Маўр зрабіў сваю справу, альбо Да чаго прыводзіць рэўнасць

Маўр зрабіў сваю справу, альбо Да чаго прыводзіць рэўнасць

рабитая бутылка водки

Пра маўра Атэла ведаюць аматары класічнай літаратуры, але й сёння часам узнікаюць трагічныя любоўныя трохкутнікі. Калі раўнівец “падагрэты” яшчэ й гарэлкай, тут ужо чакай іншай класікі — крымінальнай.
Пакуль жонка знаходзілася ў Польшчы, берасцеец Віктар С. вырашыў наведацца ў Падлессе, дзе жыла каханка Ірына. На працягу дня ён неаднаразова тэлефанаваў ёй, бо не давяраў жанчыне і раўнаваў, найперш да кума-аднавяскоўца Вацлава К., з якім Ірына мела раней інтымныя адносіны. Да слова, жанчына некалі мела сувязі з абодвума ўдзельнікамі любоўнага трохкутніка, і гэта для іх не было тайнай.
Дома раўнівец моцна прыклаўся да пляшкі, а ў дарозе прыдбаў яшчэ пару бутэлек гарэлкі, відаць, каб далей было весялей бавіць час.
Аднак у вёсцы п’янага “маўра” чакаў непрыемны сюрпрыз: Ірына была не адна — у яе ўжо гасцяваў той самы Вацлаў. Вядома, і тут без спіртнога не абышлося. Пабачыўшы раз’юшанага Віктара, які ўвайшоў у летнюю кухню, Вацлаў паспеў папярэдзіць:
— Іра, бяжы!
Хоць і самому было да месца хавацца ад дамарослага Атэла.
Віктар быў у гневе і без лішніх слоў перайшоў да справы, прыгаворваючы:
— Уставай, будзем біцца!
Бойка больш нагадвала збіванне. Раўнівец дастаў пляшку, якую абрынуў на галаву саперніка. Шкло разбітай бутэлькі разляцелася ва ўсе бакі, а затым Віктар лупцаваў з усёй сілай, не зважаючы, што супраціўлення Вацлаў ніякага не аказваў: пазней урачы налічылі ў яго каля двух дзясяткаў удараў бутэлькай, нагамі ды кулакамі, з іх дзясятак — нажом. Біў раўнівы мужчына зацята, часцей па галаве, твары, у пах, іншых частках цела.
Калі “маўр” зрабіў сваю справу, прысеў ля веснічак, адкаркаваў другую пляшку, зрабіў некалькі глыткоў гарэлкі і стаў мыць рукі, якія па локаць былі ў крыві. Ад моцнага ап’янення ён ўжо ледзь памятаў, як на месцы здарэння з’явілася міліцыя, выкліканая суседкай, якую ён папярэдне таксама ўдарыў. Участковы пачаў шукаць Вацлава і прыйшоў у жах, калі адчыніў летнюю кухню, дзе знайшоў таго ў лужыне крыві, паўсюль былі прыкметы трагедыі, якая тут разыгралася.
Акрываўлены і моцна пабіты Вацлаў быў дастаўлены “хуткай дапамогай” у райбальніцу, а затым і ў Брэсцкую аблас-ную,  дзе праходзіў лячэнне. Свайму саперніку Віктар нанёс наўмысныя цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пералому чэрапа, небяспечныя для жыцця, прычым спосабам, які ўяўна насіў характар катавання, іншымі словамі здзейсніў злачынства, прадугледжанае пунктам 3 часткі 2 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Віктар С. пад цяжарам прад’яўленых яму старшым следчым раённага аддзела Следчага камітэта Ірынай Мельнічук абвінавачванняў цалкам прызнаў сваю віну ў злачынстве. Ён палічыў, што высновы экспертыз, з якімі быў азнаёмлены, поўнасцю пераканаўчыя, паказаў, што забіваць саперніка не хацеў, але жадаў прычыніць таму моцны боль, тлумачыў гэта маральнымі пакутамі ад здрады і хацеў, каб Вацлаў пакутаваў таксама.
Прыгаворам суда Віктар С. пазбаўлены волі на шэсць гадоў з утрыманнем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Аляксандр ДЗЯГЕЛЬ,  начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі  Беларусь.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top