Любовь, как лекарство

Любовь, как лекарство

Любоў, як лекі
“Павінна ведаць усё!”
Лёс Ларысы Уладзіміраўны Кузняцовай шмат гадоў быў знітаваны начнымі дзяжурствамі, неадкладнымі выклікамі, чалавечымі болямі…
— Нельга нават палічыць, колькі разоў мне даводзілася ехаць, каб дапамагаць людзям, а часам і ратаваць жыццё, — гаворыць жанчына.
Яе напрацаваныя рукі кранаюць зараз вышыўкі, зробленыя для душы. А некалі маглі зашываць і раны. Навучыў гэтаму Васіль Ігнатавіч Самборскі, побач з кім пашчасціла працаваць. Вядомы на Жабінкаўшчыне хірург лічыў, што нават медсястра абавязана ў патрэбную хвіліну стаць аперацыйнай сястрой, а таму неяк заўважыў:
— Ларыса, ты павінна ведаць усё!
— Што, мне ў дыпломе зрабілі памылку, — з усмешкай адказала Кузняцова, — калі замест “урач”, напісалі “фельчар”…
Жартавала, канечне. Аднак словы заслужанага чалавека ўспрыняла сур’ёзна, зрабіла іх сваім правілам. “Ведаць усё!” — дэвіз, які выклікае павагу з боку калег. Дактары ведалі: Кузняцова без дай прычыны не пакліча, калі дзяжурыць “на хуткай”. Бо можа самастойна вырашыць многія праблемы.
Так і атрымлівалася: калі сярод ночы прывозілі ў прыёмны пакой хворага з невялікай ранай, у Ларысы Уладзіміраўны хапала і навыкаў, і адказнасці, і смеласці, не выклікаючы хірурга, пад наглядам дзяжурнага ўрача налажыць пацыенту швы. Не дзіўна, што на раённым конкурсе фельчараў яе прызналі лепшай.
Справу сваю жанчына любіла, адчуваючы наколькі яна патрэбная людзям. За падказку жыццёвага шляху, ды і за самое жыццё да скону будзе дзякаваць маці Настассі Акімаўне Мацяюк.
Згадала маму і адразу ў вачах з’явіліся пяшчота і ўсмешка, а ў думках — цяжкае дзяцінства, апаленае вайной.
“Рабі людзям дабро…”
Яна нарадзілася 16 жніўня 1940 года, калі на захадзе ўжо былі бачныя ваенныя бліскавіцы. Трывожныя водгукі хуткага ліхалецця даляталі да Віцебска, дзе жыла сям’я. Бацька Уладзімір Пятровіч, апрануўшы афіцэрскую форму, часцей бываў на вайсковых зборах, чым з роднымі. Ягоныя пяшчоту і дабрыню Ларыса так і не зведала: загінуў сорак першым. Не вярнуліся з фронту і браты. Спярша старэйшы Валодзя склаў галаву пад Ленінградам, калі ў 1942 годзе спрабавалі прарваць блакаду.
— Пра ягоны лёс сям’я даведалася толькі праз доўгія гады. Уладзімір закончыў рамеснае вучылішча ў Чэлябінску, працаваў токарам. Даслаў ліст, спадзяваліся, што жывы, ды перарвалася гэтая слабая нітачка. Памятаю, як пасля доўгіх пошукаў, шматлікіх зваротаў у ваенны архіў у Падольску мама вярнулася з ваенкамата, рукі яе дрыжалі — атрымала афіцыйны адказ. “На, Ларыса, — сказала, — ляжыць наш Валодзя ў брацкай магіле ля Малой Неўскай Дуброўкі, дзе многія ляжаць…”
Вобраз старэйшага брата ў памяці не захаваўся, а Жэньку, жвавага і вясёлага, Ларыса згадвае і зараз, цытуе на памяць адзіны трохкутнік ад брата, што прыйшоў восенню сорак чацвёртага: “Я быў цяжка паранены, адляжаўся ў шпіталі, выпісаўся, знаходжуся на рассыльным пункце перад новымі баямі. Кончыцца бой, вышлю ліст, картачку і адрас”. Кончыўся той бой ва Усходняй Прусіі, толькі ліст ад салдата не прыйшоў…
Настасся Акімаўна з маленькай Ларысай жылі ўсю вайну ў Воўчыне Камянецкага раёна, дзе сярод трывожных дзён-начэй спрабавалі знайсці прытулак у далёкіх сваякоў.
Ларыса Уладзіміраўна памятае словы маці пра воўчынцаў, якія чула не аднойчы:
— Колькі будзеш жыць, не забывайся — рабі людзям дабро. Каб не яны, мы б не выжылі.
Вайна скончылася, а жанчына з дзяўчынкай заставаліся ў Воўчыне. Па-першае, не было куды ім, самотным, падацца. Па-другое, памяталі Жэнькавы словы. Перад тым, як пайсці ў войска той прасіў чакаць з фронту…
— Калі вернецца, — з надзеяй казала маці, — як сынок нас знойдзе? — Усё не верыла ў яго гібель, і гэтая кволая надзея трымала на месцы.
Аднак улады сталі з падазронасцю адносіцца да тых, хто з’явіўся ў памежнай зоне ў перадваенную пару. Тады воўчынскі фельчар, які меў сваякоў на Жабінкаўшчыне, падказаў:
— Едзьце ў Жабінку. Там жывуць ветлівыя людзі.
Прага да ведаў і працы
З няхітрымі пажыткамі, што памясціліся ў вузельчыку, дабраліся да хутара Здзітавец, дзе знялі куток. Маці ўладкавалася санітаркаю ў бальніцу, а Ларыса пайшла ў Здзітаўскую беларускамоўную школу. Дасюль успамінае сваю першую настаўніцу Адэлію Пятроўну Кавалёву. Пасляваеннае жыццё, вядома, гаротнае: за парты паселі ўсё больш пераросткі (былі нават 15-гадовыя), нярэдка хадзілі ў школу басанож.
— Аднак не хварэлі, — згадвае жанчына, — не ведалі, што такое ангіна… Лічэнню вучыліся… на жалудах, але якую мелі прагу да ведаў!
У 1950 годзе каля царквы ў Здзітаве з Настассяй Акімаўнай павіталася Яфімія Казей з хутара Плошча, што месціўся паміж Маціевічамі і Жабінкай. Жанчыны паразумеліся, пасябравалі. І неўзабаве Яфімія Сідараўна запрасіла да сябе:
— Бачу, цяжка вам туліцца ў чужым кутку, перабірайцеся да мяне. Хата шырокая, утульная, разам будзем векаваць.
Маці ледзь стрымалася, каб не заплакаць: зноў добры чалавек працягваў руку дапамогі.
Дачка вучылася цяпер у Маціевіцкай школе. За партай сядзелі ўтрох: Ларыса, Жэня Скачыкоўская і Ліда Вакула, якія сталі сяброўкамі на ўсё жыццё. Разам яны скончылі і сярэднюю школу ў Жабінцы.
Дзяўчына пайшла па шляху маці: стала санітаркай, а затым паступіла ў 1961 годзе ў Брэсцкае медвучылішча.
— Захопленая вучобай, кнігамі, — зноў прыгадала Ларыса Уладзіміраўна, — хацела хутчэй стаць прафесіяналам. Аднак грошай на пражыццё не хапала, таму штомесяц добраахвотна была донарам. Паўлітра крыві каштавалі, як мая стыпендыя.
Першым месцам працы стаў дзіцячы сад на цукровым заводзе, куды дзяўчына прыйшла медсястрой-выхавальніцай. У групу набралася адразу шэсць трохмесячных дзетак (тады столькі часу жанчына магла знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцём). Даводзілася стаць адразу для многіх немаўлятак “другой мамай”. Затым на працягу 30 гадоў працавала ў паліклініцы, хірургічным аддзяленні, вайсковай часці, нарэшце, у прыёмным пакоі раённай бальніцы і на хуткай дапамозе.
Сваё апошняе дзяжурства Ларыса Уладзіміраўна памятае дасюль. Яно прыйшлося на навагоднюю ноч 1996 года. З часам сталі балець ногі, а тут — 13 выклікаў і ўсе на верхнія паверхі. І нельга адмовіцца, бо за кожным званком — людзі. Гэта было заўжды для яе важна. Пасля таго складанага дзяжурства адчула: прыйшоў час адпачынку ад працы.
Асаблівы дзень
16 жніўня для Ларысы Уладзіміраўны і яе блізкіх асаблівы дзень. Маме і бабулі — 70, але ўжо дзесятак гадоў няма побач мужа, бацькі і дзядулі Вячаслава Мікалаевіча. Амаль паўстагоддзя таму ў яе дзень нараджэння яны пабраліся шлюбам. Стала 16 жніўня святам для дваіх, а потым, калі нарадзіліся Наташа і Слава, а ў тых з’явіліся свае дзеці, — для сем’яў Кузняцовых і Яшчукоў.
— Відаць, так наканавана, — завяршае свой аповед жанчына, — што мой Вячаслаў памёр напярэдадні 16 жніўня, і маё 60-годдзе раптоўна стала памінальным днём…
З любасцю, не на продаж вышывае жанчына свае карціны. Нярэдка за вышыўкаю ўспамінае бацькоў, братоў, мужа, але жыве дзеля дзяцей, унукаў, каму патрэбна яе пяшчота. Любоў, як лекі, яна гоіць раны.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Л.У.Кузняцова з унукамі Насцяй, Дзімам, Раманам, Сашам.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top