“Ручнік — гэта тая ж казка…”

“Ручнік — гэта тая ж казка…”

large_img-07c4 (2)
У другой гарадской адзінаццацігодцы завяршыўся Тыдзень дзіцячай кнігі. У рамках яго ў школе правялі шэраг мерапрыемстваў. Прыняць удзел у адным з іх мяне запрасіла бібліятэкар Раіса Валер’еўна Крупко.
Для вучняў чацвёртых і пятых класаў з задавальненнем прачытаў свае творы. Дзеці актыўна разгадвалі казкі-загадкі, задавалі пытанні.
Як працяг нашай размовы, стала выступленне фальклорнай групы, што дзейнічае ў школе. Нездарма прагучала, што руч-нік — гэта тая ж казка, вышытая рукамі народных умельцаў.
На вечарыну ручнікі, з якімі знаёмілі Яна Радчук, Надзея Глазкова, Ліза Кузьміцкая ды Насця Астапук, “прыехалі” аж са Старога Сяла, ад бабулі Каржук, унучка якой Марына Мікалаеўна выкладае беларускую мову і літаратуру ў Жабінцы. Пра іх, выдатных вышывальшчыц, паэт Юры Кавальскі некалі пісаў:

За зялёнаю ніткай — чырвоная,
Цудадзейная ў мамы рука…
І зямелька, нібы нарачоная,
На краёчку стаіць ручніка.

Вышыты ручнік — нацыянальны гонар беларусаў. Сваімі фарбамі, малюнкам, арнаментам ён розніцца з вышыванкамі іншых народаў. Ручнічок суправаджае чалавека ад нара-джэння і да самай смерці. Без яго не абыходзіцца ніводная важная жыццёвая падзея. Ім на вяселлі маладая перавязвае гасцей жаніха, пад час вянчання на шчасце і долю маладыя становяцца на ручнік:

Не забыць той непаўторны міг
І далей ісці адной дарогай.
Сталі маладыя на ручнік,
Пакляліся родным, блізкім, Богу.

Ручнік на крыжы — гэта сімвал журбы па ўсім дарагім, што страчана намі ў жыцці, але ж і нясе надзею на духоўнае наша ўваскрашэнне ў будучым. Ён нібы яднае дзень учарашні з заўтрашнім. Як казаў паэт, “адной рукой гайдай калыску сына, другой — магілу дзедаву папраў…”
Аповед членаў фальклорнай групы межаваўся з беларускімі народнымі песнямі: “Чаму ж мне не пець…”, “Ой, пасеяла Ульяніца лянок”, “Купалінка”, “Ой, у полі два дубкі” і інш. Песні гучалі пад мілагучны звон цымбалаў (цымбалістка — вучаніца 9 “А” класа Яна Міхайлецкая).
Юным слухачам задавалі пытанні, звязаныя з родным, нацыянальным: “З чаго ткуць беларусы ручнікі?”, “Якія колеры характэрныя для іх?”, “Якія ведаеце беларускія танцы і народныя музычныя інструменты?” і г.д. Вечарына атрымалася цікавая і была карыснай для хлопчыкаў і дзяўчынак.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top