Служба чакае адказная

Служба чакае адказная

IMG_8736Напярэдадні чарговай гадавіны Вялікай Перамогі ў лёсах чатырох дзясяткаў маладых жабінкаўцаў адбылася надзвычай важная падзея. 6 мая ў гарадскім Доме культуры ладзіліся ганаровыя праводзіны юнакоў у шэрагі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Зачынам мерапрыемства стала ўскладанне будучымі абаронцамі Айчыны кветак да помніка загінулым воінам у цэнтры Жабінкі. Пра непарыўную повязь пакаленняў, працяг вайсковых традыцый, цану міру і славу тых, хто змагаўся на франтах, неаднойчы гаварылася і на імпрэзе ў ГДК.
Ваенкам раённага ваеннага камісарыята падпалкоўнік Андрэй Іосіфавіч Юруць зачытаў Указ Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі аб прызыве грамадзян на тэрміновую вайсковую службу.
Затым слова было дадзена старшыні прызыўной камісіі, намесніку старшыні райвыканкама Але Сцяпанаўне Ануфрыюк. Яна павіншавала юнакоў “з новым этапам у іх жыцці”, нагадала, што зараз больш за 150 маладых жабінкаўцаў праходзяць службу, а сёння Узброеныя Сілы краіны папоўняцца новымі прызыўнікамі, якія будуць абараняць Радзіму.
Асобна Ала Сцяпанаўна падкрэсліла:
— Трэба цаніць, што нашы юнакі зараз служаць у межах роднай краіны, бацькі могуць быць спакойныя: іх сыны не трапяць у “гарачыя” кропкі, а ў нас іх няма. Прызыўнікам пажадала вярнуцца дамоў памужнелымі.
Затым А.С.Ануфрыюк і А.І.Юруць уручылі позвы і падарункі юнакам, якія будуць служыць ва ўнутраных войсках краіны. Віншаванне для іх прагучала і з вуснаў спявачкі Аксаны Пракошынай, выканаўцы песні “Два берагі”.
У гісторыі Айчыны, як і ў лёсе кожнага асобнага чалавека, часам адбываюцца падзеі, што ўплываюць на будучыню, пакідаючы назаўжды след у памяці пакаленняў. Для краіны пад белымі крыламі такой падзеяй стала Вялікая Айчынная вайна. Яна ператварылася ва ўсенародную барацьбу за права беларусаў не толькі на волю, але й на існаванне як нацыі. За гэтае святое права Беларусь заплаціла жыццямі кожнага трэцяга свайго сына і дачкі.
Пра тое згадваў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц, у якога зараз праходзіць службу ўнук.
— Ваша чарга прыйшла паслужыць Айчыне, — гаварыў Васіль Міхайлавіч. — Яшчэ да таго, як паехаць у свае вайсковыя часці, на “грамадзянцы” вы станеце сведкамі святкавання 69-й гадавіны Перамогі над фашызмам. Звяртаюся да вас ад імя пакаленняў, што кавалі Вялікую Перамогу, адраджалі разбураную Бацькаўшчыну, працавалі ў тыле, ад імя ўсіх тых, хто чакаў салдат з фронту. Вам давядзецца асвоіць найноўшую сучасную тэхніку і зброю, будзьце годнымі памяці былых абаронцаў і памятайце: лёгка служыць толькі тым, хто падпарадкоўваецца вайсковаму статуту і сваім камандзірам. Няхай дамоў прылятаюць толькі лісты падзякі за добрую службу.
Павесткі з рук В.М.Шышчыца атрымалі юнакі, што будуць праходзіць службу ў сухапутных войсках. А песенны падарунак маладым людзям — ад Валерыя Няменьшага, які выступіў з песняй-успамінам пра ліхалецце “Цяплушка” (пазней у дуэце з Ірынай Рынчук ён праспяваў таксама песню “Ты ляці, мая душа”).
Сёння назіраецца цікавасць маладых людзей да пытанняў рэлігіі. Вера для іх набывае глыбокі сэнс, бо гэта духоўная аснова чалавека. Таму ў маральным выхаванні царква зай-
мае сваё адметнае месца. У гасцях у прызыўнікоў пабываў дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма айцец Сергій Петрусевіч, які блаславіў на службу абаронцаў Радзімы.
Святар нагадаў: 6 мая адзначана ў праваслаўным календары і сэрцах вернікаў як дзень памяці святога воіна Георгія Пераможцы, а георгіеўскія стуж-кі — сімвал перамогі дабра над злом.
— У мінулай крывавай вайне наш народ біўся за праўду, — прамовіў айцец Сергій, звяртаючыся да юнакоў, — таму Бог быў на ягоным баку. Зрабіце ўсё ад вас магчымае, каб на гэтай зямлі ніколі не ўзнікла кровапраліцце. Няхай Гасподзь дасць сілы для спраў, а пасля вяртання з войска прымнажайце багацці роднай зямлі працай сваёй.
Ад благачыннага і ваенкама прызыўнікі, якім давядзецца служыць у сілах спецыяльных аперацый і ў памежных войсках, таксама атрымалі позвы і падарункі.
Па тварах маладых людзей было бачна: сённяшняя падзея іх кранула, пераканала, што служба, якая іх чакае, будзе справай высакароднай і адказнай.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: на мерапрыемстве з нагоды вясновага прызыву ва Узброеныя Сілы краіны.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top