Не стамляюцца дарыць цяпло

Не стамляюцца дарыць цяпло

IMG_9381 У мінулую пятніцу ў актавай зале Жабінкаўскай раённай бальніцы святочна падводзіліся вынікі Тыдня, прымеркаванага да Міжнароднага дня медыцынскай сястры, што традыцыйна святкуецца 12 мая.
У час мерапрыемства многа добрых слоў было сказана пра медыцынскіх сясцёр райбальніцы як вядучымі — фельчарам аддзялення хуткай дапамогі Таццянай Анатольеўнай Супрун і акушэркай Наталляй Міхайлаўнай Зубель, так і выступоўцамі. Узгадвалася і рук старанне, і дабрыня іх душы, і галоўнае іх прызначэнне — дапамагаць людзям змагацца з хваробамі не толькі медыцынскімі маніпуляцыямі, але і ўсмешкай, жартам, словамі падтрымкі.
Галоўны ўрач УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч у сваім выступленні адзначыў, што ў новай актавай зале райбальніцы гэта першае мерапрыемства, выказаў спадзяванне, што ў далейшым іх будзе нямала.
— Ад імя ўсіх урачоў і пацыентаў віншую нашых медыцынскіх сясцёр са святам. Работа медсясцёр патрэбная і важная, але часта недаацэньваецца і пацыентамі, і, на жаль, дзяржавай, — сказаў ён. — Ведаю, што большасць з вас выбралі гэтую прафесію свядома, па закліку сэрца, нягледзячы на невысокую матэрыяльную ацэнку працы. Выказваю вам словы ўдзячнасці — усім без выключэння. Вы заслужылі іх сваёй нястомнай працай, чулымі адносінамі да хворых, міласэрнасцю.
Старшая медсястра раённай бальніцы Наталля Мікалаеўна Спіцына паведаміла, што на Жабінкаўшчыне працуе 230 сярэдніх медыцынскіх сясцёр, каля 100 санітарак і малодшых медыцынскіх сясцёр.
— Калі медсястра — правая рука доктара, — сказала яна, —- то малодшы медыцынскі персанал — правая рука медсясцёр, першыя памочнікі ў іх рабоце. Перамога над хваробамі нашых пацыентаў дасягаецца сумеснымі намаганнямі ўсіх звенняў медперсаналу.
Пад час мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня медыцынскай сястры лепшыя з іх былі ўзнагароджаны за добрасумленную і працяглую працу, прафесійныя, чулыя і ўважлівыя адносіны да пацыентаў. Граматы з рук галоўнага ўрача атрымалі медсёстры: хірургічнага аддзялення Таццяна Уладзіміраўна Андраюк, СШ №2 Таццяна Мікалаеўна Свірыдава, тэрапеўтычнага аддзялення Ніна Міхайлаўна Гацялюк і Наталля Мікалаеўна Ткачук, акушэрска-гінекалагічнага Кацярына Сяргееўна Ісаева, прыёмнага аддзялення Юлія Сяргееўна Александровіч.
У конкурсе творчых работ (буклетаў, санбюлетэняў) прызёрамі сталі медсёстры: паліклінікі Аляксандра Сяргееўна Брышталь, рэанімацыі Аксана Аляксандраўна Мельнічэнка, дзіцячага аддзялення Алена Аляксандраўна Давідчык.
Да святочнага мерапрыемства быў аб’яўлены конкурс “Здаровае харчаванне”. Медсёстры дзевяці структурных падраздзяленняў райбальніцы прыгатавалі смачныя і арыгінальныя стравы. Напрыклад, немагчыма было прайсці міма стала, які падрыхтавала паліклініка. Вабілі вочы і казыталі нос салаты “Лясная палянка”, IMG_93544“Вітамінны букет”, “Фруктовая спакуса”, асарці “Удалы ўлоў”, рулет “Рыжы цуд”. Папка з меню была аздоблена фотаздымкамі і вышыванкамі, якія на працягу года стварала медсястра працэдурнага кабінета паліклінікі Ірына Віктараўна Касцюкова. Нікога не пакінулі раўнадушнымі і стравы медсясцёр акушэрска-гінекалагічнага аддзялення. Да прыкладу, для мам яны прапанавалі “Фігурыт”, для дзетак — “Шагавіт”. Дэгуставалі і ацэньвалі гэтую смакату галоўны ўрач А.І.Лаўрукевіч, яго намеснік у медыцынскай частцы Г.І.Бурак, старшыня прафсаюзнага камітэта раённай бальніцы В.Г.Вялько, загадчыца клініка-дыягнастычнай лабараторыі А.Ф.Малчанава і бухгалтар прафкама Л.Р.Лагвіновіч. Журы параілася і вырашыла ўзнагародзіць усіх удзельнікаў конкурсу.
— Складана выдзеліць некага аднаго, — сказаў В.Г.Вялько. — Усе вельмі пастараліся. Прыемна ўразілі нас і знешні выгляд страў, і смакавыя якасці, і прэзентацыі кожнага стала. Такім чынам, кожнае падраздзяленне атрымлівае грашовы падарунак.
Затым жабінкаўскія медыкі з душой артыстаў наладзілі святочны канцэрт: спявалі песні і прыпеўкі, чыталі вершы, паказвалі інсцэніроўкі. “Белы колер халатаў, як вядома, ёсць сімвал нашых чыстых добрых спраў”, — пераконвалі гасцей свята медсястрычкі са сцэны.
Напрыканцы ўсіх прысутных чакала дэманстрацыя моднага медыцынскага адзення “Эксклюзіўная калекцыя “Мінімалізм-2014”. Сцэнарысты свята і тут праявілі знаходлівасць і пачуццё гумару, а медсёстры паказалі сябе нядрэннымі мадэлямі.
Пасля ўбачанага і пачутага напрошвалася выснова: “Першая ва ўсім яна — медыцынская сястра!”.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: выступае медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Н.М.Ткачук; “Фруктовая фантазія” медсясцёр хірургічнага аддзялення; вынікі падводзіць В.Г.Вялько.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top