“Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”

“Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”

IMG_4552Здымак на памяць пасля сустрэчы з Ганнай Пракопаўнай Давыдоўскай.

Час бяжыць хутка. З памяці сціраюцца ўспаміны сведкаў пра мінулае. Усё менш застаецца сярод нас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Задача любога свядомага чалавека — захаваць гістарычную памяць для нашчадкаў. Настаўнікі, абапіраючыся на ўражлівасць і ўспрымальнасць вучнямі гераічнай гісторыі нашай Радзімы, развіваюць у хлопчыкаў і дзяўчынак пачуцце любові да яе абаронцаў, у юных душах назапашваюць эмацыянальны вопыт суперажывання гераічных падзей з гісторыі сваёй краіны.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” ў нашай школе праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя 9 Мая і святкаванню 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З цікавасцю вучні майго класа наведалі школьны музей. Экспазіцыі яго, а таксама праведзены вусны часопіс “Воіны-землякі — ахвяры вайны” пазнаёмілі іх з героямі Вялікай Айчыннай. Тэма гераізму землякоў была прадоўжана на пасяджэнні “круглага стала” “Партызанскімі дарогамі М.М.Чарнака”. Экскурсія ў Старое Сяло ўзбагаціла веды дзяцей, пра дзейнасць атрадаў народных мсціўцаў. А яшчэ мы наведалі магілу партызанскага камандзіра і ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання.
Ваенныя старонкі гістарычнага мінулага краю зацікавілі вучняў майго класа. Ілона Бычкоўская, Фёдар Шорах, Яна Цясляк працавалі над праектам “Яго імем названы…”. Яны даведаліся чаму адзін з гарадскіх завулкаў носіць імя І.Зубачова. З цікавасцю слухалі ўспаміны педагога Ірыны Анатольеўны Бялавенцавай пра свайго дзядулю. Арцём Філіманюк з дапамогай мамы напісаў творчую работу “Гісторыя вайны ў лёсе маёй сям’і”, дзе расказаў пра сваіх прабабулю і пра-дзядулю Ганну Васільеўну і Мікалая Якімавіча Стасевічаў,  якія змагаліся з фашыстамі і прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі.
Вучняў класа зацікавіў і лёс спаленых вёсак. Дзмітрый Акуліч, Ганна Бусень, Пётр Марчук працавалі над праектам “Памяці спаленых вёсак”. Працуючы над гэтай тэмай, мы даведаліся, што прабабулі Дзмітрыя Акуліча і Ганны Бусень былі сведкамі зверстваў фашыстаў. Пад час даследаванняў хлопчыкі і дзяўчынкі высветлілі, што сотні трагедый, падобных Хатынскай, адбыліся на беларускай зямлі. Са сваёй працай яны выступілі перад вучнямі школы, расказалі пра 7 мемарыяльных комплексаў, узведзеных на месцы спаленых вёсак, у тым ліку і там, дзе 72 гады таму было Драмлёва.
Усе нашы ўяўленні пра вайну звязаны, найперш, з мужчынам-салдатам, звычайна забываюць сказаць пра жанчын, якія многае зрабілі для Перамогі. Працуючы трэці год над праектам “Іх імёнамі названы вуліцы горада”, займаемся вывучэннем гісторыі іх назваў. У Жабінцы ёсць вуліцы Зоі Касмадзям’янскай і Лідзіі Базанавай і дзеці даведаліся, чаму яны носяць імёны гэтых дзяўчат. Настаўніца Іна Аляксандраўна Мірко падказала, што ў нашай школе 33 гады выкладала рускую мову і літаратуру Ганна Пракопаўна Давыдоўская, якая ўзнагароджана медалём “За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Дзяцей гэта зацікавіла і адбылася сустрэча з гэтай цудоўнай жанчынай. Школьнікі з заміраннем сэрца слухалі яе ўспаміны.
Расказваючы гісторыю свайго жыцця, Ганна Пракопаўна апынулася ў страшным 1941-ым. Перад яе вачамі і дапытлівымі юнымі праплыло 23 чэрвеня, калі немцы бамбілі Смаленск; як 17-гадовая Ганна са сваімі аднагодкамі была накіравана капаць акопы ўздоўж аўтастрады Мінск-Масква, як загінула яе старэйшая сястра Надзя, якая добраахвотна пайшла на фронт, каб ратаваць параненых. Потым госця паведала дзецям аб тым, як трапіла ў Алтайскі край, дзе пачалася яе працоўная біяграфія; пра першае ваеннае лета, калі трэба было ў сціслыя тэрміны сабраць ураджай, правесці дзяржаўныя нарыхтоўкі і закупкі хлеба. Ганна Пракопаўна зазначыла, што галоўнае месца на сяле тады належала жанчынам, якія ў полі працавалі да 4 гадзін раніцы, як яны буйнейшае зерне адпраўлялі для фронту, частку пакідалі на насенне, а рэшткі размяркоўвалі паміж работнікамі, як да 1947 года елі не тое, што хачу, а тое, што ёсць. У тыле было не лягчэй, чым на фронце, пра што сведчыць медаль, атрыманы ёю.
Матэрыялы гэтай сустрэчы былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы працы “У вайны не жаночы твар”. Лізавета Міхалюк і Аляксей Харытончык прапанавалі гэтую працу на навукова-практычнай канферэнцыі. У ёй яны расказалі гісторыю жыцця Г.Давыдоўскай, З.Касма-дзям’янскай і Л.Базанавай.
Літаральна некалькі дзён аддзяляюць нас ад Дня Перамогі. У гэтыя святочныя дні паўсюдна адбываюцца сустрэчы з жывымі сведкамі трагічнай для ўсяго чалавецтва вайны. Мы разам са сваімі вучнямі імкнемся захаваць праўду пра тыя далёкія падзеі, пра тых, хто ваяваў і аддаў сваё жыццё за нашу шчаслівую будучыню. Вялікі подзвіг бессмяротны, і быць нашчадкамі той Перамогі — не толькі вялікі гонар, але і высокая адказнасць за далейшы росквіт нашай краіны. І я з упэўненасцю хачу сказаць, што нашы дзеці будуць даражыць подзвігам свайго народа.
Ірына ПАНФІЛА, настаўніца пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Жабінка”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top