“Лепшая шматдзетная сям’я”

“Лепшая шматдзетная сям’я”

IMG_9274
Неаднойчы даводзілася чуць, што без сям’і няма будучыні на зямлі. У гэтым пераконваешся, калі глядзіш на сем’і, дзе ў сынах — “зярняты бацькоўскай сілы”, а ў дочках-прыгажунях — адлюстраванне жаноцкай чароўнасці, шчырасці, міласэрнасці. Пацвярджэнне таму — раённы агляд-конкурс “Лепшая шматдзетная сям’я”, які адбыўся ў мінулы чацвер у гарадскім Доме культуры. Паводле традыцыі ён праводзіўся на Жабінкаўшчыне трэці раз запар.
Што сем’і-ўдзельніцы актыўна і творча рыхтаваліся, сведчыла выстава кожнай, дзе былі вырабы, створаныя руплівымі рукамі дарослых і дзяцей. Знайшлося пэўнае месца для птушак, звяркоў з паперы, вышыванак, малюнкаў, пано, выпаленых з дрэва, і, вядома, кулінарнай смакаты, паспытаць якую лірычнаю песенькаю ўласнага напісання запрасіла сям’я Зубеляў.
З гэтага і пачалося мерапрыемства-саперніцтва, у якім удзельнічала пяць сем’яў — Неваднічыкаў і Друшчыцаў са Старога Сяла, Ульчыкаў і Зубеляў з Жабінкі, Сахарчукоў са Стрыганца.
Канкурсантаў і гасцей, якія сабраліся, вітала намеснік старшыні райвыканкама Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк. Яна адзначыла, што прырода стварыла людзей такімі, якія яны ёсць, даравала ім вялікае заспакаенне ад многіх непрыемнасцяў, таму што надзяліла сям’ёй і роднымі; бацькоўскі дом сустракае цеплынёй кожнага, чакае заўсёды з любоўю, адпраўляе ў далёкую дарогу з дабром. Нагадала, што напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ААН невыпадкова зацвердзіла Міжнародны дзень сям’і, тым самым пацвердзіла, што гэта ёсць галоўная ячэйка грамадства, дзе вучацца разумець, любіць адзін другога, быць памяркоўнымі і вытрыманымі, а таксама ўзгадала, што ў аглядзе-конкурсе, вядома, назавуць найлепшую шматдзетную сям’ю Жабінкаўшчыны, але пераможаных не будзе.
У кожнай сям’і ёсць фотаздымкі, якія надоўга пакідаюць памяць пра дарагіх людзей, аб незабыўных па-дзеях, а цяпер яшчэ й аўдыё- і відэафільмы. Першы конкурс так і называўся “Радавод”, дзе кожная сям’я пазнаёміла гасцей і журы з продкамі: пачынальнікамі і прадаўжальнікамі роду. Неваднічыкі і Друшчыцы падрыхтавалі радаслоўнае дрэва, з дапамогай якога ўсе заглянулі ў гісторыі гэтых сем’яў. Напрыклад, многія з продкаў Аляксандра Аляксандравіча і Ірыны Вячаславаўны Друшчыцаў удзельнічалі ў барацьбе з фашыстамі: Мікалай Федарук быў снайперам, вайна для яго закончылася ў 1944 годзе, таму што быў паранены, камісавалі паінваліднасці; Кліменцій Федарук і Емяльян Зозан мужна білі ворага і вярнуліся з вайны цэлымі і здаровымі; Міхаіла Каржука фашысцкая куля дагнала ў адным з баёў, і ён знайшоў спачын у чужой зямлі.
Са старэйшын роду Неваднічыкаў засталася ў жывых Вольга Пятроўна, якая прыйшла на гэты свет у пераможным 1945 годзе. Працоўную дзейнасць пачынала на Кобрыншчыне памочнікам машыніста на цагельным заводзе, пазней была пекарам на Дывінскім хлебазаводзе…
Цікавыя звесткі распавяла пра свой род з дапамогай здымкаў і Наталля Міхайлаўна Зубель. У яе бабулі Веры Іванаўны Баярчук, напрыклад, было шасцёра дзяцей, дзве двойні падрад з прамежкам у пяць гадоў. Дык вось яе тата Міхаіл Аляксеевіч з адной з іх, сямейную традыцыю ў 2009 годзе паўтарыла Наталля, калі нарадзіла Усевалада і Віялету. Яшчэ яна ўспомніла, што яе бабуля была руплівіца, абшывала не толькі сваю сям’ю, але й усю ваколіцу.
З матулінага роду яна ўзгадала сваіх бабулю Марыю Мікалаеўну і дзядулю Ілью Мікітавіча Разумавых. Апошні перажыў ленінградскую блакаду, у якую пахудзеў на 46 кілаграмаў, не мог сам ісці, яго вынесла медыцынская сястра Вольга, у памяць пра яе назваў старэйшую дачку. На гэтым яго пакуты не закончыліся, дзесяць гадоў правёў у сталінскіх лагерах, толькі ў 1988 годзе быў рэабілітаваны. Наталля Міхайлаўна абрала прафесію бабулі Марыі — стала акушэркаю.
Пакуль журы ацэньвала конкурсы “Радавод”, два дамашнія “Умелыя ручкі” і “Сямейны пірог” і заносіла адзнакі ў табліцу, свой музычны падарунак канкурсантам і гасцям дарыла Аксана Пракошына.
Аб’яўляецца наступны тур конкурсу “Мая краіна —
мая сям’я”, які з’яўляецца прэзентацыяй актыўнай жыццёвай пазіцыі кожнага, захапленняў, поспехаў і дасягненняў. Са сцэны гучаць вершы і песні ў выкананні матуляў і татаў, іх сыноў і дачок, на экране слайды з сямейных архіваў, якія расказваюць пра розныя традыцыі, што перадаліся сённяшнім сем’ям у спадчыну ад продкаў: нехта, напрыклад, адзін раз у месяц сумесна лепіць пяльмені, іншыя выязджаюць на пікнік, дзе смажаць шашлыкі… Традыцый столькі, колькі людзей. Час расказаць пра кожную сям’ю-канкурсантку.
Так, самая маладая з іх — Наталлі і Уладзіміра Зубеляў (12 гадоў разам), гадуюць траіх дзетак: Валерыю, Усевалада і Віялету. Малодшыя двайняты наведваюць яслі-сад, актыўныя ў танцах і спевах.
Валерыя, сямікласніца СШ №3 г.Жабінка, закончыла навучанне маляванню ў Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў і два класы баяна экстэрнам, летась атрымала Пісьмо падзякі за ўдзел у конкурсе выяўленчага мастацтва, што праводзіўся Брэсцкай епархіяй. Яшчэ адну ўзнагароду атрымала сям’я летась у конкурсе “Разам дарослыя і дзеці”, што праводзіўся ва УАЗ “Жабінкаўская раённая бальніца”. Тата і мама працуюць, дабудоўваюць свой уласны дом.
Старэйшае пакаленне сям’і Сахарчукоў працуе ў ААТ “Ракітніца”, дочкі Валянціна і Хрысціна школьніцы, а Максім наведвае мясцовы дзіцячы сад. Ёсць у іх традыцыя — усім збірацца на святы за сталом, на якім духмяныя маміны пірагі, адпачываць таксама разам. У сям’і пануе дух творчасці: мама Галіна Віктараўна захапляецца кветкамі, вяжа розныя вырабы, Валя перавагу аддае бісерапляценню, маляванню, танцуе. Меншая з дочак Хрысціна — вучаніца Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, сын пакуль складвае пазлы.
У Ірыны і Аляксандра Друшчыцаў, якія ў 2012 годзе перамаглі ў раённым конкурсе “Уладар сяла”, сямейны стаж якіх 15 гадоў, дзве дачкі і сын. Старэйшыя Наталля і Дзмітрый вучацца ў Старасельскай базавай школе, Ксеніі трэці год. Штовечар сям’я збіраецца за сталом і дзеліцца ўражаннямі ад пражытага дня. Гаспадар адмысловы будаўнік, яго жонка захапляецца бісерапляценнем, развядзеннем кветак, любіць выпякаць пірагі.
Шмат чым захапляюцца дарослыя і дзеці сям’і Ульчыкаў. Алена Раманаўна любіць вязаць пруткамі і кручком, з бісеру пляце сапраўдную прыгажосць, муж Іван Яўгенавіч з дрэва выпальвае цуды. У Антона на першым плане спорт, а ў Дзімы маляванне, прыродны дар ён удасканальвае ў раённай школе мастацтваў.
Самая багатая на дзяцей з канкурсантак сям’я Неваднічыкаў. Пётр Апанасавіч і Алена Мікалаеўна працуюць у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, выхоўваюць сямёра дзяцей, двое з якіх ужо зусім дарослыя, меншыя — Наташа ліцэістка, Таццяна, Мікалай, Дзмітрый і Ніна вучацца ў Старасельскай базавай школе, але захапляюцца яны розным: нехта піша вершы, іншыя пастаянна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах юных інспектараў дарожнага руху, наведвацюь гурток “Умелыя ручкі”, на другі дзень Калядаў выязджаюць дружна на прыроду. Тата любіць пасядзець з вудай ля вады, займаецца спортам.
Пра гэта яны расказалі ў літаратурна-тэатралізаваным відовішчы і, дарэчы, па-майстэрску, цёпла і шчыра, чым выклікалі замілаванне ў публікі, даказалі, што сям’я — вялікае кола людзей, якія могуць падтрымаць адзін аднаго і зразумець. Мама і тата для кожнага з дзяцей сапраўдныя сябры, у іх сілах дапамагчы свайму нашчадку вырасці добрым, разумным, актыўным, моцным, смелым, творчым. Выпрабаванні закончыліся. Пакуль журы падводзіла вынікі, вызначала намінацыі, усе захапіліся песнямі і танцамі ў выкананні самадзейных артыстаў гарадскога Дома культуры.
Надыходзіць самы хвалюючы момант, на сцэну выходзіць старшыня журы Галіна Пятроўна Аксюцік і аб’яўляе вынікі раённага агляду-конкурсу. Арыгінальнай названа сям’я Зубеляў, вернай сямейным традыцыям — Ульчыкаў, творчай — Друшчыцаў, дружнай — Сахарчукоў. Пераможцай агляду-конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я” названа сям’я Неваднічыкаў. Усім удзельнікам мерапрыемства ўручаны дыпломы і падарункі.
Свята ўдалося дзякуючы спонсарам — жыллёва-камунальнай гаспадарцы, раённай бальніцы, раённаму аддзяленню Беларускага фонду міру і райкаму прафсаюза работнікаў АПК.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top