Давярайце і не губляйце рамантычнасці

Давярайце і не губляйце рамантычнасці

_DSC7980
Здавалася, у сямейнай пары Будзяркевічаў зусім невялікі сумесны тэрмін пражывання. Тым не менш, маладыя людзі навучыліся цаніць і разумець адзін другога, з павагай адносіцца да захапленняў і поглядаў на жыццё другой палавінкі. А гэта вельмі важна.
— Відаць, усе пары, якія толькі змацавалі сябе шлюбнымі ніткамі, вельмі многага чакаюць адзін ад другога, — разважае Мікалай. — І, калі нейкія надзеі не апраўдваюцца, прыходзіць разачараванасць. Трэба не забываць, што будаваць адносіны павінны абодва, як і змагацца за шчаслівую сям’ю ў будучым.
Вольга Будзяркевіч (у дзявоцтве Пацапня) пасля дзевяці класаў паступіла ў Драгічын у дзяржаўную ўстанову адукацыі “Абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй”. Тры гады займалася ў ліцэйскай групе з хіміка-біялагічным ухілам. Тут і сустрэла свайго будучага мужа Мікалая. І трэба ж так: абодва нараджэнцы Жабінкі, а лёс звёў далёка за яе межамі. Два гады яны сябравалі. Калі закончылі ліцэй, то вырашылі разам паступаць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Мікалай стаў студэнтам факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі завочнай формы навучання, а Вользе не пашанцавала. Год працавала і марыла пра далейшую вучобу. Планы яе за гэты час крыху змяніліся і, менавіта, дзякуючы Мікалаю. Ён пераканаў дзяўчыну паступаць на дзённае аддзяленне на меліярацыйна-будаўнічы факультэт. І паступіла.
Пасля трох гадоў дружбы маладыя людзі рассталіся (ён быў на трэцім, а яна на другім, перавялася на завочную форму навучання). Вольга нават пераехала на працу ў Бярозу. Сабе і іншым патлумачыла нежаданнем сустракацца з былым каханым чалавекам. З часам зразумела, што ад наканаванага лёсам не ўцячэш. “І мы сышліся зноўку, хочацца, каб канчаткова і назаўсёды, — гаворыць Вольга. — Сустрэчы, спатканні закончыліся вяселлем летам 2011 года. Цяпер у нашай сям’і двое сыноў Даміян і Міраслаў”.
Маладая сям’я жыве з бацькамі мужа, збіраецца будаваць свой дом. Бабуля Ала Аляксандраўна і дзядуля Міхаіл Міхайлавіч дапамагаюць гадаваць унукаў. А яшчэ Даміян сказаў мне, што яны з брацікам любяць бываць у бабулі Галі і дзядулі Вовы. Хлопчыкі маюць любімых сяброў — папугаяў Кешку і Люську, кошку Багіру, катоў Рыжыка і Сільвера. Гэта першыя і самыя вясёлыя дружбакі дзяцей.
А вось у мамы і таты многа сяброў са школьных і ліцэйскіх гадоў. З некаторымі яны нават парадніліся. Так, Юля Хацяновіч хрышчоная маці старэйшага сына Будзяркевічаў. Хоць жывуць у розных гарадах, аднак стараюцца па магчымасці дапамагаць кожнаму ў вырашэнні праблем, ез-дзяць у госці сем’ямі.
Цяпер маладая мама знаходзіцца ў акадэмічным адпачынку, а ў яе мужа Мікалая, які працуе слесарам на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, фінішная прамая: хутка абарона дыплома. Старэйшы сынок ходзіць у дзіцячы садзік, а малодшы — дома з матуляй. У доме Будзяркевічаў заўсёды сонечна. Калі бываюць навальніцы і ўраганы, то яны кароткачасовыя і малой разбуральнай сілы.
— Як і ў любой сям’і, —
расказвае жанчына, — у нас бываюць і сваркі, і спрэчкі. Мы не можам доўга знаходзіцца ў крыўдзе адзін на другога, і, практычна, адразу мірымся, але пры гэтым робім высновы, каб зноў не паўтараць сваіх памылак. Пачуцці з гадамі не аслабелі, мне, здаецца, што яны сталі яшчэ мацнейшымі.
Мікалай і Вольга стараюцца ўсё рабіць разам: выконваць хатнія абавязкі, адпачываць, ездзіць па пакупкі, многае іншае.
— Якія каштоўнасці, на вашу думку, у адносінах маладых мужа і жонкі галоўныя? — запыталася ў іх.
— Мне здаецца, што гэта ўзаемапаразуменне, давер і, вядома, каханне, — зазначыла Вольга.
— Трэба прыслухоўвацца адзін да другога і дзейнічаць у інтарэсах абодвух. І абавязкова неназойлівасць, утульнасць, нязмушанасць. Калі захоўваць усё гэта, то адносіны будуць вельмі добрыя, — дадаў Мікалай.
Ведаючы Бу-дзяркевічаў, проста захапляюся іх адносінамі. Такое адчуванне, што гэтая закаханая пара толькі пачынае свае рамантычныя спатканні, у яе летуценныя планы на будучыню.
Лідзія Барадзіна, наш няштатны карэспандэнт.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top