“Няма ўжо тых, хто дарагія сэрцу”

“Няма ўжо тых, хто дарагія сэрцу”

IMG_8894Напярэдадні Дня Перамогі ў Малых Сяхновічах на будынку Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея з’явіўся новы памятны знак — шыльда з імёнамі землякоў, знішчаных карнікамі трагічным веснавым днём 1944 года.

А памяць чакала, надзея жыла

ІХ ІМЁНЫ ніколі не знікалі з успамінаў сяхноўцаў. Аднак шлях да ўшанавання выдаўся вельмі няпростым, надзвычай доўгім: мінула 70 гадоў пасля той трагедыі, што забрала жыцці дзесяці аднавяскоўцаў.
Наймалодшай Ніне Амельянюк было толькі дванаццаць, найстарэйшай Ганне Пятроўне Шумік ішоў семдзесят другі год. У жалобным спісе — сяхновіцкія прозвішчы: Гіні — Васіль Паўлавіч, яго 14-гадовая дачка Надзейка, стары Сцяпан Іванавіч; Апанас Паўлавіч і Марыя Максімаўна Амельянюкі; Сямён Яўграфавіч Мацвяюк; саракагадовы Сяргей Сідаравіч Юрчук.
Іх лёсы былі аднолькава трагічныя, жыцці абарваліся заўчасна — ад аўтаматных стрэлаў і ў агні.
Пасля вызвалення вёскі, якое адбылося ў ліпені сорак чацвёртага літаральна праз чатыры месяцы пасля забойства, у самым цэнтры мірнай палескай вёсачкі — на месцы, дзе знішчалі людзей, быў уладкаваны драўляны крыж. Як арганізоўвалі калгасы, прыйшоў загад: па сёлах не павінны стаяць царкоўныя знакі! Памятка пра забітых сяхноўцаў была знішчана. Толькі гэта не магло вынішчыць чалавечую памяць пра родных, жаданне захаваць іх імёны для нашчадкаў.
Жыхары Малых Сяхновічаў звярнуліся да раённых уладаў з просьбай паставіць хоць нейкі знак у гонар тых, хто загінуў ад крывавых рук фашыстаў. Але ў той просьбе было адмоўлена, маўляў, спачатку ўступайце ў калгас — патрэбна аднаўляць разбураную гаспадарку, а памяць?.. Яна пачакае!
Зноў і зноў на працягу многіх гадоў неабыякавыя людзі вярталіся да гэтага пытання. У 1960-ыя яго ўзнімаў слынны краязнавец, настаўнік Сяхновіцкай школы Павел Васільевіч Філіпук, затым бацькаў запавет “не пакідаць надзею на справядлівасць” падхапіла ягоная дачка Алена Цыбуля. У 1986 годзе пра сяхновіцкую трагедыю пісаў у раёнцы паэт і журналіст Васіль Сахарчук, афіцыйна звярталася да раённых уладаў пра ўшанаванне месца той кары дэпутат Алена Мелікава.
Хоць боль ад стратаў з часам прытупляўся, усё далей адыходзілі ў гісторыю страшныя малюнкі вайны, нараджаліся, сталелі, а затым і сівелі пасляваенныя пакаленні, аднак надзея заставалася: прыйдзе дзень, калі згадаюць падзеі ваеннай даўніны, пайменна будуць увекавечаны яе нявінныя ахвяры.

Бомба і судзілішча

ПРА ТЫЯ ДНІ, што сталі апошнімі для сяхноўцаў, маўчаць архівы. Аднак захаваліся яны ў людской памяці. Шмат гадоў звесткі пра трагедыю роднага сяла нястомна шукала Алена Паўлаўна Цыбуля. Да сваіх дзіцячых успамінаў жанчына дадавала пакрысе сведчанні аднавяскоўцаў, занатоўвала словы старэйшых. Тыя расказвалі, не таіліся, бо верылі, што ўсё не дарэмна.
… Ішла вясна 1944 года. Людзі выйшлі апрацоўваць надзелы.
Мікіта Мацвяюк узорваў сваю палоску на ўзлеску ва ўрочышчы Грані. Раптам плуг зачапіўся за нешта. У зямлі схавалася неразарваная бомба. Вечарам Мікіта распавёў пра знаходку суседзям. Даведаліся пра тое і партызаны, якія загадалі сялянам перадаць ім снарад. Але ж надвячоркам за гэтай працай сяхноўцаў заўважылі немцы і паліцаі. Першымі загінулі Сяргей Юрчук і Сямён Мацвяюк, якіх катавалі, каб даведацца пра небяспечную знаходку.
У вёсцы пасяліліся трывога і жах: у памяці яшчэ свежымі былі ўспаміны пра лютае знішчэнне Драмлёва. Прыхапіўшы дзяцей і пажыткі, сяхноўцы рушылі ў суседнія вёскі — да сваякоў і знаёмых. Аднак мінулі два дні. Усё заставалася без зменаў, і вяскоўцы пачалі вяртацца. Нечакана ў Малыя Сяхновічы ўварваўся карны атрад, гітлераўцы са сваімі памагатымі акружылі вёску, сагналі лю-
дзей на падворак Паўла Салея, дзе распачалі судзілішча. У спіс трапілі і бязвінныя, што не мелі ніякага дачынення да пошукаў снарада. Адных карнікі забілі чэргамі з аўтаматаў, целы расстраляных Амельянюкоў згарэлі ў агні.
Валянціна Валасюк, пляменніца Апанаса Амельянюка, згадвала пазней пра той дзень і яго наступствы: “Мы былі ў Вялікіх Сяхновічах і раней за іншых пачулі пра тое, што адбылося. Калі немцы пайшлі, пабеглі ў сваю вёску. Наш дом і хата дзядзькі Апанаса ўжо дагаралі, стаяў невыносны пах гарэлага мяса. Было жудасна. Я бегла ў канец сяла, каля сядзібы Салея ляжалі акрываўленыя целы: збоку Васіль Гінь у кажуху, побач — ягоная дачка Надзя, з якой мы хадзілі разам у школу. Памятаю, ляжала яна закрыўшы вочы рукамі. З дапамогай жыхароў іншых вёсак скалацілі дамівіны, пахавалі расстраляных і спаленых на хуткую руку на могілках.
Праз дзень зноў на падводах завіталі акупанты, каб вывезці свіней і авец, забіралі сена, зерне, з дамоў і хлявоў — посуд, мэблю, вопратку, прадукты. Усё цягнулі ў Жабінку. Вырашылі і хаты перавозіць у пасёлак, пачалі нумараваць бярвенні, каб потым было прасцей складваць. Ды не паспелі: прыйшла вестка, што ў суседніх вёсках з’явіліся партызаны-каўпакаўцы. Немцы ўсё пакідалі і паспяшаліся прэч”.

Незагойная рана

IMG_88828 МАЯ 2014 ГОДА. На адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў Малых Сяхнові-чах сабраліся не толькі нашчадкі і аднавяскоўцы загінулых. Тут і вучні з другой гарадской школы, прадстаўнікі ўладаў, грамад-скасці. Усіх аб’яд-нала памяць, што дачакалася нарэшце гістарычнай справядлівасці.
… Дождж і рука святара, настаяцеля Вялікасяхновіцкай царквы айца Алексія Петрусевіча акрапляюць мемарыяльную дошку з дзесяццю прозвішчамі. Ля гэтай новай гістарычнай памяткі — карзіны кветак, што ствараюць абрысы вялікага сэрца.
Гучаць шчымлівай нотай словы:

Няма ўжо тых,
 хто дарагія сэрцу,
Чый вобраз праз гады
 мы беражом.
Па-над зямлёй плывуць
у нябёсах душы,
І слёзы льюцца
з веснавым дажджом.

Сёння жывыя яшчэ дзеці загінулых: Васіль Сяргееевіч Юрчук і Мікалай Васільевіч Гінь. Апошні, згадваючы дзень, калі асірацеў раптоўна, дзякаваў усім, хто ўвасобіў памяць пра ахвяры ў простым, але такім патрэбным знаку.
Да мікрафона ішоў цяжка, абапіраючыся на кіёк, найстарэйшы жыхар Малых Сяхновічаў Леанід Міхайлавіч Ярмашук. Хвалюючыся, старажыл прамовіў:
— Памятаю, як у нашай вёсцы загінулі мірныя людзі, — а далей не меў сіл узгадваць ліхалецце, бо слёзы камяком падкацілі да горла.
Права адкрыць мемарыяльную дошку на будынку музея было дадзена старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргею Васільевічу Мартысюку і намесніку старшыні райвыканкама Але Сцяпанаўне Ануфрыюк.
Пасля хвіліны маўчання, якую парушаў толькі дробны дождж, дзень памяці ў Малых Сяхновічах працягвалі выступленні Вячаслава Фядотава, які чытаў свой верш “І памяць у сэрцы назаўсёды”, дуэту Аксаны Пракошынай і Ірыны Рынчук з песняй “Беларусь мая”.
Людзі падыходзілі, зноў і зноў чыталі прозвішчы на шыльдзе, ускладалі кветкі, слухалі паніхіду, якую вёў свяшчэннік, маліліся, прыкладалі рукі да сэрцаў, у якіх і зараз незагойная рана.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у час  жалобнага мітынгу ў в.Малыя Сяхновічы; М.В.Гінь і А.П.Цыбуля ля мемарыяльнай дошкі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top