Вайна прыходзіла ў сне…

Вайна прыходзіла ў сне…

Засимук

Колькі цяжкіх выпрабаванняў ляглі на плечы нашых бацькоў і дзядоў у час Вялікай Айчыннай… Адарваныя ад родных хат, яны ішлі па франтавых дарогах праз пакуты, кожны набліжаў, як мог, вялікі Дзень Перамогі. Напярэдадні 9 Мая згадваю лёс блізкага мне чалавека Цімафея Засімука, якім ганарацца ў нашай сям’і.

Гвардыі радавы той вялікай вайны паходзіў з невялічкай жабінкаўскай вёскі Падлессе. Ягонае імя дасюль добра памятнае вяскоўцам не толькі ў родным сяле, але і ў навакольных. Сюды ён, маладзенькім, але ўжо моцна пасталелым, вярнуўся з вайсковага паходу. Землякі бачылі: ваенны час пакінуў змены. Цімафей страціў у баі руку, але ж адзнака бяды не змяніла галоўнае ў характары: як быў, так і застаўся клапатлівым да зямлі і людзей, актыўным, працавітым.
Усе ведалі, што Цімафей ваяваў, ды пра свае франтавыя будні згадваў ён заўжды неахвотна, не хацеў лішні раз варушыць сваю памяць пра вайну — надта глыбокі яна пакінула след… Калі часам я пытаўся, расказваў неахвотна, глядзеў на скалечаную руку, уздыхаў: “Смелага вораг баіцца, смелага куля не бярэ…”.
Прызваны 20-гадовым, амаль хлопчыкам бязвусым, Цімафей Засімук апынуўся ў сапраўдным пекле. Разам з іншымі байцамі ішоў на штурм моцнага горада-крэпасці Кёнігсберг, глядзеў смерці ў самыя вочы ў крывавым баі ва Усходняй Прусіі.
…Пачыналася пераможная вясна. У той цёплы ранак стралковы полк, у якім ваяваў Засімук, рыхтаваўся да атакі на варожы бастыён. Моцны шквал нашай артылерыі накрыў пярэдні край абароны фашыстаў. Паступіла каманда: “Наперад!” — і байцы пачалі штурм крэпасці — магутнай старажытнай фартэцыі, узмоцненай гітлераўцамі. Вораг адчайна абараняў кожную вуліцу, біўся за кожны дом. У час атакі чырвонаармейца Засімука раніла. Аднак у гарачыні бою ён не адразу адчуў, што зачапіла кісць рукі і куля прайшла навылёт. Ён рынуўся наперад з крыкам: “За Радзіму! За Сталіна!” Страчыў з аўтамата па фашыстах, што хаваліся ў падвале, а мокры ад крыві рукаў салдацкай целагрэйкі заўважыў і боль ад ранення адчуў толькі напрыканцы бою.
А потым — медсанбат. Сур’ёзны і сярдзіты ўрач у акулярах схіліўся над ягонай ранай і прамовіў:
— Позна, браток… Трэба паўрукі аднімаць. — І дадаў-патлумачыў сумна, як прысуд: — Гангрэна… хоць бы жывым застаўся.
Маладзенькая сястрычка, сама ледзь жывая, ашалелая ад крыві, недасыпанняў і салдацкіх бясконцых смерцяў, везла хлопца ў аперацыйную і прасіла пацярпець, супакойвала, як магла.
Свядомасць да раненага вярнулася ўжо ў вайсковым шпіталі. Агледзеў сябе Цімафей: ногі цэлыя, галава — на плячах… толькі забінтаваная кукса рукі выдавала, што ўжо адваяваўся.
— Нічога, салдат, прывыкнеш… З такой бядой жыць можна! — гаварылі суседзі па палаце і налілі чыстага спірту, што выпрасілі днямі “выключна для папраўлення здароўя” ў медсястры.
…У глыбокім, бы возера, сне, салодкім і амаль бесклапотным, знікла вайна-ліхаманка. Цімафей бачыў родныя жабінкаўскія мясціны, бацькоўскую хату ў Падлессі, абедзве “жывыя” рукі цягнуў да родных, што ў той хаце зачакаліся… Не ведаў малады салдацік, што чакае яго яшчэ не адна аперацыя. У выніку апош-няй — страціў руку цалкам, па самае плячо.
Ды ён па-ранейшаму храбрыўся, усё згадваў лёс адважнага лётчыка Аляксея Марэсьева:
— Ён жа абедзве нагі страціў. Са сваімі дзеравяшкамі замест ног — лятаў! А я без адной рукі не змагу жыць?..
Дзявятага мая сорак пятага Цімафей Засімук сустрэў у Талінскім ваенным шпіталі, залечваючы раны ад ампутацыі. А загад пра ягоную дэмабілізацыю ўжо ляжаў на стале пад шклом у медыцынскага начальства. Праводзілі хлопца дамоў усім светам: назбіралі ў дарогу прыпасаў, перадалі адрасы з прывітаннямі да родных… (Ён кожную вестачку ад таварышаў іх родным перадаў).
Вярнуўся ў родны край, аднаўляў разбураны калгас “Сталінскі пуць”, пазней названы “Запаветамі Ільіча”. А вечарамі спяшаўся ў бібліятэку (былы баец узяў на сябе грамадскі абавязак мясцовага бібліятэкара). Працаваў загадчыкам свінафермы, меў узнагароды на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, на якой прадстаўляў Жабінкаўшчыну. Стварыў сям’ю, у якой гадаваліся тры дачкі. Задумаў Засімук пабудаваць новы дом, хоць і аднарукі, ды з дапамогай гаспадаркі — асіліў. Часам, калі запрашалі на Дзень Перамогі, расказваў школьнікам пра вайну і працу ў мірны час. Вучні таксама не забывалі ягоны дом з чырвонай зоркай на сцяне і надпісам: “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны”. Медаль “За адвагу” сведчыў, што ваяваў ён смела на перадавой, дзе смерць калісьці “памылілася” — прайшла міма, хоць і кранула моцна… Медаль “За баявыя заслугі” гаварыў, што не хаваўся за спінамі таварышаў. Пра адно шкадаваў ветэран: той памятны бой пад Кёнігсбергам застаўся без узнагароды… Калі ўжо старым моцна хварэў, бывала, Цімафею Засімуку бачыліся трывожныя сны, а раніцай са скрухай прамаўляў:
— Зноў ваяваў…
Памёр ён пяць гадоў таму, у самы апошні студзеньскі дзень 2009-га. Была жудасная сцюжа: мароз і завея… Сярод узнагародаў, што засталіся пасля ветэрана — медаль “За Перамогу над Германіяй”, які сцвярджае: гэты чалавек застаўся назаўсёды пераможцам.
Аляксандр КОЛЕСАЎ.
На здымку: малады гвардзеец Цімафей Засімук, фота 1944 года.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top