Нельга вырываць з сэрца памяць

Нельга вырываць з сэрца памяць

vechnaya_slava

Горка  і балюча, што ў ХХІ стагоддзі ў некаторых кутках свету пачалі знішчаць помнікі Другой сусветнай вайны. Ветэранам Вялікай Айчыннай ад гэтага горка і крыўдна, з іх сэрцаў  варвары вырываюць памяць, подзвіг…

І хіба можа нармальны чалавек спакойна рэагаваць на тое, што, напрыклад, наша святыня — манумент “Мужнасць” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”  — нядаўна патрапіў у лік самых агідных помнікаў свету, складзены амерыканскай тэлекампаніяй CNN?! Больш таго: з’явіўся і абразлівы для нашага народа каментарый, што, маўляў мужнасць патрабуецца чалавеку, каб паглядзець на гэтага масіўнага бетоннага беларуса, які выглядае азлоблена…
Для мяне гэты бетонны чалавек у крэпасці — увасабленне самай жахлівай вайны. Ён сімвал стойкасці, мужнасці, няскоранасці духу беларускіх салдат і афіцэраў. Нельга так ставіцца да памяці! Упэўнены: што тыя, хто складаў так званы рэйтынг, ніколі нават не былі ў горадзе над Бугам!
Дзікунства, што то ў адным месцы планеты Зямля, то ў іншым адбываюцца войны помнікаў. Сучасныя фашысты, нацысты пачалі змагацца з гераічным савецкім мінулым амаль сістэмна. Яны проста забылі, што непавага да помнікаў мінуўшчыны — гэта вялікі грэх, што ў гэтай вайне ахвяры — не металічныя крыжы ці бетонныя скульптуры, а жывыя яшчэ ветэраны, якіх і так з кожным годам усё меншае сярод нас. Дзікунства, калі сёння ў некаторых гарадах свету вуліцы называюцца імёнамі ўчарашніх гітлераўцаў. Калі гаворыцца пра так званую савецкую акупацыю. А на Украіне нават быў створаны музей савецкай акупацыі. Горка, што да сённяшняга дня ў свеце  ўжо створана цэлая бібліятэка падручнікаў, манаграфій, дзе падаецца хлуслівая версія падзей Другой сусветнай. Падзеі вайны нярэдка ацэньваюцца не з пункту гледжання гістарычнага кантэксту, а з пазіцый сучаснай палітычнай кан’юнктуры.
Чамусьці на Захадзе многія сёння забываюць, што глыбокія прычыны Другой сусветнай крыюцца ў характары самога капіталістычнага грамадства, якое сёння церпіць свой крах. Не сакрэт, што эканамічныя і духоўныя крызісы сталі ўжо традыцыйнай часткай гісторыі капіталістычнага ладу планеты. Трэба нагадаць і тое, што Другой сусветнай вайне папярэднічаў таксама глыбокі эканамічны крызіс. А ў час сённяшняга крызісу Захад хоча навязаць нам духоўную вайну, калі аплявузгвае нашы помнікі, нашу памяць. І гэта ў той час, калі беларускі народ з павагай ставіцца да помнікаў усяго цывілізаванага свету. На жаль, знаходзяцца і сярод юных суайчыннікаў такія несвядомыя нашы грама-дзяне, якія гатовы паўсюдна маляваць фашысцкую свастыку…
Чамусьці на Захадзе сёння забываюць, што фашызм — гэта параджэнне капіталістычнага ладу. Там забылі, што тысячы антыфашыстаў у той самай славутай Еўропе былі расстраляны ў 20-30-я гг. ХХ ст.
Красамоўна пра многае расказваюць нам  і лічбы. На працягу Другой сусветнай вырашальным фронтам быў менавіта савецка-германскі. Супраць Чырвонай Арміі дзейнічала ў сярэднім да 70% дывізій фашысцкіх армій, з чатырох салдат вермахта трое пастаянна ваявалі на савецка-германскім фронце і толькі адзін — на Заходнім. З 1418 дзён і начэй існавання савецка-германскага фронту актыўныя дзеянні працягваліся тут 1320 сутак, тады як на заходнееўрапейскім — 293… З агульнай колькасці людскіх страт, якія панесла нямецка-фашысцкая армія, больш за 73% прыпадае на Усходні фронт.
Пры гэтым кожны трэці беларус (а ў некаторых рэгіёнах кожны другі) не вярнуўся дадому з фронту. Чалавечыя ахвяры ва Узброеных Сілах СССР, а таксама пагранічных і унутраных войсках краіны склалі прыкладна 8 мільёнаў 668 тысяч 400 чалавек, што ненамнога перавышае колькасць страт узброеных сіл Германіі і яе саюзнікаў — 8 мільёнаў 649 тысяч 500. Нельга пры гэтым не заўважыць, што перавышэнне страт Чырвонай Арміі ў параўнанні са стратамі ворага звязана і з тым, што з 4 мільёнаў 126 тысяч узятых у палон савецкімі войскамі  ваенных фашысцкага блока ў палоне памерла прыкладна  580 тысяч чалавек, а астатнія вярнуліся дадому. З фашысцкага ж палону, куды патрапіла каля 5 мільёнаў  салдат Чырвонай Арміі, вярнуліся на Радзіму толькі 1 мільён 836 тысяч чалавек.
Таму не трэба знішчаць значэнне Дня Перамогі ў свядомасці людзей! Нельга перапісваць гісторыю вайны, бо яна ўжо напісана крывёю загінулых.
І як добра, што ў Беларусі паўсюдна дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя музеі, нават на базе былых умацаваных раёнаў “лініі Сталіна”. Як прыемна, што ў нашай краіне былі створаны і працягваюць паўсюдна стварацца музейныя цэнтры, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. І як цудоўна, што нам удалося абмежаваць беларускае грамадства ад эпідэміі распаду гістарычнай свядомасці! Упэўнены: толькі сумесная праца па ўзнаўленні гістарычнай праўды садзейнічае вызваленню грамадскай свядомасці ад ужо апастылых стэрэатыпаў буржуазнай прапаганды і з’яўляецца важнай прыступкай да развіцця навуковага гістарычнага мыслення, так неабходнага для ўдасканалення любога грамадства.
Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог, краязнаўца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top