Untitled-13Выстава-кірмаш
завод прадставіла наш

Нядаўна ў горадзе над Бугам прайшла Міжнародная выстава-кірмаш “Брэст. Садружнасць-2014”. Удзельнікі і наведвальнікі яе маглі пазнаёміцца і з прадукцыяй ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, якое пастаянна ўдзельнічае ў такіх форумах, што праводзяцца не толькі ў Беларусі, але й за яе межамі. За актыўны ўдзел у выставе жабінкаўскія вытворцы камбікармоў адзначаны дыпломам.
Што завадчане мэтанакіравана займаюцца збытам сваёй прадукцыі, сведчыць і пашырэнне межаў уласнай гандлёвай сеткі. Так, у красавіку бягучага года ў Жыткавічах Гомельскай вобласці адчыніў дзверы для пакупнікоў чарговы магазін “Камбікармы” прадпрыемства. У ім спажыўцы могуць набыць неабходны корм для хатніх гадаванцаў, тут у наяўнасці поўны асартымент выпускаемай прадукцыі.

Фестываль прынёс узнагароды

У Брэсцкім цэнтры моладзевай творчасці адбыўся  абласны фестываль школьных тэатральных калектываў, якія на суд журы прапанавалі пастаноўкі на замежных мовах. Мюзікл “Мэры Попінс” вучнёўскага тэатральнага калектыву СШ №3 г. Жабінка быў адзначаны Дыпломам ІІ ступені ў першай узроставай групе, дзе ўдзельнічалі вучні 1-7 класаў. Дыплом ІІІ ступені заваяваў тэатральны калектыў гарадскога ліцэя, які выступіў у другой узроставай групе (8-11 класы) з пастаноўкай “Танцуючыя прынцэсы”. Навучэнцаў рыхтавалі да фестывалю настаўнікі замежных моваў трэцяй гарадской школы Вольга Фёдараўна Карпук, Вольга Леанідаўна Дзенісюк і Юлія Валер’еўна Кавальчук, у ліцэі — Алена Мікалаеўна Дамасевіч.

Падарункі лепшым стралкам

У рамках рэспубліканскай акцыі “Нашчадкі Вялікай Перамогі” сярод навучэнцаў школ Брэстчыны праве-дзены спаборніцтвы па стральбе з аўтамата АК-74. Арганізатарам іх быў вучэбны цэнтр ДТСААФ г.Брэста. Днямі яго дырэктар Юрый Козік завітаў у СШ №3 г.Жабінка і ўручыў узнагароды пераможцам. Дыплом І ступені і акустычную сістэму для камп’ютара атрымаў навучэнец першай гарадской адзінаццацігодкі Міхаіл Плытнік. Дзесяцікласнікі СШ №3 Уладзіслаў Лучко і Генадзь Кудзін былі ўзнагароджаны Дыпломамі ІІ і ІІІ ступені адпаведна і атрымалі радыё-тэлефон і навушнікі. Юрый Аляксандравіч адзначыў, што жабінкаўскія юнакі сёлета паказалі вынікі ў кулявой стральбе лепшыя, чым іх берасцейскія сапернікі, і пажадаў выкарыстоўваць атрыманыя навыкі толькі ў мірных мэтах.

Дзіця — галоўны пасажыр

З мэтай бяспекі дарожнага руху з удзелам дзяцей-пасажыраў на Жабінкаўшчыне з 12 па 21 мая праводзіцца акцыя па прафілактыцы ДТЗ “Дзіця — галоўны пасажыр!”. Выклікана гэта тым, што ў маі-чэрвені павялічваецца колькасць здарэнняў з удзелам хлопчыкаў і дзяўчынак. Незахаванне элементарных мер бяспекі пры перавозцы іх да месцаў адпачынку і аздараўлення прыводзіць да цяжкіх вынікаў. Як паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС Раман Крупко, сёлета на Брэстчыне з удзелам непаўналетніх зарэгістравана ўжо 18 ДТЗ, у выніку якіх двое дзяцей загінулі і 16 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. У двух здарэннях траўміраваліся двое дзяцей-пасажыраў.
На тэрыторыі Жабінкаўскага раёна адбылося адно ДТЗ з удзелам дзяцей. У выніку яго хлопчык атрымаў цялесныя пашкоджанні.

Жабінкаўскія баксёры — прызёры

У VI адкрытым рэспубліканскім турніры ў боксе ўдзельнічалі 7 каманд Беларусі (у тым ліку Жабінкаўскай СДЮШАР), а таксама Літвы (Панявежыс) і Украіны (Чарнігаў). Два выхаванцы нашай школы сталі прызёрамі. Стас Кулінка заняў трэцяе месца ў вагавай катэгорыі 76 кг. Сямён Маяцкі ў вазе 72 кг выйшаў на першую прыступку. Ён правёў два пераможныя паядынкі. У першым накаўце перамог баксёра з Мазыра, а ў фінале — спартсмена з Мінска. Сямён узнагароджаны граматай, медалём і кубкам.
— Гэтыя спаборніцтвы з’явіліся праглядам нашых баксёраў у названых катэгорыях перад рэспубліканскай спартакіядай юнакоў 2000-2001 гадоў нараджэння, — сказаў трэнер Васіль Барболін.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top