Інтарэсы работнікаў — нашы інтарэсы

IMG_8611
У прафсаюзаў Беларусі — юбілей. Святкаванне прымеркавана да 1 Мая — свята працы. Прэзідэнт краіны А.Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў са 110-годдзем прафсаюзнага руху і адзначыў, што сёння Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі беражліва захоўвае і ўмацоўвае традыцыі слаўных працоўных подзвігаў, аб’ядноўваючы ў сваіх шэрагах больш чым 4 млн. чалавек, з’яўляецца рэальнай сілай, здольнай змагацца за інтарэсы працоўных і быць верным саратнікам дзяржавы ў вырашэнні важных сацыяльных і эканамічных праблем.
Галоўнымі мэтамі прафсаюзаў былі і застаюцца задачы, якія дыктавала жыццё, — абарона правоў і гарантый працоўных, стварэнне для іх спрыяльных умоў працы і адпачынку, павышэнне жыццёвага ўзроўню. Шмат гадоў актыўна працавалі ў нашым раёне на чале прафсаюзных арганізацый вытворчай і сацыяльнай сферы Рыгор Васільевіч Сянчук, Вера Анатольеўна Шэвелева, Валянціна Іванаўна Качко, Галіна Мікалаеўна Бацук, Данута Канстанцінаўна Крупко, Васіль Канстанцінавіч Гопша, Таццяна Антонаўна Япішка, Марыя Кімаўна Буцько, Аляксандр Васіль-евіч Еўтуховіч, Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва, Таццяна Аляксееўна Філіманюк, Валянцін Васільевіч Панасюк, Леанід Іванавіч Міклашэвіч, Ганна Васільеўна Шкарупа, Ніна Сцяпанаўна Ляшук, Валянціна Мікалаеўна Карпук і іншыя.
Поспех прафсаюзнай работы ў многім залежыць ад таго, як працуе ўвесь калектыў, як выкарыстоўваюцца на справе яго магчымасці. Добрыя традыцыі, закладзеныя старэйшым пакаленнем, працягваюць Наталля Мікалаеўна Урбан, Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк, Віталь Генадзьевіч Вялько, Людміла Пятроўна Сняжко, Аляксандр Яўгенавіч Шчасюк. На сённяшні дзень у Жабінкаўскім раёне сфарміравана сістэма сацыяльнага партнёрства, накіраваная на ўзгодненае правядзенне сацыяльна-эканамічнай палітыкі і дагаворнае рэгуляванне працоўных адносін, што знаходзіць сваё непасрэднае адлюстраванне ў раённым пагадненні.
Практычна ва ўсіх арганізацыях заключаны калектыўныя дагаворы, якія з’яўляюцца асноўным і паўнавартасным дакументам на прадпрыемстве, садзейнічаюць рашэнню сацыяльных праграм, забеспячэнню аховы працы, здароўя і экалагічнай бяспекі грамадзян, абараняюць іх інтарэсы.
Першарадным застаецца выкананне патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах ва ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і №3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі краіны”. Прафсаюзныя камітэты накіроўваюць свае намаганні на ўмацаванне вытворчай і працоўнай дысцыпліны, стымуляванне росту аб’ёмаў вытворчасці з найменшымі выдаткамі.
З мэтай уключэння ў кантракты дадатковых мераў стымулюючага характару, прафсаюзы праводзяць маніторынг кантрактнай формы найму. Наладжаны пастаянны грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы, яго ахове, жыллёвага заканадаўства, калектыўна-дагаворных абавязацельстваў. Аналізуем і абагульняем інфармацыю аб парушэннях заканадаўства і зваротах членаў прафсаюза, аказваем членам арганізацыі бясплатную дапамогу ў прававых і эканамічных пытаннях.
Немалаважная роля адведзена прафсаюзам у арганізацыі працоўнага саперніцтва. Напрыклад, пастаянна дзейнічае сістэма матэрыяльнага стымулявання на ўсіх відах сельскагас-падарчых работ. Па выніках раённага спаборніцтва ў час веснавой кампаніі ў 2013 годзе пераможцам названы калектыў ААТ “Ракітніца”. Вызначаны таксама лепшыя сярод механізатараў у кожным з дзевяці відаў работ. Ім уручаны прэміі за кошт раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Райкам прафсаюза рыхтуе каштоўныя падарункі ўдзельнікам жніва — тысячнікам-камбайнерам і вадзіцелям. Так, летась 8 камбайнавых экіпажаў і 10 вадзіцеляў, што працавалі на адвозцы ўраджаю, былі ўзнагароджаны ад прафсаюза. Арганізоўваем раённае спаборніцтва сярод гаспадарак на ўборцы саломы з палёў. Ужо традыцыйным стала ўзнагароджанне двух першых экіпажаў камбайнаў і вадзіцеля Пісьмамі падзякі абласнога камітэта прафсаюза і камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Брэсцкага аблвыканкама з адначасовымі грашовымі выплатамі за кошт сродкаў абкама.
Прынята сумеснае рашэнне райкама прафсаюза і райсельгасхарчу аб штогадовым правядзенні аглядаў-конкурсаў на лепшую работу ў стварэнні належных умоў працы і вытворчага быту працаўнікам малочнатаварных фермаў і рамонтных майстэрняў. Па выніках работы за 2013 год рамонтная майстэрня СВК “Рагазнянскі” прызнана лепшай у вобласці і адзначана дыпломам Брэсцкага абкама прафсаюза (старшыня А.В.Семянюк, старшыня прафкама Ж.М.Трафімук). Пастаянна праводзіцца маніторынг умоў быту і арганізацыі харчавання работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Культурнае правядзенне вольнага часу, удзел работнікаў у розных масавых і спартыўных мерапрыемствах — гэта таксама клопат прафсаюзаў. Традыцыйнай стала спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу, якую арганізуе райкам прафсаюза работнікаў АПК сумесна з аддзеламі райвыканкама. Тры гады запар першае месца ў ёй займае калектыў фізічнай культуры камбікормавага завода. На ўзнагароджванне пераможцаў ва ўсіх відах спорту накіроўваюцца сродкі райкама прафсаюза.
Сёмы год сярод падраз-дзяленняў камбікормавага завода праводзіцца круглагадовая спартакіяда ў 10-ці відах спорту (плаванне, стральба, більярд, настольны тэніс, дартс, гіравы спорт, лёгкая атлетыка, шашкі, шахматы, боулінг). Пераможцам уручаюцца пераходны кубак і грашовыя прэміі. Галоўным суддзёй назначаны старшыня прафкама В.М.Якубук.
На цукровым заво-дзе (старшыня прафкама І.К.Якубук) праводзяцца першынство завода ў валейболе, міні-футболе, дартсу, більярдзе, стральбе з пнеўматычнага пісталета. Цікава праходзяць на Белым возеры спаборніцтвы ў рыбнай лоўлі сярод аматараў спінінгавай рыбалкі на лодках, арганізоўваюцца турыстычныя злёты.
Рашэннем Брэсцкага абкама прафсаюза пярвічныя арганізацыі камбікормавага і цукровага завода па выніках галіновага агляду-конкурсу прызнаны лепшымі прафсаюзнымі арганізацыямі ў фарміраванні здаровага ладу жыцця.
Некаторыя прафкамы, наймальнікі аплачваюць сваім работнікам наведванне ФАУ “СК “Бадзёрасць”. У прафсаюзных арганізацыях сталі традыцыйныя паездкі ў Лядовы палац Брэста і Кобрынскі аквапарк, Белавежскую пушчу, Жыровіцкі манастыр, Мір, Нясвіж і інш.
Прафсаюзы Жабін-каўшчыны ўдзель-нічаюць у дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. Штогод хлопчыкі і дзяўчынкі ў час навагодніх і калядных святаў наведваюць Брэсцкі абласны Палац культуры прафсаюзаў і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, дзе глядзяць навагоднія прадстаўленні, а затым ім уручаюцца салодкія падарункі ад прафсаюзаў. Прыжылася ў раёне і акцыя да новага навучальнага года пад дэвізам “Дзеці ідуць у школу”. Раённы камітэт, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі аказваюць матэрыяльную дапамогу членам прафсаюза на пакупку дзецям школьнай і спартыўнай формы, абутку, пісьмовых прылад. У рамках гэтай акцыі прафсаюзнымі арганізацыямі ўсіх узроўняў аграпрамысловага комплексу з прафсаюзнага бюджэту была выдаткавана 41,79 млн. руб. і аказана дапамога 147-мі членам прафсаюза.
Штогод прафкамы ўдзель-нічаюць у арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей работнікаў галіны. Каб зрабіць больш танным кошт пуцёвак, грашовыя сродкі выдзяляюць як наймальнікі, так і прафсаюзныя камітэты.
Прафсаюзы ніколі не стаялі ўбаку ад палітычных падзей у краіне. На прайшоўшых у сакавіку выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у склад усіх участковых выбарчых камісій былі вылучаны прадстаўнікі прафсаюзаў.
Час паказаў, што прафсаюзы трывала занялі сваю нішу ў грамадстве. Патэнцыял прафсаюзаў высокі, і нам пад сілу рашэнне любых задач на карысць нашай краіны.
Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня каардынацыйнага савета Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый.
На здымку: актывісты прафсаюзнага руху Ала Сцяпанаўна Ануфрыюк,
Рыгор Васільевіч Сянчук, Ніна Уладзіміраўна Калыбская і Наталля Мікалаеўна Урбан.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*