Проехали экологическим маршрутом Жабинковщины

Проехали экологическим маршрутом Жабинковщины

З гасцямі — экалагічным маршрутам Жабінкаўшчыны
У канцы гэтага месяца прыродаахоўнай службе краіны споўніцца 50 гадоў. З нагоды юбілею 27-28 жніўня ў Гродне адбудзецца VIII Рэспубліканскі экалагічны форум. На мінулым тыдні прайшлі заключныя мерапрыемствы яго абласнога этапа. Гэтая падзея адбылася на Жабінкаўшчыне, куды прыехалі кіраўнікі і супрацоўнікі інспекцый усіх астатніх раёнаў, а таксама гарадоў, на чале са старшынёй Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Т.А.Ялкоўскай. У мерапрыемствах узяў удзел намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама А.В.Шалтанюк.
Былі цікавыя паездкі і сустрэчы, у час якіх ішоў абмен думкамі, вяліся дыскусіі, эколагі і непасрэдныя гаспадары прыродных аб’ектаў адказвалі на шматлікія пытанні журналістаў. Галоўную мэту форуму акрэсліла Тамара Анатольеўна Ялкоўская: прыцягнуць увагу чым шырэйшага кола грамадскасці да праблем аховы навакольнага асяроддзя ў год, аб’яўлены Генеральнай Асамблеяй ААН годам біялагічнай разнастайнасці. У вобласці быў аб’яўлены цэлы шэраг конкурсаў, пераможцы якіх паедуць на рэспубліканскі форум.
Экалагічная сітуацыя на Брэстчыне, адзначыла Т.А.Ялкоўская, характарызуецца, паводле нацыянальнага маніторынгу, “устойлівай станоўчай дынамікай”. Гэта тычыцца паветранага басейна, зямлі, водных аб’ектаў, ачышчальных збудаванняў, збору і перапрацоўкі адходаў. Напрыклад, за апошнія 20 гадоў выкіды ў атмасферу зменшыліся на 100 тыс.тон. Створана цэлая сістэма абыходжання з адходамі: фактычна ва ўсе населеныя пункты пайшоў транспарт для цэнтралізаванага вывазу, у 70% гарадоў вядзецца раздзельны збор розных відаў адходаў, чвэрць іх з’яўляецца другасным матэрыяльным рэсурсам.
Жабінкаўшчыну старшыня абласнога камітэта назвала вельмі прыстойным у экалагічных адносінах раёнам. Ён невялікі, кампактны і ў той жа час мае даволі багатую біялагічную разнастайнасць, пра што сведчыць і біязаказнік. Шмат увагі ў раёне ўдзяляецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў, дарог, вытворчых тэрыторый, ахове прыбярэжных зонаў і мясцін адпачынку, сярод прамысловых прадпрыемстваў няма звышнарматыўных забруджвальнікаў атмасферы. “Зразумела, не ўсё ў вас гладка, — сказала ў заключэнне старшыня, — бываюць парушэнні, не ўсе вырашаны праблемы, напрыклад — у сартаванні адходаў, у выманні з іх другаснай сыравіны. Але ў цэлым удзельнікам форуму тут ёсць на што паглядзець, а нешта і пераняць”.
Галоўны раённы дзяржінспектар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С.А.Штык ахвотна завёў гасцей на шмат якія аб’екты. На гідравузле “Навасады” яны даведаліся ад яго новага начальніка А.С.Барычэўскага, што тут плануецца будаўніцтва міні-ГЭС (пасля гідравузла “Залуззе”, дзе работы пачнуцца ўжо сёлета), каб “загрузіць” Мухавец, паколькі значна скарацілася суднаходства па ім. Палюбаваліся двума дубамі-веліканамі ў Пятровічах, пашкадавалі аднаго з іх, які, на жаль, дажывае свой век і неўзабаве страціць статус помніка прыроды. У тутэйшым лясніцтве сустрэліся з дырэктарам Кобрынскага доследнага лясгаса А.А.Куліком, які не без гонару паказаў малады міні-дэндрапарк (батанічны сад), статак плямістых аленяў, што жывуць у паўдзікай прыродзе, расказаў пра гаспадарку ў цэлым і спыніўся на сістэме аховы лясоў ад пажараў; сістэма, адзначыў ён, добра адладжана ва ўсёй краіне і не раз праявіла сябе, у т.л. у зусім нядаўнім змаганні з агнём каля вёсак Пералум’е і Сычова Жабінкаўскага раёна.
Гасцінна шаноўную дэлегацыю сустрэлі ў райцэнтры: паказалі гарадскі парк, упарадкаваныя адміністрацыйныя і вытворчыя тэрыторыі райсельгастэхнікі, ПМК-10. Найдаўжэй дэлегацыя затрымалася на станцыі абезжалезвання. Галоўны інжынер жылкамунгаса М.В.Бобрык, начальнік водазабору В.І.Юрчук, супрацоўнікі хімлабараторыі падрабязна азнаёмілі кантралёраў экалогіі з тэхналогіяй ачысткі вады, упэўнілі іх, што пітная вада ў Жабінцы сапраўды чыстая і бясшкодная. І не забылі з удзячнасцю падкрэсліць: асноўныя сродкі на будаўніцтва станцыі паступілі з Фонду аховы прыроды Беларусі.
Заключным маршрутам удзельнікаў абласнога форуму была вёска Хмелева і яе ваколіцы. Яны прыемна здзівіліся стану тутэйшага міні-палігона цвёрдых бытавых адходаў — абвалаванага, падбуртаванага, з абноўленай пад’язной дарогай і зручным уездам, — новай дзялянкі вясковых могілак, тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага мужчынскага манастыра. Так, ігумен айцец Серафім гаварыў таксама аб экалогіі: “Будуючы манастыр, мы не загубілі тут ніводнага дрэва…” І гэта праўда. Асаблівую ўвагу звярнулі наведвальнікі на гонкую маладую сасну, што расце над дахам аднаго з будынкаў проста з бетоннага ганка і ўдала “ўпісалася” ў архітэктуру, вольна пачувае сябе. Натуральна спалучаны з прыродаю і ўвесь комплекс мураваных і драўляных манастырскіх пабудоў. Узор для пераймання пры любым гаспадаранні на зямлі, у спрадвечным храме Прыроды.
Завяршыўся форум канцэртам славутага народнага гурта “Хмелеўскія валацугі”, дбайна падрыхтаваным для гасцей.
Раённая інспекцыя перадае праз газету шчырую ўдзячнасць старшыні райвыканкама М.В.Токару, кіраўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ДРБУ-103, ПМК-19, СВК “Хмелева” за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні экалагічнай сустрэчы.
А.КАСКО.
Фота аўтара і С.Штыка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top