Жыццё “да” і “пасля”

Жыццё “да” і “пасля”

Пасля аварыі прайшло 28 гадоў. На Жабінкаўшчыне шмат сем’яў, якія апынуліся тут у выніку высялення з забруджаных тэрыторый Веткаўскага, Нараўлянскага, Хойніцкага, Чачэрскага, Кармянскага, іншых пацярпелых раёнаў. Яны ўспамінаюць родныя сэрцу мясціны, якія прыйшлося пакінуць, расказваюць пра сённяшняе жыццё.
Аляксей Фёдаравіч Крук, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
IMG_8387— Да аварыі мы жылі ў прыгожым і маляўнічым куточку Гомельшчыны — Веткаўскім раёне. З жонкай Марыяй Аляксееўнай працавалі настаўнікамі ў Рэчкаўскай сярэдняй школе, гадавалі сыноў Андрэя і Сашку. Два гады пасля аварыі быў старшынёй Акшынкаўскага сельсавета на Веткаўшчыне. Удзельнічаў у дэзактывацыйных работах. Вялікую дапамогу ў гэтых мерапрыемствах аказваў батальён войскаў грамадзянскай абароны. Пад час іх правядзення спецыяльным растворам апрацоўвалася вопратка жыхароў, будынкі. Разбіралі і вывозілі старыя платы, саламяныя дахі замянялі на шыфернае пакрыццё, верхні слой зямлі на 15 сантыметраў ад дамоў здымалі і завозілі чысты пясок. На кожным падворку вымяралі ўзровень радыяцыі. Менавіта тады з’явілася карта забруджанасці раёна радыёнуклідамі.
Прыкладаў такой буйной тэхнагеннай катастрофы ў свеце не было, а пасля яе ў краіне з’явілася шмат праблем, якія патрэбна было вырашаць. Адна з іх — перасяленне жыхароў з забруджаных тэрыторый у чыстыя зоны. З 1989 па 1995 год наша сям’я жыла ў Пінскім раёне. Пасля завяршэння будаўніцтва дома па вуліцы Цэнтральная ў Жабінцы, атрымалі ў ім кватэру. Мясцовыя ўлады заўсёды з разуменнем ставіліся і ставяцца да жыццёвых праблем перасяленцаў. Не выключэнне і мая сям’я. Мы тут прыжыліся, маем добрыя адносіны з суседзямі, калегамі, у сыноў шмат сяброў-жабінкаўцаў. Калі вяртаюся з далёкай паездкі ў Жабінку, адчуваю, што вярнуўся дамоў.
Марына Аляксандраўна Панасюк (у дзявоцтве Міхаленка), інжынер у ахове працы ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”:
IMG_8421— Нарадзілася ў вёсцы Слабажанка Хойніцкага раёна, праз два гады пасля аварыі. Акрамя мяне, у сям’і ўжо былі старэйшыя дзеці: брат Сяргей і сястра Іна. Першым, хто пазнаёміўся з Жабінкай, быў тата — Аляксандр Васільевіч, які ў складзе будаўнічай брыгады ўзводзіў тут жыллё: і ў мікрараёне цукровага завода, і па вуліцы Лугавая, на якой нашай сям’і і паабяцалі дом.
У 1990 годзе “на разведку” ў Жабінку прыехала мама, Таццяна Сяргееўна. Прыгажосць кветкавых клумбаў ля трэцяй гарадской школы, на якіх цвілі ружы, здзівіла яе. “Хачу жыць толькі тут!” — сказала яна. Так, у тым жа годзе наша сям’я пераязджае ў Жабінку. На працягу пяці гадоў мы разам з бацькамі кожныя выхадныя ездзілі ў Слабажанку. Памятаецца, што цяжэй за ўсіх прывыкала да новых мясцін мама, якая так сумавала па звыклай гаворцы, сваіх людзях, прыгожых бярозавых гаях. З цягам часу сталі ездзіць на малую радзіму радзей, але заўсёды наведваем яе на Радаўніцу. З нас траіх толькі я пусціла карані на Жабінкаўшчыне: выйшла замуж за мясцовага хлопца Валянціна Панасюка, пабудавалі дом, расце дачушка Варачка. У бацькоўскай хаце ўсе разам збіраемся на святы, успамінаем дзяцінства, цікавыя гісторыі са школьнага жыцця і абавязкова Слабажанку, якая дасюль сніцца ў снах.
Мікалай Сяргеевіч Капусцін, электраманцёр райаддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь:
IMG_8427 — На момант аварыі наша сям’я жыла ў горадзе Карма Гомельскай вобласці, мне было 13 гадоў, старэйшаму брату Ігару — 17. Тут я закончыў першую гарадскую школу, адсюль і ў армію пайшоў. У 1993 годзе ў Жабінку пераязджае спачатку Ігар з сям’ёй. Праз год, адразу пасля службы, прыехаў за імі і я. У 96-ым пераехалі і бацькі з бабуляй. Так здарылася, што ўсе мы атрымалі 2-пакаёўкі ў адным пад’ездзе ў доме №8 па вуліцы Каштанавая. Тут я сустрэў сваё каханне, ажаніўся. Жонка Іна, працуе медыцынскай сястрой тэрапеўтычнага аддзялення Жабінкаўскай ЦРБ. Пабудавалі дом, маем траіх дзетак.
У Жабінцы жывуць сем’і трох маіх былых аднакласніц: Святланы Шаўцовай, Надзеі Прывалавай і Святланы Сізовай. У Карме прайшло дзяцінства і юнацтва, якія часта ўспамінаюцца, але і на Жабінкаўшчыне было ўжо шмат падзей, якія для мяне вельмі значныя: нараджэнне дзяцей, пераезд у новы дом, выпускны баль у старэйшай дачкі, многія іншыя. На жаль, пайшлі з жыцця бацькі, якія тут пахаваны. Жабінкаўшчына стала для мяне блізкай і роднай.
Мікалай Канстанцінавіч Шчэрбін, старшы вадзіцель РАНС:
IMG_8403— Я быў вучнем пачатковых класаў, калі ў Нароўлю дайшлі звесткі аб аварыі. 1 мая нараўлянскіх дзяцей разам з бацькамі вывозілі ў аздараўленчыя санаторыі Светлагорскага раёна, а восенню наш клас адпачываў у Еўпаторыі. Памятаю, як праводзілася дэзынфекцыя нашага абутку, перш чым зайсці ў школу. На аўтобусах нас прывозілі на заняткі, а пасля іх заканчэння развозілі па дамах.  Медыцынскія камісіі правяралі шчытападобную залозу, сачылі за аналізамі крыві. Харчаванне ў школах і садах было ўзмоцненае. Рабіліся замеры ўзроўню радыяцыі зямлі, паветра, вады. Іх забруджанасць перавышала дапусцімыя нормы ў дзясяткі разоў. Нароўля стала зонай абавязковага адсялення. Жыхарам прапаноўваліся розныя месцы: сталіца, абласныя і раённыя цэнтры. Мы выбралі Жабінку, якую добра ведалі: у Навасадах жыў дзядзька, у Баляўшчыне — стрыечная бабуля, да іх прыязджалі ў госці. У снежні 1991 года наша вялікая сям’я: бацькі і пяцёра дзяцей — справілі наваселле ў новай 4-пакаёвай кватэры на вуліцы Моладзевая, 8. Усе мы: я, тры сястры і брат жывем і працуем на Жабінкаўшчыне, якая стала для нас другой радзімай. На жаль, няма ўжо бацькі, хварэе маці… Але ёсць прадаўжэнне. У нашай матулі, Галіны Пятроўны, сямёра ўнучак, якімі яна ганарыцца і якіх шчыра любіць.
Апытанне правяла Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top