Untitled-1

У “Тонуса” — дыплом ІІІ-ай ступені

У мінулую нядзелю ў Брэсце адбыўся ХІІ рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў пад назваю “Не старэюць душой ветэраны”, у якім удзельнічалі 14 груп мастацкай самадзейнасці. Ад Жабінкаўшчыны на фестывалі сваё майстэрства паказваў народны хор ветэранаў “Тонус”, якім кіруе Людміла Васільеўна Дошчык. Сёлета ў сакавіку жабінкаўскі калектыў пацвердзіў званне народнага. З рэспубліканскага фестывалю харысты прывезлі дыплом ІІІ-яй ступені, дзе яны выканалі песню “Маці паслала сыну думы” на словы М.Танка, музыку да якой напісаў А.Захарчанка. Гэта, вядома, важкі поспех! Акрамя асноўнага акампаніятара Івана Пішчыка, ветэранам падыгрывала аркестравая група пад кіраўніцтвам Наталлі Грэцкай. Акрамя двух баянаў, гучалі цымбалы, балалайка і кантрабас.

Выйграла конкурс

На базе Бярозаўскай ЦРБ прайшоў абласны конкурс медыцынскіх аперацыйных сясцёр. За званне называцца лепшай сюды прыехалі паспаборнічаць 11 удзельніц з цэнтральных раённых бальніц Брэстчыны. Нашу  прадстаўляла Людміла Рыгораўна Шаляговіч.
Ёй давялося вытрымаць нялёгкае саперніцтва. У якасці дамашняга задання быў паказаны відэаролік-прэзентацыя жабінкаўскай медыцынскай установы. Цікава, з музычным суправаджэннем разам з калегамі Людміла расказала пра ролю медыцынскай сястры ў хірургіі. Не было ёй роўнай, калі давялося на хуткасць сабраць патрэбны медыцынскі інструмент на аперацыю. Выдатныя адказы былі і на тэсты па санітарна-эпідэмічнаму рэжыму і агульнай хірургіі. Людміла Шаляговіч змагла здзівіць журы і на апошнім заданні, дзе прапанавалася расказаць пра сваё хобі. Яна любіць хадзіць у лес, збіраць грыбы. Вядома, цяпер гэтая пара яшчэ не настала. Таму ў руках Людмілы з’явіўся кашолачак з прыгожымі грыбамі, зробленымі з цеста.
Эрудыцыя, знаходлівасць, высокі прафесіяналізм Л.Р.Шаляговіч дапамаглі выйграць конкурс і заняць нашай медыцынскай аперацыйнай сястры першае месца.
Безумоўна, і дзякуючы групе падтрымкі. Пераможца атрымала грашовы прыз, Дыплом абкама прафсаюза медыцынскіх работнікаў і, канечне, кветкі.
А якая ж Людміла Рыгораўна на працы? “Вельмі адказная і проста незаменная”, — адзначаюць калегі. У 1992 годзе пасля Брэсцкага медыцынскага вучылішча прыйшла па размеркаванні ў жабінкаўскую раённую бальніцу. Так і засталася. Тут патрэбны яе веды і вопыт.

Сузор’е талентаў

Жабінкаўскія школьнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскай дыстанцыйнай алімпіядзе па біялогіі, хіміі і матэматыцы. Дзякуючы раённаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і, у прыватнасці, намесніку начальніка Кацярыне Мікалаеўне Сіда, навучэнцы Жабінкі ў складзе зборнай каманды Брэсцкай вобласці паўдзельнічалі ў рэспубліканскім фестывалі “Сузор’е талентаў”.
У першым конкурсе, які меў назву “Сінтэз розуму”, заданні выконвалі разам і навучэнцы, і педагогі. Другім этапам фестывалю была абарона сацыяльных праектаў “Настаўнік вачамі вучняў”, “Школьны этыкет: учора і сёння”, “Фастфуд: добра ці дрэнна?”. Трэці этап — вочная алімпіяда па прадметах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла — выявіў лепшых хімікаў, біёлагаў і матэматыкаў.
Каманда Брэсцкай вобласці, у складзе якой выступілі дзевяцікласнікі СШ №1 г.Жабінка Уладзіслаў Кісляк і Паліна Шэлюх, дзесяцікласніца гэтай жа школы Дар’я Людына і вучань 7 класа другой гарадской адзінаццацігодкі Ілля Галяшчыхін, заняла трэцяе месца і была ўзнагароджана Дыпломам III ступені і Кубкам. Кожны з шасці ўдзельнікаў каманды атрымаў у падарунак флэш-карту і надуўны матрац. Акрамя таго, таленавітых школьнікаў чакала 2-гадзінная экскурсія па Мінску.

Рабіць дабро іншым

Нядзельная школа пры Свята-Пакроўскім храме Жабінкі працуе больш за 10 гадоў. У ёй навучаецца каля 150 дзяцей. Дзейнасць нядзельнай школы не абмяжоўваецца толькі ўрокамі, на якіх выхаванцы-вернікі далучаюцца да хрысціянскіх богаслужэнняў і жыцця царквы. Традыцыйнымі сталі калядныя і велікодныя тэатралізаваныя пастаноўкі, якія яны рыхтуюць і з якімі выступаюць. Юныя вернікі частыя госці чытачоў цукразаводскай гарадской бібліятэкі.
На гэты раз гурткоўцы са сваім кіраўніком Галінай Іванаўнай Піўчык прапанавалі гледачам-чытачам відовішча “Дары Артабана”. “Убачаная гісторыя, — сказала бібліятэкар Таццяна Іванаўна Раманава, — вядома, пераканала хлопчыкаў і дзяўчынак 1-4 класаў другой гарадской школы, што тварыць дабро іншым, дапамагаць ім — гэта святы абавязак кожнага з нас”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top