Апошні парад наступае

Апошні парад наступае

IMG_0118
Гэтую гісторыю распавёў наш зямляк, 83-гадовы прафесар Эўгенюш Іванец. Зараз ён жыве ў Беластоку, але амаль штогод адпачывае на Жабінкаўшчыне, у санаторыі “Буг”. Ягоная гісторыя мае канкрэтныя месца і час. Больш за тое — яна не магла здарыцца ў іншым месцы і ў іншы час. Таму назавем іх: дзея адбывалася вясной 1992 года ў Рызе, куды пан прафесар быў запрошаны на міжнародную навуковую канферэнцыю.
Запрашэнне атрымаў не выпадкова, паколькі тэмай канферэнцыі была гісторыя і культура рускага стараверства, а пан Іванец па-праву лічыўся самым аўтарытэтным спецыялістам па стараверах у Польшчы. У Рыгу ён прыехаў загадзя. Да пачатку навуковых паседжанняў заставалася некалькі гадзін, і, каб не марнаваць іх дарэмна на вакзале, госць вырашыў агледзець цудоўную Рыгу. Старажытная сталіца Латвіі і для тых, хто не захапляецца гісторыяй, — горад-казка. Што ўжо казаць пра чалавека, улюбёнага ў мінуўшчыну! Нетаропка, нібыта гартаючы старонкі старадаўняга летапісу, прафесар ішоў ад дома да дома, чытаў шыльды на іх, рабіў фотаздымкі на памяць. Асабліва ўражвалі шматлікія цэрквы: пратэстанцкія, каталіцкія, праваслаўныя. Ля адной з іх ён убачыў такое, ад чаго нельга было адарваць вачэй. На ганку стаяла не менш за дваццаць пар. Усе юнакі — у марской афіцэрскай форме, прыгожыя, падцягнутыя, усмешлівыя. Ім цалкам адпавядалі іх “баявыя сяброўкі”: твары дзяўчат свяціліся шчаслівай маладосцю, усе — у чыста-белых убраннях, “мадэльныя” фігуркі, як з косці вытачаныя.
Што можна было падумаць? Вяселле? Не! Дваццаць вяселляў адразу!
З такой думкай прафесар і падышоў да іх.
— Віншую з вяселлем. Гэта так прыгожа! Ці можна вас усіх сфатаграфаваць?
Маладыя згодна заківалі галовамі, але сваім адказам агаломшылі:
— У нас не вяселле. Мы ўсе сябры. На днях скончылі Рыжскае вышэйшае ваенна-палітычнае Чырванасцяжнае вучылішча імя Маршала Савецкага Саюза С.С.Бірузова. Наш выпуск апошні. Бо няма ўжо Савецкага Саюза і вучылішча таксама зачынена, заўтра ад’язджаем кожны ў сваю краіну. Вось і прыйшлі паставіць на развітанне свечкі, каб ніколі не давялося страляць адзін у аднаго.
Пасля кароткай “фотасесіі” новаспечаныя лейтэнанты з жонкамі пераступілі парог храма, а Эўгенюш пайшоў сваёй дарогай. Міжволі ўзгадаліся словы старой рускай песні пра легендарны крэйсер “Вараг”:
Наверх вы, товарищи! Все по местам!
Последний парад наступает…
Хоць Беларусь і далёка ад мора, але ўзгадавала 74 адміралы, віцэ-адміралы і контр-адміралы. (Аднаго з іх, нараджэнца вёскі Бастынь Лунінецкага раёна, расійскага контр-адмірала Мікалая Паўлавіча Качановіча ведаю, бо і сам некалі прыйшоў у свет у той вёсцы). Каля мільёна беларусаў з 1945 года і па сённяшні дзень неслі флотскую вахту, больш за 150 тысяч ваенных маракоў і зараз на ўліку ў ваенкаматах Беларусі.
Для тых, хто цікавіцца вайсковай гісторыяй, рэкамендую змястоўную кнігу Барыса Далгатовіча “Адміралы зямлі беларускай”, якая нядаўна выйшла з друку ў Мінску і ўтрымлівае шмат цікавых фактаў пра беларускіх адміралаў.
На здымку: у руках прафесара Э.Іванца выпуск  беластоцкага альманаха
“Беларускія зэшыты хістарычныя”, на вокладцы — даваенны партрэт маленькага Жэніка на веласіпедзе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top