Край, поўны нягодаў

Край, поўны нягодаў

IMG_1951
Каля 150 гадоў таму паўз нашы землі праязджаў палкоўнік Павел Баброўскі. Паводле вышэйшага загаду вайсковец займаўся апісаннем Гродзенскай губерні, таму жыва цікавіўся ўсялякімі акалічнасцямі тутэйшага жыцця. Пазней матэрыялы ягоных вандровак былі выдадзены ў двухтомнай манаграфіі. Якім даследчык убачыў наш край у 1860-ыя гады?
Зусім не гасцінна сустрэлі жабінкаўскія землі падарожніка. Перад вачамі паўставала невясёлае жыццё напярэдадні адмены прыгону: “Прыходзіць пахмурная восень са сваімі бурамі, што выкарчоўваюць з каранямі высакаствольныя сосны, — восень з рэзкімі пераходамі ад цеплыні да холаду, гэты змрочны лістапад з ветрам, які глуха і пранізліва свісціць у вокнах. Зноў развіваюцца ліхаманкі, новыя эпідэміі, новая чарга хвароб. І гэтак праходзіць тут год, за ім наступны дый ўсё жыццё чалавечае, што складаецца з адных пакутаў і страт. Яно паўсюль пачынаецца плачам немаўляці і заканчваецца глухімі стогнамі старога, які памірае ў смяротных муках”.
У той час смяротнасць сапраўды значна пераўзы-ходзіла ўзровень нарад-жальнасці, прычым больш за палову памерлых складалі зусім не сівыя дзяды, як вобразна пісаў Ба-броўскі, а малыя дзеці.
Вясной 1853 года ў асяродку здзітаўскіх сялян распаўсюдзіліся эпідэміі “халеры і тыфознай гарачкі, ад чаго адбылася вялікая смяротнасць”. У Малых Сяхновічах быў пастаўлены невясёлы “рэкорд”: тузін гадоў без перадышкі землі мелі недарод, за ім крочыў голад, а затым наваліліся эпідэміі, збіраючы свой страшны “ўраджай”. У суседніх Сяхновічах Вялікіх карціна склалася не менш катастрафічная: за пяць гадоў эканамічныя страты склалі 10 тысяч рублёў серабром (астранамічная для тых часоў сума).
Не паспявалі адпяваць памерлых і ў Старым Сяле, дзе “зніклі дваццаць сялянскіх двароў”. А ў Філіпавічах, што складаліся ўсяго з трох падворкаў, тыф ды халера прыбралі “дзевяць мужчынскага і восем жаночага полу душ, у выніку адбыўся недахоп рабочых у фальваркавай і сялянскай гаспадарках”.
Яшчэ адна крыніца бяды раптоўна прыйшла з вялікай шашы, што працягнулася ў 1840-ых
гадах ад Варшавы да Масквы. У Рагозне ўрад загадаў арганізаваць этапны пункт. У паселішчы пачалі спыняцца арыштанскія каманды, якія канваіравалі царскіх вязняў з Брест-Літоўскай вязніцы “ўглыб расійскіх губерняў”. Зняволеных сялілі па сялянскі хатах у Шчэгліках, Дзяглях, Замошанах. Цяжкахворыя арыштанты і расійскія салдаты, пакінутыя ў вёсках, прыносілі гарачку і каросту.
Скаргу пра гэта губернскаму кіраўніцтву склаў уладар маёнтка Пятровічы Іван Дзяконскі. У сваім лісце ён даказваў, што эпідэмію прыняслі пастаяльцы, за імі захварэлі да сотні тутэйшых. У выніку насельніцтва маёнтка скарацілася на дваццаць чалавек.
Некаторыя ўласнікі пачалі сур’ёзна задумвацца над станам сваіх прыгонных, разумеючы, што ад іх здароўя залежыць і дабрабыт гаспадароў.
Як засведчыў госцю святар Рагазнянскай царквы, княгіня Яўгенія Бельская, жонка ацячызненскага памешчыка, у красавіку 1852 года “прыязджала ў Рагозна да сваіх хворых сялян і выходжвала іх”.
Яшчэ далей пайшоў гаспадар Непакойчыцаў і Сцяброва адстаўны палкоўнік Іван Райскі. Вясной 1843 года ён загадаў пабудаваць у лесе, што рос вакол маёнтка, бальніцу для сялян. Прытулак для хворых узнік ужо пасля смерці палкоўніка паблізу Мухаўца. Ён быў чыстым, утульным і цёплым. Клопат і нагляд за хворымі лёг на плечы ўдавы палкоўніка Алены Райскай, вядомай сваімі чулымі адносінамі да людзей і клопатам пра нямоглых, якія пакутуюць ад розных хвароб. Па яе загаду сялян дастаўлялі ў лячэбніцу, дзе тым забяспечвалі “ўтрыманне простае, бялізну чыстую, ежу здаровую, усялякія лекі ды выгоды”.
Свой расповед Павел Баброўскі падсумаваў словамі: “Гэта край, поўны нягодаў”. Аднак у той самы час незалежна ад яго нашы землі наведаў і вядомы пісьменнік Юзаф Ігнацій Крашэўскі, той не быў настолькі катэгарычным. Свае сведчанні ён даверыў не гускаваму пяру, а алоўку, бо сярод шматлікіх захапленняў творчай натуры Крашэўскага было маляванне. Дасюль захаваўся гэты малюнак, створаны “ў вёсцы Кобрынскага павета” (згадаем, у тыя часы большая частка Жабінкаўшчыны была ў межах Кобрыншчыны). На малюнку мастак адлюстраваў жытло і жыццё нашых продкаў паўтара стагоддзя таму.
На здымку: такім занатаваў для нашчадкаў выгляд
сялянскай сядзібы ў нашым краі пісьменнік, музыкант і мастак Ю.І.Крашэўскі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*