Ад аналага да “лічбы”

Ад аналага да “лічбы”

IMG_8443
Будаўніцтва магутнай тэлевізійнай станцыі ў вёсцы Ракітніца пачалося ў 1963 годзе. Тут з’явілася мачта вышынёй 182,9 метра, былі зманціраваны 2-праграмная радыёстанцыя “Дождь-2”, а таксама тэлевізійны перадатчык “Игла” для трансляцыі тэлепраграмы на сёмым канале. Пасля ўстаноўкі турнікетнай антэны мачта “падрасла” да 192 метраў. Усё было падрыхтавана, каб у Жабінкаўскім раёне, а таксама Брэсцкім, Камянецкім, Кобрынскім і Маларыцкім “загаварыла” радыё і “загарэліся” блакітныя экраны першых тэлевізараў.
І вось 1 красавіка 1964 года, паўстагоддзя таму, станцыя ўпершыню выйшла ў эфір з трансляцыяй дзвюх радыёвяшчальных праграм на частотах 69,68 МГц і 71,69 МГц. Яны падаваліся па кабельных злучальных лініях з Брэста. А 15 чэрвеня пачалася трансляцыя з Ракітніцы тэлевізійнай праграмы. (У 1961 годзе ў будынку былой агульнаадукацыйнай школы на вуліцы Куйбышава Брэста абсталявалі тэлецэнтр і з верасня жыхары горада над Бугам маглі глядзець адну тэлепраграму).
Напрыканцы 1964 года для забеспячэння падачы праграмы цэнтральнага тэлебачання была ўведзена радыёрэлейная лінія Мінск — Ракітніца. У эфіры з’явіліся перадачы з вобласці, Мінска і Масквы. На будаўніцтве і мантажы абсталявання актыўна і творча праявіў сябе інжынерна-тэхнічны персанал станцыі В.Юшкоў, Р.Смаль, Н.Кандрацюк, А.Вілешын, А.Сідарук.
Час ішоў, а разам з ім удасканальвалася і сістэма тэлерадыёвяшчання, з’яўля-лася сучаснае абсталяванне, асвойваліся перадатчыкі новага пакалення, штораз больш магутныя. Гэта дазваляла спецыялістам радыётэлевізійнай пера-даючай станцыі “адкрываць” іншыя частоты і дыяпазоны вяшчання, а жыхарам рэгіёну знаходзіць новыя радыё- і тэлепраграмы на шматлікіх каналах. Заўжды адказна падыходзілі да справы М.Васілюк, Л.Бачкоў, Ж.Турсумбаеў, В.Якавук, Ю.Фядыніч, В.Крывалевіч, А.Крачко, Г.Дарагакупец, А.Жогал, калі патрабавалася рэканструяваць абста-ляванне, якое ўжо эксплуатавалася, ці зман-ціраваць новае, апробаваць яго ў дзеянні.
З 2006 года пачалася замена састарэлых лямпавых тэле- і радыёвяшчальных перадатчыкаў на больш эканамічныя. Упершыню на Брэстчыне са студзеня 2009 года стаў працаваць перадатчык, які трансліраваў тэлеперадачы ў лічбавай форме. Гэта дало магчымасць тэлегледачам Брэста і бліжэйшых раёнаў прымаць восем тэлепраграм і адну радыёвяшчальную ў такім стандарце. На сённяшні дзень Брэсцкім цэхам ультракароткахвалевых радыёстанцый за-бяспечваецца трансляцыя 6 тэлевізійных праграм і 13 радыёвяшчальных у аналагавай форме, і адпаведна васьмі і адной — у лічбавым стандарце.
Дык для чаго ж патрэбна “ацыфроўка” тэлебачання і радыё? Навошта траціць на гэта сродкі? Адказ просты. Назіраецца перагрузка эфірнага дыяпазону, “забіты” частотамі, на якіх працуюць радыё, тэлебачанне, мабільныя аператары. Пераход на лічбавае вяшчанне дазволіць разгрузіць дыяпазоны за кошт таго, што на адной частаце можна будзе перадаваць адразу некалькі праграм. У такім разе для перадачы дадзенага пакета ТВ-праграм спатрэбіцца меншая колькасць перадатчыкаў, а гэта і меншае спажыванне электраэнергіі. І (напэўна, галоўнае для тэлегледача) пра памехі можна цяпер забыць, “карцінка” на экране заўжды якасная, яркая, насычаная. Хіба ж гэта магчыма пры аналагавым вяшчанні?!
… Сёлета 1 красавіка супрацоўнікі цэха правялі ў дастаткова напружанай працы — не да юбілеяў. З 27 сакавіка пачалася падрыхтоўка да ўводу двух новых радыётэлевізійных перадатчыкаў камерцыйнага тэлебачання. Яны сталі паўнацэнна працаваць па трансляцыі ў эфір праграм з 0 гадзін 2 красавіка. Пры гэтым адзін устанаўлівалі ў Ракітніцы, другі — на аўтаматызаванай радыётэлевізійнай пе-радаючай станцыі ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна (яна з’яўляецца структурным падраздзяленнем Брэсцкага цэха ўльтракароткахвалевых радыёстанцый).
Кожны перадатчык забяспечвае трансляцыю 18 тэлевізійных праграм у лічбавым стандарце ДVТ-Т2. Гэта новая старонка ў развіцці тэлевяшчання на тэрыторыі Брэсцкай вобласці — эпоха эфірнай трансляцыі камерцыйнага тэлебачання. Але пакуль толькі першая прыступка. Па меры адключэння аналагавай трансляцыі дзяржаўных тэлевізійных праграм, трансліруемых у дэцыметровым дыяпазоне, будуць уводзіцца новыя лічбавыя перадатчыкі для чарговых 18 праграм. Такім чынам, вясковае насельніцтва, жыхары прыватнага сектара гарадоў, якія прымаюць тэлевізійныя праграмы з дапамогай пакаёвых ці вонкавых антэн, атрымаюць доступ да 44 іх — 36 камерцыйных, за плату, і 8 дзяржаўных, бясплатна.
Віктар КАРАБЛЁЎ, дырэктар Брэсцкага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання.
На здымку: спецыялісты радыётэлевізійнай перадаючай станцыі ў Ракітніцы (злева направа) інжынеры Вячаслаў Іванавіч Шалкевіч, Міхаіл Міхайлавіч Васілюк, галоўны інжынер Леанід Несцеравіч Бачкоў
і Аляксандр Анатольевіч Лабашэвіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top