808_94939531_img

У такіх “мабілах” абанент недаступны

Справе “тэлефанізацыі” нашага райцэнтра вырашыў паспрыяць расіянін Міхаіл П. Але справу ён задумаў незаконную. Жыхар Стаўрапольскага краю быў затрыманы ў Жабінцы з вялікай колькасцю мабільных тэлефонаў імпартнай вытворчасці, ацэненых на 10 мільёнаў рублёў. Хоць і не меў ён на іх адпаведных дакументаў, аднак ахвотна прапаноўваў для рэалізацыі.

Што ж так цягне на радзіму?

Нараджэнца вёскі Панцюхі Уладзіміра А., які жыве ў Тэльмах, не-не ды пацягне на малую радзіму… Не, зусім не настальгія яму пакуту прыносіць, а жаданне з нечага разжыцца спакою не дае. Вось і ў гэты раз ён залез у чужы жылы дом, дзе спрытна “пагаспадарыў” дый вынес зварачны апарат і шчыток зваршчыка, набор ключоў, балгарку “Макіта”, прыстасаванне для зарадкі аўтамабільных акумулятараў. Аднак нажыцца з крадзенага зламысніку не ўдалося: уласнік дома (расіянін, што жыве стала ў Брэсце), як толькі заўважыў прапажу, неадкладна звярнуўся ў міліцыю. Гэта і дазволіла па гарачых слядах адшукаць злодзея.

Міліцэйскі рэйд прынёс вынік

14 сакавіка ў час рэйдавых мерапрыемстваў затрыманы берасцеец Сяргей С., дырэктар унітарнага прадпрыемства, зарэгістраванага ў Каменцы. Яго фірма ажыццяўляла ў Жабінцы рознічны гандаль будаўнічымі і апрацоўчымі матэрыяламі, бытавымі таварамі імпартнай вытворчасці без дакументаў, што пацвярджаюць факт іх набыцця ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У выніку канфіскавана 19 дзвярэй, 27 люстраў, 452 рулоны шпалераў на суму ў 96 мільёнаў рублёў.

“Пераблытаў” агульнае з уласным

Супрацоўнікі ДАІ упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама сумесна з аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Жабінкаўскага РАУС спынілі ў Бабрах іншамарку “Опель-Амега”. За рулём знаходзіўся жыхар Пінска Уладзімір С., працаўнік арганізацыі “Днеправодбугшлях”. У той дзень ён ступіў на іншы шлях, супрацьзаконны: у салоне аўтамашыны адшукалася схованка са 190 літрамі дызпаліва. Высветлілася, што яно было ўкрадзена на родным прадпрыемстве.

Сямейная сцэна на шпіталёўскай ферме

Анатоль Н. з жонкай і дачкой тры-чатыры гады таму перасяліўся з Украіны на Жабінкаўшчыну, стаў жыць у Сцяпанках. Сям’я з суседняй краіны была прынята на нашай зямлі, яе прадстаўнікі атрымалі від на жыхарства, уладкаваліся працаваць на малочнатаварную ферму ў Шпіталях. Анатоль часам прыкладваўся да бутэлькі, гэта і стала прычынай сваркі, якая перарасла ў панажоўшчыну. Будучы нападпітку, гаспадар сям’і вырашыў павучыць розуму дачку, не знайшоў для гэтага лепшага месца, чым пакой адпачынку на ферме, і лепшага сродку, як нож. Ім ударыў “доньку” ў спіну (на шчасце, пашкоджанне не было моцным). Каб пазбегнуць горшага, жонка звярнулася да прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія астудзілі буяна.

Шчасця з чужой карткі не здымеш!

Жыхар Ракітніцы згубіў ля вясковай крамы пашпарт, а з ім разам зніклі банкаўская картка і паперка, на якой быў напісаны код, што дазваляе той карткай карыстацца. Хутка яна “запрацавала”, і з рахунку пачалі знікаць грошы. Неўзабаве высветлілі, што картка трапіла ў рукі аднавяскоўкі Таццяны Т., якая нідзе не працавала, нярэдка выпівала. Знайшоўшы чужыя рэчы, жанчына не пажадала вярнуць іх уласніку, а паспяшалася ў гандлёвы павільён “Хэчбек” і магазін “Прадукты”, каб атаварыцца. Паспела набыць тавараў на 830 тысяч рублёў. Уладальнікі электронных банкаўскіх картак павінны быць уважлівымі і асцярожнымі, і тады грошы не апынуцца ў чужой кішэні. А для тых, хто такую прапажу адшукаў, парада: памятайце, з чужой карткі шчасця не здымеш, а вось непрыемнасці прыдбаеш абавязкова…

Кірмаш на колах не атрымаўся

У Рагозне праваахоўнікамі спынена жыхарка Пінска Галіна Д., якая на іншамарцы “Пежо” перавозіла імпартныя сарочкі, курткі, тканіну на 50 мільёнаў рублёў, набытыя, па яе словах, на рынку ў Брэсце. Яшчэ больш тавару ўжо айчыннай вытворчасці меў у сваім “Мерседэсе” бабруйчанін Валерый Д., затрыманы ў Федзькавічах. Ягоны “кірмаш на колах” ацэненены ў 110 мільёнаў. У абодвух выпадках рэчы перавозіліся без дакументаў, якія пацвярджаюць факт іх набыцця.

“Зялёным змеем” гандлюе направа-налева

Для жыхаркі Вялікіх Якаўчыцаў Наталлі З. гандаль спіртнымі напоямі даўно стаў трывалым “бізнесам”, ад якога яна ніяк не можа адмовіцца. Толькі за апошні месяц яна тройчы трапляла ў поле зроку міліцыянераў за гэтым заняткам. Напрыклад, напярэдадні Жаночага дня Наталлю спыніў участковы, калі яна перавозіла на веласіпедзе 10 літраў спіртавой вільгаці. “Гарачую ваду” яна быццам прыдбала ў Брэсце ад невядомай асобы за 500 тысяч рублёў. У кожным з выпадкаў на якаўчыцкую “прадпрымальніцу” складаліся адміністрацыйныя пратаколы.
Андрэй ЛАГОТА,  в.а. начальніка Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top