Толькі песня застаецца з чалавекам

Толькі песня застаецца з чалавекам

IMG_9253Караліна Куцішка, Аляксандра Скарына і Злата Лукашэвіч.

Музыка і песня — гэта цэлы свет, які дапамагае перажыць многія моманты ў нашым жыцці, дарыць нам безліч эмоцый, пачуццяў, падтрымлівае чалавека ў яго радасцях і нягодах, заспакойвае ў цяжкую хвіліну, натхняе ва ўсіх пачынаннях. Гэта пацвердзіў раённы конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Мы спяваем”, які адбыўся на Жабінкаўшчыне сёлета ўпершыню. Месцам яго правядзення быў абраны Дом культуры аграгарадка Ленінскі, у ім удзельнічалі 22 салісты і 33 спевакі з шасці ансамбляў рознага ўзросту — ад 6 да 18 гадоў.
Што дало пачатак мерапрыемству? У Ленінскай дзіцячай школе мастацтваў з мэтай прапаганды музыкі штогод праводзіўся Тыдзень дзіцячай музыкі і юнацтва. У адзін з яго дзён, напрыклад, вялася размова пра аркестравую музыку, у іншы разглядаліся творчыя набыткі кампазітараў, ігралі юныя музыкі, педагогі. Пры закрыцці Тыдня на сцэну выходзілі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія захапляюцца песняй і музыкай, з Ленінскай адзінаццацігодкі, мясцовага дзіцячага садзіка і тыя, хто займаецца музычнай і песеннай творчасцю ў Ленінскай дзіцячай школе мастацтваў і яе філіяле ў Ракітніцы. Сёлета вырашалі пашырыць гэтае песеннае мерапрыемства. І яно атрымала статус раённага конкурсу. На яго з’ехаліся хлопчыкі і дзяўчынкі з Жабінкаўскай школы мастацтваў, раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, эстраднай студыі “Золак”, што створана і працуе пры гарадскім Доме культуры, вядома ж, і гаспадары гэтага свята музыкі і песні.
Зала, дзе праводзіўся конкурс, была прыбрана па-святочнаму. Наогул, у Ленінскай дзіцячай школе мастацтваў пануе душэўная і сяброўская атмасфера.
Усім было прыемна назіраць за песеннымі баталіямі, вынікі якіх падводзіліся ў чатырох намінацыях: “Сольныя спевы”, “Вакальны ансамбль”, “Прыз глядацкіх сімпатый”, “Самы юны выканаўца”.
Складана журы было вызначыць найлепшага сярод салістаў, таму што іх было ажно 22 чалавекі і ў трох узроставых групах. Дыпломамі І ступені ўзнагаро-джаны Злата Лукашэвіч і Марына Базылюк з Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Руслан Залешчык — з Ленінскай; дыпломы ІІ ступені атрымалі Караліна Куцішка і Ангеліна Жываева з Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Юлія Кічкайла з раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі; дыпломы ІІІ ступені ўручаны Аляксандры Скарына з Жабінкаўскай, Настассі Прудзялюк і Святлане Флейсман з Ленінскай дзіцячых школ мастацтваў.
IMG_9251У намінацыі “Вакальны ансамбль” удзельнічала шэсць калектываў. Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны квартэт “Золак”; ІІ ступе-ні — ансамбль “Сонейка” і ІІІ ступені — ансамбль “Вясёлачка” з раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
У намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый” лепшай названа Валянціна Кайзер з філіяла “Ракітніца” Ленінскай дзіцячай школы мастацтваў. У намінацыі “Самы юны выканаўца” перамог шасцігадовы Арсеній Міхалькевіч. Яны таксама ўзнагароджаны дыпломамі. Усе спевакі атрымалі каштоўныя падарункі.
Атрымалася цудоўнае свята песні і музыкі намаганнямі педагогаў ДУА “Ленінская дзіцячая школа мастацтваў” і асабіста яе настаўніцы па класе цымбал, кіраўніка музычнага калектыву “Вянок” Марыны Анатольеўны Пракошынай. Яна пад час гутаркі адзначыла, што ўсе ўдзельнікі паказалі цудоўныя песенныя навыкі, ім вельмі спадабалася творчае саперніцтва, якое заахвочана неблагімі прызамі. А дапамаглі СВК IMG_9246“Рагазнянскі” (фінансава) і райкам ГА “БРСМ”. Апошні паклапаціўся пра падарункі ў намінацыях “Прыз глядацкіх сімпатый” і “Самы юны выканаўца”.
Завяршылася свята песні і музыкі за кубачкам чаю з салодкімі прысмакамі.
Педагогі і юныя выканаўцы, калі абменьваліся думкамі, заўважалі, як прыемна бачыць у зале бацькоў, якія суперажываюць разам з выканаўцамі, радуюцца іх поспехам; спяваюць дзеці прыгожыя, меладычныя песні, таму што яны выхоўваюцца на добрых традыцыях нацыянальнай культуры.
Алена ЧЫРКУН, метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра.
На здымках: Руслан Залешчык; квартэт «Золок»; Арсеній Міхалькевіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top