Нам адною дарогай з табою…

Нам адною дарогай з табою…

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA
Нарыс

У сакавіку Павел Апанасавіч Басняк адсвяткаваў 75-годдзе. Ягонай жонцы Надзеі Барысаўне крыху менш. Паўстагоддзя яны ўжо поруч… Ёсць у іх разуменне: разам пражытое, бы хлеб ды сонца, — дарагое.

Магутныя мяхі,
цяжкія працадні…

ЖЫЎ У ВЁСЦЫ КАВАЛЬ. І прозвішча меў адпаведнае — Кавальчук. Апанас Еўдакімавіч Басняк быў пры ім, як раней казалі, кавальчыкам — гэта значыць кавалёвым памочнікам і вучнем. Працаваць з агнём Апанасу было звыклай справай. Да вайны ён качагарыў на паравозе ў Брэсце. А як у першы дзень ліхалецця агню стала паўсюль многа: гарэлі і крэпасць, і горад — вярнуўся на родны хутар Антанін, што месціўся паміж Арэпічамі і Налезнікамі. Сям’я жыла з працы на зямлі, лічылася не надта заможнай, але ж старалася, каб на стале нават у ліхія ваенныя гады меўся хоць хлеба акрайчык.
Як у 1957-ым утварыўся калгас, тады Апанас і пайшоў у вучні да Пятра Кавальчука. Майстар адкрыў перад ім многія сакрэты прафесіі, абудзіў інтарэс да ўсялякай механікі і няпростай кавальскай справы, навучыў паважаць агонь, што можа балюча апаліць, а можа і саслужыць разумнаму чалавеку.
У звонкую калгасную кузню, дзе кавалі дацямна кляпалі сярпы і косы, майстравалі плугі і бароны, нярэдка забягаў Апанасаў сын Павел. Хлопцу было цікава пагля-
дзець, якім падатлівым станавіўся ў кавальскіх руках метал, як нараджаліся прылады для мірнай працы.
Бацька быў непісьменны, вось і сына да жыцця прывучаў так, як яго самога калісьці вучылі: у строгасці ды працы.
— Гэй! Лайдакам у кузні няма месца. Тут не відовішча — тут дапамога патрэбная. Паспрабуй, Паша, мяхі пакачаць!
Тыя мяхі былі цяжкія, ды хлопец не здаваўся — што меў сілы налягаў на іх і адчуваў кожны раз прыліў радасці, як у печы мацней шугала магутнае полымя.
Школьную навуку Павел авалодваў спачатку ў Налезніках, затым у Арэпіцкай дзесяцігодцы. Вельмі хацелася многае ведаць, але была перашкода: у сям’і не хапала працоўных рук, а таму Паша ўжо з маленства пасвіў рагуляў, сваіх і суседскіх. Хоць пастушок страшна баяўся навальніц, аднак разумеў: бацьку трэба дапамагаць брату, які будаваў уласны дом, а значыць, і Паўлаў унёсак у сямейную скарбонку надзвычай значны. Давялося праз свой страх пераступіць, і ажно тузін гадоў юнак правёў “ля кароў, на пашы”. За тое зарабляў з кожнай рагулі ў год пуд жыта — неблагі, трэба сказаць, “капітал” у тыя часы.
Як тады жылося? Вядома ж — за працадні.
Апанас, падлічваючы палачкі, якімі пазначаліся выхады на працу ў калгасе, не-не ды гаварыў нявесела ў паўголаса, каб ніхто чужы, барані Божа, не пачуў:
— За адні палачкі рачкуем… што ні кажы, а “трудодни — трудные дни”…
Сыну такой долі не жадаў, ды выйсця з гэтага зачараванага кола не бачыў. Толькі аднойчы, як Павел падрос, сказаў:
— Калі не будзеш далей вучыцца, увесь век з віламі, як дзяды, праходзіш… Ідзі хоць на трактарыста.
Бліжэйшае вучылішча механізатараў было ў Драгічыне. Ды вось бяда: сяляне тады былі “прывязаныя” да месцаў, не маючы пашпартоў. А без іх нельга ўладкавацца ў горадзе. Павел набраўся смеласці і звярнуўся да пашпартыста, а той спытаўся недаверліва:
— Хіба ж цябе ў Драгічыне возьмуць?
— А як жа! — з маладым гарачым перакананнем адказаў юнак. —
Нават старэйшыя, што адзін-два класы за плячамі маюць, паступаюць, а ў мяне ж дзесяцігодка!
Пашпартыст выпісаў пашпарт толькі на паўгода:
— Куды ж ты падзенешся? Не паступіш — вернешся.

На Данбасе — новы свет

ЁН НЕ ПАСТУПІЎ. Але й не вярнуўся.
Умяшаўся, як звычайна бывае, выпадак. Неяк на Вадохрышча ў Апанасаву хату завіталі сваякі з Украіны. За святочным сталаваннем госці сталі прасіць каваля:
— Адпусці Паўла з намі. Час выходзіць яму ў людзі. Дапаможам хлопцу стаць прычэпшчыкам на чыгунцы. Ён жа табе вагон зерня прывязе!
Калі Апанас і вагаўся хвіліну, дык такі аргумент для яго быў надта важкі. Прамовіў на развітанне бацькоўскае “блаславенне”:
— Будуй, сынку, жыццё самастойна.
Гэтак 20 студзеня 1959 года Павел апынуўся ў горадзе Крывы Рог, які доўгаю падковаю выгнуўся ўздоўж Дняпра.
Неяк выпадкова пабачыў аб’яву: “Патрабуюцца рабочыя на прадпрыемства “Днепрэлекрамантаж”. У аддзеле кадраў пацвердзілі: ідзе вялікая будоўля, на ёй усялякія людзі трэба — і з працоўнымі рукамі, і з разумнымі галовамі, а лепш, каб і адно, і другое мелася!
Узводзілі падстанцыі, высакавольтныя лініі, уладкоўвалі абсталяванне для Крыварожскага металургічнага завода імя У.І.Леніна, будавалі магутны Крыварожскі горнаабагачальны камбінат… Спраў хапала, і вока радавалася, як шахцёрскі Данбас прырастаў шматлікімі прадпрыемствамі, адкрываліся ўсё новыя шахты. Краіне трэба былі энергія, сталь, вугаль, і Павел адчуваў, што ў гэтых хуткіх і значных пераменах ёсць і ягонай працы нейкая часцінка. Тут быў новы свет, які гартаваў не толькі сталь, але й чалавека.
Гэтак праляцелі чатыры з паловай гады, пакуль зноў не паклікала малая радзіма. Аднойчы ў час пабыўкі бацька скрушна ўздыхнуў:
— Ніякай мне ад цябе дапамогі, вяртайся ўжо дамоў.
Бацькава слова сілу мела. Пасталелы Павел вярнуўся.

Паўтара метра з… хустачкай

ТУТ ЧАС ПАЗНАЁМІЦЦА і з нашай гераіняй, што хутка стала другой Паўлавай палавінкай. Калі юнака бацька ўвесь час накіроўваў па жыцці, дык Надзея свайго амаль не памятала. Хоць аднавяскоўцы раней на яе глядзелі і казалі:
— Копія — Барыс…
У памяці дзяўчынкі глыбока “прапісаўся” толькі той спякотны дзень у пачатку жніўня сорак чацвёртага… Хата стаяла на самым ускрайку Буснёў. Барыс Цімафеевіч Дзем’янюк моўчкі крочыў па вясковай вуліцы, а за ім у слязах па пыльнай дарозе каціліся дачуш-кі — Воля і Надзейка. Тады ён і прамовіў:
— Бяда тая вайна…
Гэтак салдат выправіўся ў паход, адкуль не суджана было вярнуцца.
…Тут жанчына расхвалявалася. Вядома, каб сёння жыў — ужо сто год меў, а так у трыццаць адзін спачын знайшоў у польскім горадзе Любань…
На матулю Аляксандру (або па-вясковаму — Саньку) зваліліся ўсе нялёгкія клопаты па гаспадарцы. Тая плакала, калі чула, што для ўдоў будуць ад дзяржавы палёгка і дапамога. Абяцалі неаднойчы, а як да справы — пра такіх жанчын, што да смерці захоўвалі вернасць, усё забываліся. У нішчымніцу ратавала толькі карова. Дзяўчынкам даводзілася часам яе пасвіць, хоць і баяліся наравістай рагулі, якая аднойчы ўзняла сястру на рогі. Аднак куды без гэтай карміцелькі?
Сямігодку Надзея закончыла ў Рагозне, атэстат аб сярэдняй адукацыі ёй выпісваў у 1958 го-дзе ўжо дырэктар новай Азяцкай дзесяцігодкі Васіль Раманавіч Дошчык. Найбольшы след у памяці пакінула настаўніца геаграфіі Раіса Васільеўна Юрчук, якую любіў за чуласць увесь іх дружны клас. Пасля школы маці пайшла прасіць за дачку хоць нейкі дакумент, каб можна было ўладкавацца на будаўніцтва ў Кобрыне. У адрозненне ад Паўла, якому першы пашпарт выпісалі толькі на паўгода, Надзея Дзем’янюк, як дачка загінулага воіна, мела хоць нейкі “прывілей” — і хутка трымала ў руках пашпарт на цэлы год!
— Ох, і цяжкая для дзявочых рук была праца, — уздыхае цяпер Надзея Барысаўна. — Траншэя — паўтара метра, і я — паўтара метра з… хустачкай! А яшчэ й дабірацца кожны дзень даводзілася далёка, адначасова вывучылася на муляра… Хоць, каб не тая дарога, мо з лёсам сваім размінулася?

Не кажы мне: “Бывай!” —
Лепей шчасце мне дай

ЁСЦЬ ЛЮДЗІ ПАДАРОЖНЫЯ, выпадковыя — з такімі дойдзеш да першага прыпынку або перакрыжавання і скажаш без шкадавання: “Бывай…”. А ў іншых, як у Паўла Апанасавіча і Надзеі Барысаўны, жыццёвыя шляхі даўно неразрыўныя, сэрцы неразлучныя. Мо з той прычыны, што сустрэліся яны 1 студзеня — у дзень, калі ўсялякія цуды адбываюцца…
Іх сцяжынкі звіліся ў адзін гасцінец паўстагоддзя таму. Хоць, па шчырасці, тады сцяжынак было зусім не відно, дый гасцінец ледзь-ледзь можна было пазнаць. Не дзіўна — быў першы дзень 1964 года. А зіма моцна ў той год завіхурыла.
…Дзяўчаты, чарнявая і рудая, паспелі пабялець ад снегу ды пасінець ад холаду. Яны чакалі на прыпынку каля Ацячызны аўтобус на Кобрын. Транспарт ледзь прабіраўся, паўсюль хапала снежных намётаў.
У тым аўтобусе сядзеў Павел Басняк і нават не здагадваўся: хутка адчыняцца дзверы, і ў салон, змахнуўшы з каўнерыка сняжынкі, увойдзе ягоны лёс.
…Ён хуценька зірнуў на дзяўчат і адразу адзначыў для сябе чорнавалосую прыгажуню. У позірку гэтай маленькай, амаль мініяцюрнай, дзяўчыны чыталіся і пяшчота, і моцны характар, што спадабалася хлопцу з першай хвіліны. Недалёка ад Кобрына ён падумаў: “Гэтая бу-дзе маёй! Цікава, куды яна пойдзе?”
Дзяўчаты ішлі хуценька, не звяртаючы ўвагі на Паўла, што рушыў следам. А той заўважыў — ім, здаецца, увесь час па дарозе: ішлі адной вуліцай, а потым амаль адначасова адчынілі дзверы ў інтэрнаце. Сяброўкі падняліся на другі паверх, а Павел — яшчэ вышэй.
Чарнявая “зачапіла” хлапечае сэрца. Папрасіў знаёмую, каб схадзіла ў “разведку”, даведалася, як красуню завуць, ці згодная прыняць хлопца на чай? А яна толькі ўсміхнулася ды адмахнулася: адагрэцца трэба з марозу, а потым мо і сэрца сагрэецца.
Нельга ў сардэчных справах спяшацца. Калі на ўсё жыццё — дык крышачку пачакай, даражэнькі, а як заляцанні несур’ёзныя — астудзіся ды адступіся — гэтак лепей і мне, і табе!
Хутка адчулі — у пары лепш, чым паасобку. Разам праводзілі ўсе выхадныя: кружылі ў танцы, бегалі ў кіно, гулялі нетаропка па прыгожым Сувораўскім парку. Аднойчы сустрэлі сакратара Рагазнянскага сельсавета Марыю Дулевіч, падзяліліся сваёй радасцю: падалі дакументы, атрымалі тры месяцы, каб “праверыць пачуцці”. Жанчына ўбачыла на тварах маладых, што іх адносіны сур’ёзныя, вось і прапанавала: навошта гэтак доўга чакаць? Праз тры дні распішам!
Гэтак і адбылося 26 красавіка 1964 года. А праз колькі тыдняў гудзела вясковае вяселле. Пад гармонік, якому не даваў спуску зацяты музыка-самавук Іван Міхнюк, ніхто чаравічкаў не шкадаваў…
Цеплыня багата расквеціла дрэвы. Толькі ў Федзькавічах (на дарозе паміж Буснямі і Арэпічамі), калі везлі маладых, пырснуў крышку дождж-драбніца. Нібы прырода нагадала — у сям’і павінна быць сонца многа, але ж і без слёз жыццё не абыходзіцца. У думках былі радкі, прачытаныя некалі: “Нам адною дарогай з табою па жыцці яшчэ доўга ісці”. Гэтак і адбылося.

Клопаты сыноў — ім узнагарода

ЁСЦЬ У ПАЎЛА БАСНЯКА, які паўжыцця адпрацаваў з электрычнасцю, прыказка: “Рабі ўсё, каб самому было па душы. Тады і іншым твая справа спадабаецца”. Так некалі вучыў яго бацька. Гэтую жыццёвую навуку і сам ён, як час прыйшоў, старанна выкладаў сынам.
Імі бацькі ганарацца. Старэйшы Віктар з залатым медалём закончыў школу, вывучыўся на інжынера-канструктара ў Мінскім політэхнічным інстытуце. З бацькамі параіўся і пры размеркаванні выбраў месцам працы ваенны завод у Рызе. Цяпер, як праляглі паміж краінамі межы, ужо не часта прыязджае, але стараецца хоць раз на год завітаць у Жабінку, каб ягоныя дзеці пабывалі на зямлі бацькоў і дзядоў.
Было вельмі прыемна назіраць, з якім клопатам адносіцца да маці і бацькі малодшы сын Ігар, што зараз працуе галоўным механікам у дыстанцыі пуці. Пра самых родных сваіх людзей ён гаворыць:
— Свае павагу і любоў яны пранеслі праз доўгія гады. Калі матуля захварэла, тата месца не знаходзіў. Яе боль ён перажываў нібыта свой!
Сыну ў такт адгукаецца і Павел Апанасавіч:
— Стаміцца кахаць нельга. Мне пашчасціла аднойчы і на ўсё жыццё сустрэць сваю сапраўдную Надзею.
Далучымся да добрых слоў у гонар сённяшніх “залатых” юбіляраў: няхай век іх поўніцца пяшчотай, жывуць насуперак хваробам, на радасць сваякам і ўсім знаёмым.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: “залатыя” юбіляры Павел Апанасавіч і Надзея Барысаўна Баснякі з сынам Ігарам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top