“Залатая рыбка” падарыла “бронзу”

“Залатая рыбка” падарыла “бронзу”

IMG_8390Другі год запар у Беларусі праводзяцца спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў “Фестываль плавання “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Герасімені”. У раённым этапе спаборніцтваў удзельнічалі каля 60 вучняў 3 — 4 класаў Жабінкаўшчыны. У абласных спаборніцтвах, якія прайшлі ў Івацэвічах, наш раён прадстаўлялі 8 навучэнцаў з гарадскіх школ. У выніку каманда заняла 8 месца. Сярод пераможцаў сямейнай эстафеты — сям’я Юрыя і Аксаны Лісаўцоў. Разам з сынам Аляксеем, чацвёртакласнікам трэцяй гарадской адзінаццацігодкі, яны занялі 3 месца і былі ўзнагароджаны граматай, медалямі і каштоўнымі падарункамі. Карэспандэнт раёнкі сустрэлася з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя СШ №3 Ю.Б.Лісаўцом і ўзяла інтэрв’ю.

— Юрый Барысавіч, раскажыце пра вашы ўражанні ад спаборніцтваў, ад выступлення нашай каманды.
— Уражанні спартыўнае свята пакінула вельмі прыемныя. Яно было арганізавана на базе плавальнага басейна ў Івацэвічах. Прыгожая была цырымонія ўрачыстага адкрыцця. Потым пачаліся спаборніцтвы сярод вучняў 3-4 класаў, а завяршала праграму сямейная камандная эстафета “тата + мама + дзіця”. У склад каманды нашага раёна ўвайшлі 6 вучняў трэцяй, 1 вучаніца першай і 1 — другой гарадскіх школ. Дастойна выступіла малодшая ўзроставая група: Каця Рапека, Насця Гац, Сямён Малашанка і Кірыл Зайко. І дзяўчынкі, і хлопчыкі паўваходзілі ў дзясяткі лепшых. У старэйшай групе добрыя вынікі ў Аляксея Лісаўца і Паўла Панасюка. Крыху слабейшыя былі старэйшыя дзяўчаты Настасся Бабінец і Ксенія Бялых, але яны смела і настойліва ішлі да мэты і паказалі свае ўменні ў плаванні. Аднак перамагла каманда Пінска — гэта моцныя сапернікі.
— Затое вы трапілі ў тройку лідараў у сямейнай каманднай эстафеце. Чаму выступала менавіта ваша сям’я?
— Разумееце, для ўдзелу патрабавалася не толькі ўменне плаваць, але яшчэ і жаданне таты, мамы і, галоўнае, дзіцяці. Мы ўсе ў сям’і любім плаваць. Лічу, што плаванне карыснае для хлопчыкаў, дзяўчынак і для дарослых таксама. Яно фарміруе ўсе групы мышцаў, увесь арганізм у цэлым. Плаванне рэкамендуецца дзецям са скаліёзам, з захворваннямі апорна-рухальнага апарату. І паверце, уменне плаваць вельмі спатрэбіцца ў жыцці.
— Дзеці гэтаму вучацца на ўроках фізічнай культуры? Дзе рыхтавалася наша каманда плыўцоў?
— Заняткі па праграме 4 класа праводзяцца бяс-платна на базе ФАУ “СК “Бадзёрасць”. Настаўнікі фізкультуры адвозяць туды школьнікаў. У нас ёсць дзе займацца, выдатныя трэнеры. Дадаткова нашы плыўцы наведваюць платную секцыю трэнера Людмілы Анатольеўны Гаўрылюк у спартыўным комплексе.
— Яшчэ раз віншуем вашу сям’ю з перамогай. Дзякуй за размову.
Гутарыла
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: Юрый, Аксана и Аляксей Лисащцы — «бронзавыя» плыўцы.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top