гэты корм: узбагаціць бялком, цукрам, крухмалам, карацінам і г.д. Сталі ў кармавыя сумесі дабаўляць камбікорм, кукурузную муку, жмых — жывёла лепш іх паядае і засвойвае. Павялічылі плошчы пад бабовымі на пашы, бялок дапамог павысіць удой. Калі раней выпасаліся 3 статкі, то сёння — толькі адзін, і недзе праз месяц паставім яго  ў стойлы. Я  прыхільнік круглагадовага ўтрымання жывёлы ў памяшканнях, бо пры пераводзе на пашу, пакуль яна прызвычаіцца да новага рацыёну, губляецца малако. Аднак пакуль ад прагулак адмаўляцца не будзем, бо жывёле абавязкова неабходна атрымаць порцыю сонечнага цяпла, пахадзіць капытамі па зямлі (а не сакрэт, што ад хвароб капыт таксама недаатрым-ліваем малако). Для гэтых мэтаў ля кожнай фермы побач пашы.
Дарэчы, пра пашы і сенакосы. Перааралі ўсе, якія выкарыстоў-валіся па 10-15 гадоў. Не дапускаем, каб травы на адным полі раслі звыш 2-х гадоў, бо недаатрымліваем паўнацэннага аб’ёму кармоў з іх. Значна павялічылі плошчы пад бабовыя культуры для нарыхтоўкі сенажу, хоць стаўку робім на кукурузны сілас. Набылі ў 2012 годзе элітнае насенне кукурузы замежнай селекцыі RONALDINIO і AMBRAZINIO і засталіся задаволеныя вынікамі — атрымалі зялёнай масы з кожнага пасяўнога гектара па 700 цэнтнераў. Як вынік — паўнюткія сіласныя траншэі корму, якога хапіла на зімоўку і яшчэ на восень засталося. Сёлета таксама пасеялі 250 гектараў кукурузы насеннем замежнай селекцыі, каб забяспечыць статак кармамі. На бягучы год ставім задачу нарыхтаваць сенажу мінімум 6000 тон і сіласу — не менш як 15000. Аднак не проста нарыхтаваць — а  высокай якасці. Калі сянаж пахне хлебам, няма патрэбы праводзіць доследы — ён будзе высокай пробы.
Мяне, як кіраўніка, радуе, што памяняліся адносіны да тэхналогіі нарыхтоўкі. Калі раней траншэя закладвалася 7-8 дзён, то зараз — 3-4 дні. Матывацыя рублём: хутчэй закрыеце — больш грошай атрымаеце. Некалькі гадоў таму дапамагала нарыхтоўваць кармы звяно з сельгастэхнікі, а цяпер, дзякуючы ўласнай магутнай тэхніцы, спраўляемся сваімі сіламі .
Маем дастатковы запас зернефуражу, а мясцовы камбікормавы завод балансуе яго неабходнымі мікраэлементамі.
Створаны камфортныя ўмовы для статка на рэканструяваным комплексе “Агароднікі” і малочнатаварнай ферме “Стаўпы”. Там устаноўлены адны з найлепшых даільных установак фірмы “Вестфалія” і  “Поліэфір”. Дзве фермы спынілі сваё існаванне, дойны статак пастаўлены на комплекс — а гэта 800 галоў. Штодня атрымліваем ад іх 16 тон малака. Таварнасць, праўда, нізкаватая — 90%. Пастараемся, каб здаваць яго сортам “экстра”, і  веру, што такі час настане, па крайняй меры будзем прыкладваць усе намаганні  для вырашэння праблемы.
Радуюся, калі гляджу на 300 рамонтных цялушак, што на комплексе. Штучна асемяняем як кароў, так і цялушак. Маладняк з прыліццем крыві галшціна-фрыскай пароды прыгожы, статны, з прадукцыйнасцю не ніжэй як 6000 кілаграмаў малака ў год ад кожнай. Яны — наша надзея і будучыня.
Складнікаў у вытворчасці малака вельмі многа, але галоўны фактар — чалавек. Сёння ў нас ёсць каманда аднадумцаў, якая ўмее мяне слухаць, а я ўмею іх чуць. Не магу не адзначыць свайго намесніка Пятра Рыгоравіча Вабішчэвіча, які актыўна займаецца нарыхтоўкай кармоў, а таксама галоўнага агранома Рыгора Адамавіча Панасюка, які надае вялікую ўвагу вырошчванню кармавых культур. Пад кіраўніцтвам загадчыкаў комплекса “Агароднікі” Валянціны Сцяпанаўны Асіпук і малочнатаварнай фермы “Стаўпы” Алы Рыгораўны Галавейкі не дасягнулі б мы тых паказчыкаў, якія сёння маем. Ствараюць трывалую кармавую базу механізатары Валерый Аляксеевіч Дзямідчык, вадзіцелі Аляксей Аляксеевіч Садаўнічак, Валерый Рыгоравіч Сцегній, Сцяпан Мікалаевіч Кандрацюк, Дзмітрый Аляксандравіч Савосін, Мікалай Аляксандравіч Стоцік — гэта гонар гаспадаркі. Аднак, праблема з кадра-мі — самае “балючае” пытанне. 15 чалавек — прыезджыя, працуюць на ферме, у той час як свае чамусьці цураюцца работы. За кошт гаспадаркі кадзіравалі амаль два дзясяткі сваіх работнікаў, некаторым дапамагло. У мяне неаднойчы апускаліся рукі, калі нешта не атрымлівалася. Аналізавала і вучылася многаму ў вопытных  кіраўнікоў Барыса Уласавіча Парафенюка з СВК «Хмелева» і Аляксандра Васільевіча Семенюка з СВК «Рагазнянскі».
Па выніках мінулага года ў гаспадарцы надаілі 6380 кілаграмаў малака на  карову. У гэтым годзе “плюсуем” на 2 кілаграмы. Сёлета 7000-ы рубеж будзе ўзяты адназначна. Трэба толькі працаваць над гэтым.
Запісала  Святлана КІСЛАЯ.
На здымках: даглядчык  рамонтных цялушак  В.В.Кадлубовіч; калектыў комплексу  “Агароднікі” А.М.Мілашэўская, слесар І.П.Паўловіч, Н.У.Воранава, Г.І.Члек, загадчыца В. С.Асіпук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top