Наш город: строиться, растет, развивается

Наш город: строиться, растет, развивается

Наш горад: будуецца, развіваецца, прыгажэе
На сваёй чарговай сесіі дэпутаты абмяркоўвалі выкананне Праграмы развіцця горада Жабінка на 2006-2010 гады. Сярод яе прыярытэтных накірункаў — мадэрнізацыя прадпрыемстваў, накіраваная на павышэнне прывабнасці працы і жыццёвага ўзроўню насельніцтва, адкрыццё новых вытворчасцяў, удасканаленне інфраструктуры горада, узвядзенне жылля, стварэнне сацыяльных даброт для жыхароў.
Дакладчык — начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Л.А.Саковіч адзначыў, што па выніках работы за 2006-2009 гады выконваюцца асноўныя паказчыкі Праграмы за выключэннем вытворчасці прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў. У эканоміку раёна за гэты перыяд было інвесціравана 245,8 мільярда рублёў пры заданні 146,9 мільярда.
Сёлета за першае паўгоддзе прадпрыемствамі горада выпушчана прадукцыі на 206 мільярдаў рублёў (12,3% у агульным аб’ёме вытворчасці малых гарадоў вобласці), спажывецкіх тавараў — на 156,3 мільярда руб. (18,6%). Высокія тэмпы росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці за шэсць месяцаў 2010 года забяспечвае ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” (285% пры бягучым прагнозе на год 120%) і ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” (124,3% пры 114%, КУП у аказанні паслуг “Жабінкаўскае РКБА” (110,5% пры 110%). Вытворчасць спажывецкіх тавараў на гэтых прадпрыемствах павялічылася адпаведна на 298,4%, 110,3%, 113%.
На развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы горада за першае паўгоддзе 2010 года выкарыстана 48,1 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал (згодна з праграмай на год — 29,8 мільярда рублёў), што складае 5,3% ад агульнага аб’ёму па малых і сярэдніх гарадах вобласці. Заканчваецца рэалізацыя інвестпраекта на цукровым заводзе, за шэсць месяцаў тут асвоена 23,4 мільярда рублёў.
Аднак, як заўважыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама М.В.Токар недастаткова праводзіцца работа ў наладжванні новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў. На цукровым заводзе можна было б выкарыстоўваючы інвестыцыі, да прыкладу Белдзяржхарчпрама, арганізаваць выпуск той ці іншай прадукцыі. Апраўдала ж сябе задумка стварэння лініі жэліруючага цукру, які прыйшоўся даспадобы пакупнікам.
На камбікормавым заводзе даўно наспела патрэба ўзвядзення элеватара захоўвання збожжа, якое даводзіцца размяшчаць на іншых прадпрыемствах. А гэта дадатковыя выдаткі, якія кладуцца на сабекошт прадукцыі. Вядома, стварэнне новых вытворчасцяў — новыя рабочыя месцы, працаўладкаванне жабінкаўцаў, многія з якіх вымушаны ездзіць на працу ў Брэст.
За апошнія гады Жабінка кардынальна змяніла сваё аблічча. Хто даўно не быў у горадзе адзначае, што ён стаў сапраўдным сучасным культурным цэнтрам нашага маленькага раёна: чысты і ўтульны, у асфальт “апрануліся” галоўныя вуліцы, адноўлены фасады дамоў, выраслі новыя і пашырыліся існуючыя мікрараёны, з вясны да позняй восені патанае ў кветках…
Безумоўна, шмат удалося зрабіць яшчэ і таму, што ў 2007 годзе ў Жабінцы ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця малых гарадоў у нас быў праведзены абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”. “У 2007 годзе, — падкрэсліла начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Г.К.Саўчук, — толькі па лініі нашага ўпраўлення было асвоена 7,1 мільярда рублёў на рамонт вуліц, добраўпарадкаванне плошчы, Дома культуры. Добраўпарадкаванне горада працягваецца. Да кожнага шматкватэрнага жылога дома праектуюцца і ўладкоўваюцца пад’езды, дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, пляцоўкі адпачынку, стаянкі для асабістых аўтамабіляў, выконваецца вонкавае асвятленне”.
Што датычыцца жыллёвага будаўніцтва, адзначалася: аб‘ёмы ўводу жылля ў 2010 годзе выраслі ў два разы ў параўнанні з 2006 годам. Толькі сёлета за першае паўгоддзе здадзена яго столькі, як за ўвесь 2006 год. За перыяд з 2006 па 2009-ы пабудавана пяць шматкватэрных жылых дамоў ці 244 кватэры. Сёлета запланавана пабудаваць 4 дамы (220 кватэр). Два 60-кватэрных ужо ўведзены, да канца года будуць здадзены астатнія па 50 кватэр. Такім чынам, 464 сям’і палепшылі і палепшаць свае ўмовы.
У блізкай перспектыве новыя рысы набудзе яшчэ адзін куточак Жабінкі. У межах вуліц Кірава, Ф.Скарыны і Маладзёжная вядзецца распрацоўка новага квартала. Тут намечана будаўніцтва васьмі шматкватэрных дамоў. Асаблівая ўвага будзе надавацца інжынернаму забеспячэнню. Будуць улічаны і патрэбы жыхароў існуючага квартала індывідуальнай забудовы — намечана будаўніцтва сетак каналізацыі, цвёрдае пакрыццё вуліц.
У прыватнасці, менавіта на праблему хутчэйшага будаўніцтва каналізацыйных сетак і збудаванняў у новых гарадскіх кварталах, а таксама новых ачышчальных  збудаванняў для горада звярнуў увагу дэпутатаў і прысутных на сесіі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна У.Х.Лапус. На яго думку, нельга марудзіць і з вырашэннем другой праблемы — увядзеннем у дзеянне гарадской смеццязвалкі, бо тая, што існуе ля Сакаў, даўно вычарпала свае магчымасці. Альбо яшчэ. У мікрараёне горада побач з прадуктовым магазінам №15 грамадзяне прадаюць сваю прадукцыю з агарода, сада, малако, выкладваюць прама на зямлю. Зразумела — несанкцыянаваны гандаль. А чаму б, скажам, не ўстанавіць тут невялічкія гандлёвыя рады? Напэўна ад гэтага была б толькі выгада і таму, хто купляе, і таму, хто прадае. Дый культурна было б.
Дырэктар РКБА В.А.Юхімук падрабязна расказала як працуюць бытавікі. Штогод камбінат нарошчвае аб’ёмы рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг. Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме вытворчасці займае швейная (41,4%). На тэрыторыі вобласці Жабінкаўскі РКБА — адзіны буйны вытворца рабочага трыкатажнага адзення.
Якія захады прымаюцца для ўдасканальвання работы спажыўкааперацыі, паведаміла намеснік старшыні таварыства Н.А.Кадлубовіч. У райцэнтры іх гандлёвая сетка прадстаўлена 9 прадуктовымі магазінамі і столькі ж непрадуктовымі, працуюць рэстаран, кулінарыя, бар, кафэ “Маладзёжнае”, летнія кафэ “Ветрык” і “Сустрэча”. Як адзначалася на сесіі гораду неабходна дзіцячае кафэ. Пра гэта, дарэчы, гаворка вядзецца даўно, толькі справа з месца ніяк не зрушваецца.
Праўленне райспажыўтаварыства пастаянна працуе над расшырэннем асартыменту тавараў, устанаўленнем кантактаў з пастаўшчыкамі. Аднак у таварыстве няма гандлёвых аб’ектаў, дзе выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі і камп’ютарныя сістэмы. Недастаткова ўмаццоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў грамадскага харчавання, набываецца новае і мяняецца састарэлае абсталяванне на меней энергаёмкае, малагабарытнае і высокапрадукцыйнае.
Сярод праблем, якія хвалююць кіраўніцтва арганізацыі Ніна Аляксееўна назвала кадравую. Нават у горадзе не хапае прадаўцоў, хоць заробак іх складае ад 700 да больш мільёна рублёў.
Раённая праграма развіцця горада ў сістэме адукацыі выконваецца паспяхова паведаміў дырэктар СШ №1 М.П.Савянкоў. “ У гэтым, — сказаў Міхаіл Пятровіч, — педагогі адчуваюць падтрымку і разуменне раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў”. Напрыклад, у першай гарадской школе заменены ўсе свяцільні на энергазберагаючыя, практычна вырашаны пытанні забеспячэння сучаснай мэбляй. І, што не можа не радаваць, па словах дырэктара, дзеці сталі беражлівей адносіцца да захавання школьнай маёмасці, будынка школы.
Калі толькі пачыналі абмеркаванне пытання, старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк прапанаваў зрабіць акцэнт больш на сацыяльны накірунак. Па-сутнасці ў такім русле і вялася размова. У горадзе жыве 13 тысяч чалавек, і мясцовая ўлада клапоціцца аб іх дабрабыце, дастатку, камфортных умовах пражывання. Шмат зроблена і будзе рабіцца ў гэтым плане. А жабінкаўцы, у сваю чаргу, адчуваючы такі клопат будуць працаваць яшчэ лепш дзеля росквіту нашай маленькай радзімы.
С.ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top