Патрабавальны да сябе і іншых

Патрабавальны да сябе і іншых

IMG_9475Сёння немагчыма ўявіць наша жыццё без інтэрнэта, тэлебачання і радыё. Але не ўсе ведаюць, што за якасцю іх трансляцыі стаіць работа супрацоўнікаў РУП “Белтэлекам”. Адзін з тых, хто займаецца пытаннем паляпшэння якасці ліній сувязі, — Дзмітрый Канстанцінавіч Дзямчук — начальнік лінейна-станцыйнага цэха Жабінкаўскага раённага вузла электрычнай сувязі Брэсцкага філіяла РУП электрасувязі “Белтэлекам”. Карэспандэнт раёнкі сустрэлася з гэтым цікавым чалавекам і пагутарыла з ім.

Вяртанне ў мінулае

Нарадзіўся я ў Жабінцы, скончыў першую гарадскую адзінаццацігодку. Паступіў у вучылішча сувязі №51 у Брэсце, затым — у радыётэхнічны інстытут у Мінску на факультэт электрасувязі. Гэта быў інтуітыўны выбар прафесіі, і інтуіцыя не падвяла. У 1994 годзе атрымаў дыплом і прыехаў у родны горад уладкоўвацца ў раённы вузел электрасувязі. Узялі на пасаду інжынера шматканальнай сувязі ў лінейна-апаратную залу. Калектыў вузла электрасувязі тады налічваў чалавек 70. Тэлефаністкі яшчэ працавалі, “Белсел” прыйшоў на рынак. Здаецца, толькі ўчора гэта было, а ў жніўні 20 год споўніцца, як я працую. Калі малады быў, сядзеў дапазна, чытаў схемы, літаратуру па спецыяльнасці. Вучыўся ў вопытных работнікаў: Васіля Сцяпанавіча Макарэвіча, Андрэя Нічыпаравіча Кавальчука, Ларысы Аляксандраўны Падбярознай, Марыны Аляксандраўны Калядзіч, Марыі Піліпаўны Ермаковіч, Барыса Васільевіча і Антаніны Андрэеўны Сярковых, у многіх іншых. У Мікалая Мікалаевіча Гацкевіча і дагэтуль вучуся і “прамудрасцям” справы, і адносінам да падначаленых, таму што сам зараз начальнік цэха.

Праз дваццаць гадоў, або Дзень сённяшні

Работа мне падабаецца: калі праца па душы, яна прыносіць задавальненне. Канечне, на начальніцкай пасадзе шмат папяровай работы, вялікая адказнасць за падначаленых, за выкананне планаў. Трэба прадумаць, спраектаваць, што прынясе выгаду, камерцыйную аддачу. “Белтэлекам” — не бюджэтная арганізацыя, мы самі на сябе працуем. З году ў год колькасць інвестыцый не павялічваецца, зараз яны ў асноўным укладваюцца ў валаконна-аптычныя лініі сувязі і ідуць у вялікія гарады. Канкурэнцыя паміж аператарамі сувязі вельмі жорсткая. Ніводзін з іх не пойдзе туды, дзе затраты вялікія, а акупнасць 15-30 гадоў. Грошы павінны хутка абарочвацца. Калі я прыйшоў у электрасувязь, тэхніка была адна, развіццё ішло павольна. У апошнія гады назіраецца гонка тэхналогій. І за імі трэба паспяваць. Напрыклад, трэба мяняць медныя правады, якія дорага каштуюць і не даюць хуткасці, на “валакно”. Але затраты на валаконна-аптычныя лініі сувязі вельмі высокія. Самая вялікая аддача будзе ў кварталах шматкватэрнай забудовы. У вялікіх гарадах опта-валаконныя лініі сувязі пракладваюцца актыўна.
У Жабінцы, думаю, пасіўная аптычная сетка хPON з’явіцца гады праз два.
На сённяшні дзень нам выгадна рабіць грашовыя ўкладанні ў сеткі перадачы дадзеных: інтэрнэт, лічбавае тэлебачанне. Усе ведаюць, што з 1 чэрвеня адключаецца аналагавае ТБ, якое транслявалася праз Ракітніцу. Зараз актыўна ўкараняем паслугу эфірна-лічбавага тэлебачання Zala.

Мясцовае радыё не знікае

Шмат пытанняў сёння наконт праваднога радыё. Улічваючы крытычны тэрмін эксплуатацыі апораў паветраных ліній праваднога вяшчання, высокія затраты, звязаныя з эксплуатацыяй і неабходнасцю мадэрнізацыі існуючай сеткі, а таксама тэндэнцыю зніжэння колькасці абанентаў, РУП “Белтэлекам” праводзіць планавую паэтапную аптымізацыю сетак праваднога вяшчання. Прапануем людзям набываць эфірныя радыёпрыёмнікі і, такім чынам, не страчваць “таварыша”, да якога многія прывыклі як да члена сям’і. Дарэчы, за мінулы год колькасць абанентаў правадной сувязі зменшылася на 1700 чалавек. Зараз іх засталося 3400. Гэта кропля ў моры, але ж мясцовае радыё будзе жыць.

Планы на будучае

У планах РУП “Белтэлекам” да 2018 года пераключыць 5 аналагавых тэлефонных станцый (Пшанаі, Пятровічы, Сакалова, Арэпічы, Хмелева) на новыя тэхналогіі NGN IMS. Будзем весці работу ў гэтым накірунку. У чэрвені трэба зрабіць праектаванне на 2015 год: вывучыць тэхнічныя ўмовы ў раёне, прадумаць, куды якія лініі сувязі пракласці. Трэба ажыццяўляць пракладку ў кварталах індывідуальнай забудовы: “растуць” Ракітніца, Здзітава, Шчэглікі. Дамы будуюцца доўга, кварталы — яшчэ даўжэй. Неабходна пралічыць і прадумаць усе хады. Напрыклад, мы ўкладзем 2 мільярды рублёў, а аддача калі будзе? Інвестыцыі не бязмежныя.

Дысцыпліна і парадак — крыніца поспеху

Неаднаразова чуў, што я строгі начальнік. Аднак, я патрабавальны і строгі ў першую чаргу да сябе, да сваёй работы. Лічу, што калі начальнік патрабавальны, то ёсць дысцыпліна. А калі яе няма, то і работы якаснай не будзе. Ад кіраўніка залежыць многае. Калі на выхадных трэба папрацаваць, выходжу без пытанняў, каб не падвесці людзей.

Напружанне дня здыме сям’я

Кажуць, хто ўмее працаваць, той умее адпачываць. Люблю праводзіць час са сваёй сям’ёй: з жонкай Святланай і дзецьмі. У мяне тры сыны: 2-гадовы Паўлік, 4-гадовы Арцемій і 6-гадовы Мацвей. З задавальненнем гуляем у парку, на веласіпедах катаемся. Дом перабудоўваць пачалі: сям’я расце — і дому трэба расці. У бацькоўскай хаце павінна быць прасторна і ўтульна, каб дзецям хацелася туды прыязджаць. Сыны яшчэ маленькія, але трэба думаць пра іх будучыню. Час хуткацечны, мы не заўважаем, як галава белай становіцца. Не паспееш азірнуцца, а ўжо наступныя 20 гадоў праляцяць як адно імгненне.
Запісала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top