
Сёння, 29 студзеня, у Кітаі – вялікай краіне, з якой сябруе Беларусь, – святкуюць Новы год, які прысвечаны мудрай Змяі. Напярэдадні ў Жабінку завіталі сябры – выкладчыкі Інстытута Канфуцыя Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, што падтрымліваюць партнёрскія зносіны з нашым ліцэем і сярэдняй школай №3.
Садружнасць і супрацоўніцтва не маюць межаў, калі сустракаюцца сябры. І надзвычай прыемна, што адрасам шчырага сяброўства зноў стала Жабінка. Прадстаўнікі двух народаў разам сустракалі Кітайскі Новы год. Ён супадае з часам, калі пачынаецца адраджэнне прыроды, таму кітайцы называюць гэты дзень таксама Святам вясны. Усе, хто выходзіў на сцэну, каб выказаць віншаванні, міжволі звярталі ўвагу на надвор’е ў Жабінцы (хоць на календары і быў студзень, ды надта цёплы, сапраўды веснавы). А яшчэ прамоўцы не стамляліся нагадваць пра сяброўства, якое па словах дырэктара Інстытута Канфуцыя (з кітайскага боку) прафесара Фан Шэнляна, “аб’ядноўвае дзве вялікія краіны”. Пра гэта таксама згадвала і Анжэла Саідзі, якая ўзначальвае названы інстытут з беларускага боку. Таму на працягу вечарыны гучалі не толькі матывы, народжаныя ў Паднябеснай, але і на нашай зямлі пад белымі крыламі. Быццам быў пракладзены сяброўскі мост між краінамі і народамі.
Святочны канцэрт адкрылі студэнты Інстытута Канфуцыя з песняй “Смеласць прарвалася вонкі”, якая распавяла пра моц духу, мужнасці і настойлівасці. А на змену кітайскім спевам у госці завітаў Дзед Мароз, каб нагадаць, што і беларусы любяць і ўмеюць весяліцца ды святкаваць. (Нездарма залу запаліў гарэзлівы “Навагодні флэшмоб”!). Было таксама прыемна пачуць песню ў выкананні студэнткі Яны і яе выкладчыка Ян Яна. Сваёй кампазіцыяй, напоўненай грацыяй, таксама парадавала Ганна Марчук, нікога не пакінулі абыякавымі цудоўныя танцы з веерам.
Ліцэісты і вучні трэцяй гарадской школы з ахвотай адказвалі на пытанні, прысвечаныя Кітаю. Прынамсі, было цікава даведацца, што самым распаўсюджаным колерам Свята вясны з’яўляецца чырвоны, у такія дні дамы ўпрыгожваюцца ліхтарыкамі, а на святочным стале абавязкова павінны быць пельмені.
Калі адгучалі апошнія гукі сяброўскага канцэрта, надышоў час узнагарод. Гэты хвалюючы момант запомніцца жабінкаўскім навучэнцам і іх настаўнікам. Дырэктары ліцэя Ганна Кулагіна і Жабінкаўскай сярэдняй школы №3 Ірына Сікорская атрымалі ўзнагароды, якімі адзначаны іх навучальныя ўстановы за выдатную арганізацыю вывучэння кітайскай мовы і папулярызацыю культуры Паднябеснай краіны.

Былі і асабістыя ўзнагароды. Вядучыя мерапрыемства Лізавета Галоўчык і Чэнь Лінлін абвясцілі “Выдатнымі студэнтамі”, а выкладчыкі Інстытута Канфуцыя павіншавалі і ўзнагародзілі Рамана Іванюковіча, Марыю Ларчык і Яну Дземідзюк, Дзіяну Ткачук, Варвару Гаркалюк і Варвару Алешка.

Прыемна сустрэць свята ў коле аднадумцаў і размаўляць на мове сяброўства, якая часам зразумелая і без перакладу.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Наталлі КАВЯРГОВІЧ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%









