Удзячнасць невядомым з вялікай той вайны

Удзячнасць невядомым з вялікай той вайны

памятникЖыву ў Брэсце, у месцы адкуль пачалася Вялікая Айчынная. Колькі б гадоў не мінула, у нашым народзе стараюцца захоўваць успаміны і ўдзячнасць да салдат, што склалі галовы на палях той вайны. У апошнія гады ў Брэсце і крэпасці нярэдка праводзяцца перазахаванні салдат і афіцэраў. На жаль, большасць іх імёнаў застаюцца невядомымі. І гэтак — у многіх кутках Брэстчыны, ва ўсёй Беларусі. Даўно ўдзельнічаю ў краязнаўчых падарожжах. У гэтых дапытлівых вандроўках нярэдка даводзіцца знаходзіць яркія і паўзабытыя памяткі нашай гісторыі і культуры. Ёсць яны і на Жабінкаў-шчыне.
Нарэшце сабраўся напісаць вам, бо даўно хацеў распытаць пра памятны знак у Жабінкаўскім раёне, што месціцца ля вёскі Булькова. Тым больш, што і нагода ёсць: зусім блізка свята Перамогі, 70-гадовы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Крышачку пра булькоўскі камень. Заўважыў гэты сціплы, але створаны з дапамогай клапатлівых рук знак некалькі гадоў таму, а сфатаграфаваў толькі нядаўна.
Вось мая падказка: знак знаходзіцца ля дарогі на поўнач ад вёскі. Калі ехаць у паселішча ад Маскоўскай шашы праз лес да штучнай канавы, потым паўз канаву направа ў бок ракі, дзе другі ўезд у Булькова, — вось там (направа ад дарогі) і знаходзіцца гэты камень. Падобна, што пад ім пахаванне. Вясною там дагледжаная клумба з кветкамі, на восень зарастае пустазеллем (я трохі палоў, калі наведваўся). Надпіс і чырвоная зорка на камяні выбітыя прафесійна, а потым зафарбаваныя.
У Булькова я заязджаў звычайна на веласіпедзе; люблю праехацца па тых мясцінах, пасядзець на беразе Мухаўца, падумаць-паразважаць, у тым ліку і пра лёс невядомага салдата, пра тых людзей, што не далі загінуць ягонай магіле, захавалі ўдзячнасць аб невядомым з вялікай той вайны, нават праз доўгія дзесяцігоддзі даглядаюць чужое пахаванне. Аднак усё ж хочацца ведаць падрабязнасці пра ўзнікненне гэтага знака, час пахавання. Мо нехта з мясцовых ведае падрабязнасці?
Уладзімір СУХАПАР, г.Брэст.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top