Да Чэмпіянату свету ў хакеі — 2014

Да Чэмпіянату свету ў хакеі — 2014

001099_00000634777

Каб нішто не азмрочыла свята спорту

Правядзенне Чэмпіянату свету ў хакеі з шайбай 2014 года ў Рэспубліцы Беларусь — вельмі важнае мерапрыемства, вялікая адказнасць для краіны. Таму найважнейшая задача: стварыць бяспеку ў паветранай прасторы Беларусі на час спартыўнага свята. Наколькі падрыхтаваны беларускія вайскоўцы да выканання гэтай задачы?

У час чэмпіянату асаблівая ўвага будзе накіравана на бяспеку ўдзельнікаў і шматлікіх гасцей спаборніцтва. Пры падрыхтоўцы да яго ўважліва вывучаўся сусветны вопыт аховы спартыўных мерапрыемстваў міжнароднага маштабу.

Напрыклад, той, што быў прыменены на Зімовых алімпійскіх гульнях у Сочы Узброеннымі Сіламі Расійскай Федэрацыі. Тады разгортвалася спецыяльная групоўка сіл проціпаветранай абароны, у складзе яе — комплексы С-300, “Бук”, “Ураган”, “Тор”, што надзейна прыкрывалі алімпійскую сталіцу і аб’екты ад удараў з паветра. Аналіз таго, як падобныя спаборніцтвы ахоўвалі ў ЗША і Расіі, Японіі і Паўднёвай Карэі, Украіне і Грэцыі, прывялі да высноў: неабходна мець дадатковыя сілы і сродкі проціпаветранай абароны.

Да спаборніцтваў у Мінску служачыя Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны ажыццяўлялі аператыўную і баявую падрыхтоўку. Пра іх высокі ўзровень сведчаць паспяховае выкананне вучэбна-баявых задач як у час вучэнняў, так і пры праверцы баявой гатоўнасці.

Штогод нашы разлікі праводзяць надзвычай паспяховыя стрэльбы. Так, летась на расійскім палігоне “Ашулук” беларускія зенітныя ракетныя падраздзяленні “Тор” і “Бук” з пастаўленымі задачамі справіліся на адзнаку “выдатна”, у чарговы раз парадавалі сваімі вынікамі, зладжанасцю ў дзеяннях. У выніку — усе цэлі, што назначаліся айчынным падраздзяленням, былі знішчаны. У час вучэння “Захад-2013” асабовы склад на самалётах Су-25, верталётах Мі-24 і Мі-8 удзельнічаў у стрэльбах на палігоне “Гожскі”. З баявой задачай справіліся паспяхова, за што мелі падзяку ад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь.

Сёлета ў лютым праходзілі лётнатактычныя вучэнні, на якіх экіпажы паспяхова выканалі шырокае кола тактычных задач, павышаючы сваё майстэрства не толькі ў раёнах палігонаў, але практычна над усёй Беларуссю, патрулявалі дзяржаўныя межы краіны. Акрамя таго, сёлета ў Гомельскай вобласці ўпершыню на тэрыторыі Беларусі паспяхова праведзены запускі ракет зенітнага ракетнага комплексу “Тор-М2”, разлікі адшукалі і знішчылі ўсе паветраныя мішэні. Умовы стрэльбаў максімальна былі набліжаныя да рэальных. Паветраным праціўнікам для ЗРК “Тор-М2” выступала малая па памерах мішэнь ІПЦ М-1, якая іміціравала сучасныя і перспектыўныя сродкі паветранага нападу апошняга пакалення.

Паказаныя вынікі пацвярджаюць факт — узровень падрыхтоўкі нашых сіл дазволіць паспяхова ахоўваць неба ў час гульняў Чэмпіянату свету.

Зараз завяршаецца падрыхтоўка баявых разлікаў, дэтальна распрацоўваюцца пытанні забеспячэння асабовага складу, спланаванага для абароны аб’ектаў чэмпіянату. Выкарыстоўваецца даволі ўнушальны арсенал узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, што мае вялікія магчымасці захоўваць неба ў бяспецы.

Гаворачы пра тэхніку, вылучым некаторыя ўзоры.

РЛС “Усход-Д” мае далёкасць выяўлення звыш 350 км. ЗРК “Тор-М2” здольная выконваць баявыя задачы ў любым клімаце, зенітная ракетная батарэя можа адначасова збіць 16 цэляў, што рухаюцца з хуткасцю 700 метраў у секунду. ЗРС С-300П дзейнічае для абароны адміністрацыйных і прамысловых аб’ектаў, стацыянарных пунктаў кіравання ад удараў стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатых і аэрабалістычных ракет. Транспартна-баявы верталёт Мі-24 — адзін з лепшых штурмавых верталётаў свету. З моманту стварэння, бадай, ніводны ваенны канфлікт не абышоўся без яго ўдзелу, і паўсюль Мі-24 даказваў сваю ударную магутнасць і выдатную надзейнасць. Падобнымі характарыстыкамі адзначаюцца і самалёты — лёгкі франтавы знішчальнік МіГ-29 і штурмавік Су-25. Усе гэтыя віды ўзбраення будуць задзейнічаны, каб ніякія непажаданыя сітуацыі ў чыстым мірным небе над Беларуссю не азмрочылі свята спорту, які прымае наша сталіца. Ужо зараз можна з упэўненасцю сказаць: асабовы склад і тэхніка Ваенна-паветраных і войскі ППА краіны гатовы да выканання пастаўленых задач.

Леанід ГЛУХАЎ, намеснік камандзіра 115 зенітнага палка ў ідэалагічнай рабоце.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top