“Люблю, калі рукі малаком пахнуць…”

“Люблю, калі рукі малаком пахнуць…”

IMG_доярМікалай Нідчанка аператарам машыннага даення ў ААТ “Ракітніца” працуе ўсяго некалькі месяцаў. Забягаючы наперад, скажам, што да сваіх абавязкаў ставіцца вельмі адказна і сумленна. Ён адзіны пакуль прадстаўнік “моцнай” палавіны ў гаспадарцы, які доіць кароў.
“Спакойны, разважлівы, добрасумленны, ніколі не спазняецца на дойку, работу сваю ведае і сумленна яе выконвае”, — так ахарактарызавалі Мікалая жывёлаводы. А сам юнак лічыць, што павагу людзей можна заслужыць толькі адказнасцю і акуратнасцю.
… Новы дзень у 18-гадовага Мікалая пачынаецца а чацвёртай гадзіне раніцы. У пяць — ён ужо на малочнатаварнай ферме “Ракітніца” ў даільнай зале рыхтуе апараты. Разам з напарніцай Валянцінай Леанідаўнай Мазялюк доіць амаль паўтысячы рагуль. Потым — некалькі гадзін адпачынку. Гэты час, як правіла, адводзіцца сну. А колькі таго сну будзе, калі апоўдні пачынаецца наступная дойка, а там — на чарзе і вячэрняя?..
Праўда, Мікалай не прывык скардзіцца. Суцяшае сябе тым, што ў выхадныя адаспіцца. Хаця хлопцу, які не цураецца работы, занятак у вёсцы заўжды знойдзецца…
— Зараз працаваць у новай даільнай зале — адно задавальненне, — кажа Мікалай. — Заўсёды на ферме цёпла, увесь час ёсць гарачая вада. А даільную ўстаноўку “елачка” з малакаправодам не параўнаць. І аператару працаваць камфортна, і жывёле, здаецца, таксама… Памятаю, калі яшчэ малым быў, часта дапамагаў маці на ферме (яна, лічы, усё жыццё даяркай працавала), падносіў паўнюткія вёдры з малаком, бо шкадаваў яе рукі… Тады памочнікам быў, а цяпер і сам працаўнік.
Мікалай сціпла расказваў пра сваю работу. Аднак адчувалася, што любіць першае ў жыцці працоўнае месца.
— Няхай аператар машыннага даення — гэта не модная сярод юнакоў і дзяўчат прафесія, — лічыць Мікалай Нідчанка. — Многія мае аднакласнікі пайшлі вучыцца на эканамістаў, маркетолагаў і інш., каб потым атрымліваць вялікія грошы. Аднак, калі прадукцыю фермы залічваюць высокім гатункам, і месячныя надоі высокія, то і тут зарабіць можна няблага.
А з іншага боку, трэба вельмі-вельмі любіць жывёл, каб на ферме працаваць. Здаецца, усе каровы аднолькава пярэстыя. А ёсць у статку адна, яўная лідарка: будзе самая першая ў даілку бегчы, сябровак рагамі расштурхоўваць. А пачне даіцца, дык стаіць, як зачараваная, нават хвастом не ўзмахне. Вось яе люблю, заўжды пагладжу. Каб усе такія разумніцы былі! У маёй сястры Святланы на ферме (яна даярка) таксама такія “экзэмпляры” ёсць.
Летась Мікалай завочна паступіў у Пінскі аграрна-тэхнічны каледж, каб атрымаць спецыяльнасць заатэхніка. Калі ёсць вольны час, сядае пісаць кантрольныя, а калі ўзнікаюць цяжкасці, звяртаецца па параду да галоўнага заатэхніка гаспадаркі Ірыны Міхайлаўны Крук.
… Марыць Мікалай у будучым пабудаваць свой дом, мець дружную сям’ю, завесці гаспадарку і абавязкова набыць карову. “Я люблю, калі рукі малаком пахнуць”, — на развітанне сказаў ён.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: Мікалай Нідчанка.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top