Untitled-1Музей захоўвае мінулае,
жыве будучыняй

19 мая, адразу пасля Міжнароднага дня музеяў, Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у в.Малыя Сяхновічы адсвяткаваў чарговую гадавіну існавання. Як паведаміў дырэктар установы С.В.Дзямідаў, год быў насычаны значнымі цікавымі падзеямі, найбольш маштабная з іх — удзел у беларуска-германскім праекце “Вёска, якая не павінна знікнуць”, сярод самастойных мерапрыемстваў апошняя ў часе — “Ноч музея: надвячоркам у Малых Сяхновічах”, якая праводзілася 23 мая з удзелам калектываў “Лучына” (г.Брэст) і “Хмелеўскія валацугі”.
За год у музеі пабывалі 1750 чалавек, геаграфія наведвальнікаў — уся Беларусь, большасць рэгіёнаў Расіі, турысты з Польшчы, Украіны, Прыднястроўя, Германіі, Бельгіі, Італіі. Папоўніўся і музейны фонд — на 170 адзінак, сярод іх рэчы салдата расійскай арміі сярэдзіны ХІХ стагоддзя, рэшткі посуду XVII стагоддзя з Крыўлянскага замка. У навукова-даследчай дзейнасці знакавая падзея — збор матэрыялаў для ўвекавечання памяці аб жыхарах вёскі, што загінулі вясной 1944 года, усталяванне шыльды з іх імёнамі на будынку музея.

З клопатам пра дзяцей
і іх занятасць летам

З 1 мая па 1 верасня ў нашым раёне дзейнічае міжведамасная спецыяльная праграма “Клопат”. У рамках яе аддзелам унутраных спраў Жабінкаўскага райвыканкама сумесна з зацікаўленымі органамі, установамі і грамадскімі аб’яднаннямі плануецца стварыць профільны лагер для дзяцей, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўнагадовых і ў школах. Ва ўсіх навучальных установах раёна запланавана правядзенне тыдня прававых ведаў, дзе вучням растлумачаць, як трэба сябе паводзіць у час канікулаў на дарозе, на вадзе, у грамадскіх месцах, за якія ўчынкі прыцягваюць маладых людзей да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.
Будзе вывучана прапаноўваемая занятасць непаўнагадовых у летні перыяд і абследаваны месцы масавага адпачынку дзяцей і моладзі. На час канікулаў за аздараўленчымі лагерамі замацаваны супрацоўнікі ўсіх службаў Жабінкаўскага РАУС.

Спартландыя аб’яднала

Шумна і весела было ў мінулую суботу ў спартыўнай зале ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Жабінка”. Тут праводзілася спартландыя “Мама, тата, я — дружная сям’я”, у якой удзельнічалі першакласнікі і іх бацькі. Колькі запалу было ў вачанятах хлопчыкаў і дзяўчынак, іх татаў і матуляў. Яны бегалі ў эстафетах з мячамі, скакалі ў вялізных мяхах, перацягвалі канат, кідалі мяч у баскетбольную карзіну. Прыемна было назіраць, як удзельнікі каманд горача падтрымлівалі адзін аднаго, а кожнае выйгранае ачко “зрывала” шквал апладысментаў. З вялікім адрывам па колькасці набраных балаў першае месца заваявала каманда бацькоў і дзяцей з 1 “А” (на здымку), другое — у 1 “Б”. Дырэктар школы І.М.Кашчэва ўручыла пераможцам граматы і медалі.

З’ехаліся байкеры ў “Арляня”

Штогод у маі ў нашым раёне ў аздараўленчым лагеры “Арляня” збіраюцца байкеры з розных краін на свой фестываль. Учора адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Праграмай XIV Міжнароднага байк-фестывалю “Брэст-2014” на выхадныя намечана шмат мерапрыемстваў. Сярод тых, што выклікаюць вялікую цікаўнасць у моладзі, — парад мотатэхнікі па вуліцах Брэста і рок-канцэрт.

Пажараў зменшылася

За 4 месяцы бягучага года зарэгістравана 5 пажараў, што на тры менш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Агонь знішчыў дзве пабудовы, дзве адзінкі тэхнікі, пяць тон грубых кармоў. Выратавана 4 пабудовы і адна адзінка тэхнікі. Адзін чалавек атрымаў траўмы. Матэрыяльны ўрон ад пажараў склаў больш за 330 мільёнаў рублёў. Асноўныя іх прычыны — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і электрасетак.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top