Каб не патухлі “зоркі” на Зямлі

Каб не патухлі “зоркі” на Зямлі

IMG_8731
Кожны чалавек мае талент, які можа ператварыць яго ў “зорку”. Але ёсць зло на зямлі, здольнае загасіць святло, якое выпраменьвае чалавек, пахаваць яго надзеі і мары, прынесці гора родным і блізкім. Імя ў той бяды — наркотыкі. Пра гэта нагадала мерапрыемства, што праводзілася ў Хмелеўскім сельскім Доме культуры.
…Цікаўная дзяўчынка, шчаслівая сям’я, сонца з усмешкай — малюнкі на асфальце, пакінутыя дзецьмі. Глядзіш на іх і верыць не хочацца, што можа быць усё інакш у жыцці, калі яно напоўнена і перакрэслена бядой.
У клубе — фотавыстава “Зоркі, забітыя злом”. 12 сусветнавядомых талентаў, чыё жыццё і творчасць скалечылі наркотыкі. Сярод імёнаў — Уітні Хьюстан і Уладзімір Высоцкі, Курт Кабейн і Майкл Джэксан, Мерылін Манро і Элвіс Прэслі… “Зоркі” планетарнага маштабу, узлёт якіх абарваўся так трагічна. Ля партрэтаў і скупых біяграфій — запаленыя лампадкі, букет жоўтых кветак, а між імі, быццам чырвоныя кроплі крыві, цюльпаны. Побач шырокі ліст з заклікам “Мы супраць наркотыкаў”, на якім прысутныя пакідаюць свае подпісы (на здымку).
Размова сур’ёзная, дарослая, хоць у зале ў асноўным дзеці — ім ведаць і разумець гэта абавязкова. Словы з часам набываюць новыя значэнні. Яшчэ нядаўна англійскае слова “спайс” значыла толькі “спецыі, прыправы”. Новы час — новы сэнс. Зараз спайсамі называюць наркотыкі, створаныя ў хімічных лабараторыях, здольныя ў чалавеку забіць усё чалавечае. Як у таго юнака ў мінскім метро, якому ў страшным наркатычным сне падалося — ён птушка, здольная лятаць… Ці іншага, што брэша як сабака… У цішыні залы — прагляд відэафільма “Паляванне на розум”, створанага, на жаль, на айчынным матэрыяле.
Ці ёсць усё ж альтэрнатыва, каб птушкі заставаліся птушкамі, а людзі людзьмі? “Ёсць!” — адказваюць сваім мерапрыемствам арганізатары. Чалавек — істота, здольная знайсці выхад нават з самай цяжкай сітуацыі, а ў дапамогу яму — разважлівасць, жаданне ствараць. Як гэта робяць штодня запрошаныя на сустрэчу артысты. Песні ў выкананні Ірыны Рынчук, ігра на скрыпцы Вячаслава Фядотава мелі шчымлівыя ноты, але пераконвалі: трэба шукаць сябе на жыццёвым шляху, дзе не павінна заставацца месца для наркатычнага дурману, “каб дабрыня не знікла ў душы, каб розум не заснуў і ў гэтым д’ябальскім сне не знікнуў назаўжды”. Нікога не пакінуў абыякавым і верш “Сумленне”, напісаны і выкананы В.Фядотавым, што адклаў убок скрыпку, каб узняць свой паэтычны голас “за” жыццё, “супраць” абману.
Маладым нецікава бывае? Хочацца нечага “дарослага”, ад чаго закіпае кроў у жылах? Малюйце, працуйце, танцуйце. Як гэта робяць выканаўцы брэйк-данса Сяргей Дзямідаў і Ілья Мельчарак.
— Паводле дадзеных ААН, — нагадалі вядучыя Алег Цяліпка і Вольга Іванюк, — наркотыкі лічацца адной з самых небяспечных пагроз ХХІ стагоддзя. Гэты “джын”, выпушчаны з бутэлькі, забірае ахвяры, у тым ліку і ў Беларусі.
Вынік падвяла мастацкі кіраўнік Хмелеўскага СДК Наталля Дырман, якая звярнулася да маладых:
— Часам жыццё падкідвае спакусы, але, як толькі захочацца вам нейкага “зелля”, — згадайце на адну хвіліну вочы сваёй матулі, памятайце пра бацькоў, што перажываюць за вас увесь час. — І выканала песню пра маці.
— Удзельнікаў малюнкаў на асфальце мы вырашылі “пакараць”, як бываюць пакараныя ўсялякія добрыя справы, — жартаўліва дадала кіраўнік установы Таццяна Грыцук і ўручыла ўсім мастакам-аматарам салодкія падарункі. — Паспрабуйце смакату, а не ўсялякую дурнату!
…Малюнкі знікнуць разам з першым моцным ліўнем, а памяць пра сустрэчу, дарослую размову застанецца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі надоўга.
Анатоль РОСТАЎ.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top