Час новых паслуг і вялікіх перамен

Час новых паслуг і вялікіх перамен

IMG_8575
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белтэлекам” — сучасная тэлекамунікацыйная кампанія, асноўны аператар стацыянарнай сувязі ў нашай краіне. Яна арыентуецца ў першую чаргу на пажаданні кліентаў і павелічэнне асартыменту прапаноўваемых паслуг. Створаная каля дваццаці гадоў назад, яна бесперапынна ўдасканальвае сеткавую інфраструктуру, укараняе на яе аснове інавацыйныя тэхналогіі сувязі. Словам, “Белтэлекам” аб’ядноўвае людзей, дае шырокія магчымасці для зносін і атрымання інфармацыі.
Напрыканцы красавіка ў Жабінкаўскім раённым вузле электрасувязі прайшоў семінар “Сучасныя паслугі РУП “Белтэлекам”. Спецыялісты РВЭС і РУП “Белтэлекам” расказалі пра ранейшыя і прадставілі новыя паслугі, пазнаёмілі з сённяшнімі тэхнічнымі магчымасцямі нацыянальнага аператара сувязі, разгледзелі спосабы аптымізацыі выкарыстання сродкаў сувязі.
Семінар уключаў і прэзентацыйныя даклады, і дэманстрацыйнае прадстаўленне сучасных паслуг, і дыялогі са спецыялістамі. У яго рабоце прынялі ўдзел кіраўнікі і тэхнічныя спецыялісты большасці арганізацый і прадпрыемстваў Жабінкаўскага раёна, прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, іншыя зацікаўленыя асобы.
“Сёння тэлефанія практычна растварылася ў агульным аб’ёме паслуг перадачы да-
дзеных, — распавёў начальнік аддзела прасоўвання паслуг Руслан Шавялінскі. — “Белтэлекам” атрымлівае больш за 50% прыбыткаў ад паслуг, не звязаных з тэлефаніяй».
Руслан Казіміравіч расказаў прысутным пра паслугі з выкарыстаннем валаконна-аптычных ліній сувязі. Паколькі па адной лініі “Белтэлекам” прадастаўляе адразу тры прапановы — тэлефон, інтэрнэт і тэлебачанне, то і прапускная здольнасць такіх ліній павінна быць на ўзроўні. На жаль, старыя медныя правады здольны прапускаць дадзеныя з хуткасцю не больш за 10 Мбіт/с. Таму зараз іх актыўна мяняюць на валаконна-аптычную сетку, паток інфармацыі праз якую праходзіць з хуткасцю 20 Мбіт/с і вышэй. Такім чынам, кампанія “Белтэлекам” актыўна працуе над пашырэннем геаграфіі пранікнення тэхналогіі пасіўных аптычных сетак xPON, якая дазваляе прапанаваць абанентам паслугі доступу ў інтэрнэт на значна больш высокіх хуткасцях, чым тэхналогія ADSL. Прапануючы прадпрыемствам і арганізацыям надзейны і высакахуткасны доступ у інтэрнэт, “Белтэлекам” нават гатовы правесці для гэтага оптавалакно за свой кошт, праўда, пры ўмове, што ўкладанні акупяцца хаця б за 2-3 гады.
Аднак развіццю тэлефоннай сувязі таксама надаецца вялікая ўвага. На сённяшні дзень пры падключэнні да паслуг тэлефоннай сувязі РУП “Белтэлекам” выкарыстоўвае сучасную сістэму IMS (мультымедыйная падсістэма на аснове пратакола Internet). Магчымасці дадзенай сістэмы дазваляюць прапанаваць абанентам як традыцыйныя паслугі, так і новыя рашэнні. У якасці прыкладаў інжынер-сістэматэхнік Жабінкаўскага РВЭС Эдуард Дашкевіч назваў “Музычны марафон” (замена стандартнага тону выкліку на мелодыю), “Віртуальную АТС” (комплекс паслуг, аналагічны магчымасцям офіснай АТС) для юрыдычных асоб. Паслуга “Мінскі нумар” дапамагае арганізаваць абаненту любога населенага пункта Беларусі тэлефонны нумар з масіва мясцовай нумарацыі Мінска. Гэта зменшыць расходы на паслугі тэлефоннай сувязі тым, хто пастаянна сазвоньваецца са сталічнымі партнёрамі. Арганізацыі, якія штодзённа маюць справу са шквалам тэлефонных званкоў, могуць скарыстацца паслугай “Серыйны нумар”: некалькі тэлефонных ліній аб’ядноўваюцца ў групу і прымаюць уваходныя званкі па адзіным нумары. Набраўшы дадзены нумар, любы абанент дазвоніцца на свабодную лінію, якая ўваходзіць у склад групы. Паслуга “Аўдыёканферэнцыя” забяспечыць магчымасць адначасовых тэлефонных зносін некалькіх суразмоўцаў, якія могуць знаходзіцца нават у розных населеных пунктах. А з дапамогай вызначальніка нумара CLIP можна ўбачыць на дысплеі тэлефона нумар абанента, што тэлефануе, інфармацыю пра дату і час выкліку. Дарэчы, як адзначыў Эдуард Дашкевіч, праца над пашырэннем наменклатуры паслуг платформы IMS працягваецца.
На семінары былі разгле-джаны таксама паслугі, якія прадстаўляюцца інтэрнэт-карыстальнікам. Інжынер электрасувязі РВЭС Юрый Андрасюк расказаў пра доступ у сетку інтэрнэт, антывірусную абарону і дадатковыя сэрвісы, а таксама пра паслугі інтэрактыўнага лічбавага тэлебачання ZALA.
— У 2006 годзе кампанія “Белтэлекам” вывела на беларускі рынак брэнд Byfly, а ў 2009-м — ZALA. Сёння  многія беларусы добра ведаюць: Byfly — гэта шырокапалосны доступ у інтэрнэт, а ZALA — інтэрактыўнае тэлебачанне. Byfly і ZALA — моцныя і актыўныя брэнды, над развіццём і падтрымкай якіх увесь час працуе каманда прафесіяналаў, — сказаў Юрый Андрасюк.
Пад брэндам ZALA “Белтэлекам” прапануе паслугі інтэрактыўнага тэлебачання (IPTV). Гэты кірунак адзін з самых “маладых”, аднак ён ужо папулярны на рынку. У першую чаргу гэта тлумачыцца ўнікальнымі інтэрактыўнымі функцыямі IPTV. Карыстальнікі могуць праглядаць каналы ў рэжыме рэальнага часу, паставіць тэлепраграму на паўзу, глядзець перадачы з перасоўваннем па сетцы вяшчання да 48 гадзін, усталяваць “Бацькоўскі кантроль”. Фактычна абанентам ZALA падуладна фарміраванне ўласнай сеткі вяшчання. Яны могуць абраць да 9 дадатковых пакетаў, аддаць перавагу спартыўным, дзіцячым, па-
знавальным і іншым каналам.
Прэзентацыйны даклад спецыяліста па маркетынгу Сямёна Бурака датычыўся ўкаранення новых паслуг электрасувязі. Прысутным стала вядома, што ў канцы мінулага года “Белтэлекам” запусціў новы праект Home Wi-Fi. Ён дапаможа ажыццявіць доступ у інтэрнэт з дапамогай устройстваў, што падтрымліваюць Wi-Fi не толькі ў грамадскіх месцах (АЗС, ФАУ, рэстаран, кафэ, навучальныя ўстановы, бібліятэкі), але і ў жылой зоне, інакш кажучы, будзе забяспечана так званае “дывановае” пакрыццё гарадскіх вуліц. Імя публічнай сеткі Byfly Wi-Fi. Сярэдняя хуткасць на кропку — 1 Мбіт/с.
Актыўна ўкараняецца і новая паслуга “Максіфон” —
тэлефанія праз інтэрнэт. Гэта адказ “Белтэлекама” на папулярны інтэрнэт-сэрвіс “Skype”. У адрозненне ад замежнага аналага, беларускі сэрвіс дапамагае атрымаць рэальны тэлефонны нумар. Інакш кажучы, на “Максіфон” можна патэлефанаваць не толькі з іншага “Максіфона”, але і са стацыянарнага тэлефона па тарыфах міжгорада, а таксама з мабільнага (па тарыфах, як на гарадскі тэлефон). З самога ж “Максіфона” можна пазваніць бясплатна як на іншы “Максіфон”, так і на нумары фіксаванай тэлефоннай сеткі. Пры гэтым адпаведнае праграмнае забеспячэнне можна ўстанавіць і на камп’ютар, і на смартфон.
Такім чынам, сёння РУП “Белтэлекам” прадстаўляе звыш 70 відаў паслуг электрасувязі, якія ўключаюць: тэлефонную (у тым ліку паслугі міжгародняга, міжнароднага і мясцовага тэлефоннага злучэння, даведкава-інфармацыйных службаў), перадачу дадзеных і тэлематычных службаў (у прыватнасці, доступ у інтэрнэт і аб’яднанне карпаратыўных сетак па IP-пратаколу (VPN), інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, хостынг на базе цэнтраў апрацоўкі дадзеных), сэрвісных пунктаў.
“Сэрвіснае абслугоўванне мае важнае значэнне для любой кампаніі, асабліва для кампаніі, якая працуе ў сферы паслуг. Адкрыццё сэрвіснага цэнтра ў Жабінцы кардынальна змяніла падыход да працы з кліентамі. Мы робім акцэнт на індывідуальным падыходзе і ўдзяляем асаблівую ўвагу якасці прадстаўлення паслуг, — падкрэсліў начальнік Жабінкаўскага РВЭС Мікалай Гацкевіч. —
Жыццё не стаіць на месцы. Гонка тэхналогій патрабуе ўкаранення новых паслуг электрасувязі, аб якіх павінны ведаць спажыўцы. Упэўнены, што семінар па прэзентацыі інавацый — вельмі актуальная і карысная рэч”.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top