“Форзіхт, Кольпак!”

“Форзіхт, Кольпак!”

jyetr947l2xybonolk1bbnb1ipsoc44m
На шапках зорныя какарды,
А цёмны лес стаіць сцяной.
Тут партызанскія атрады
З фашыстамі вядуць няроўны бой.

З партызанскай песні.

Сіла ў барадзе!

Некаторыя старажылы, з кім давялося размаўляць пра паход каўпакоўцаў у канцы сакавіка 1944 года па нашай зямлі, упэўнена гаварылі:
— Тады й пабачылі мы самога Каўпака!
Людзі расказвалі цікавыя рэчы, таму не хацелася перапыняць іх успаміны, хоць, канечне, ні яны, ні іх блізкія ці знаёмыя легендарнага партызанскага камандзіра бачыць асабіста не маглі: у тыя векапомныя дні заснавальнік Сумскага партызанскага злучэння Сідар Арцем’евіч Каўпак знаходзіўся далёка ад Жабінкаўшчыны — у Кіеве.
А вёў “партызанскія атрады з фашыстамі ў няроўны бой” іншы, таксама гераічы — магутны, як ягонае прозвішча, падпалкоўнік Пятро Вяршыгара. Гэты чалавек, не менш легендарны за самога Каўпака, заслугоўвае, каб пра яго ведалі і памяталі.
Каржакаваты, шыро-кабароды Вяршыгара пасля вайны не цураўся прыгожага пісьменства, пакінуў змястоўныя ўспаміны пра дзеянні каўпакоўцаў. За свае творы, не пазбаўленыя літаратурных здольнасцяў, ён нават быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй. Пятро Вяршыгара згадваў цікавы эпізод. Неяк партызанскія камандзіры сабраліся сярод лесу на нараду і пакляліся, што не пабрыюць борады, пакуль не вызваляць зямлю ад фашысцкай навалачы. Кожны нават выбраў сабе горад, у якім звернецца да цырульніка: адзін — Варшаву, другі — Прагу, а сам камандзір абвясціў:
— Пагалюся толькі тады, як дайду да самога “лога-
ва”, — у Берліне!
Так ці інакш, але лёс быў літасцівым да барадача. Шмат за ягонымі плячамі смелых рэйдаў, аперацый, з часам на ягоных грудзях заззяла зорка Героя Савецкага Саюза, хоць на доўгім баявым шляху давялося хаваць шмат аднапалчан. Партызанскія магілы з’явіліся і сярод Белавежскай пушчы, на нашай палескай зямлі — паміж Камянцом і Жабінкай.

Шматмоўная партызанская армія

Пачынаўся 1944 год. Народныя мсціўцы выпраў-ляліся ў новы рэйд — Львоўска-Варшаўскі. Гэта была сур’ёзная дапамога Чырвонай Арміі, што рыхтавалася да рашучага вызваленчага паходу праз Беларусь.
23 лютага 1944 года моцнае ўкраінскае злучэнне, якога немцы баяліся, бы агню, афіцыйна стала звацца І–й Украінскай партызанскай дывізіяй імя С.А.Каўпака.
У час “гучнай пагулянкі” па польскай зямлі партызаны правялі каля 140 баёў, знішчылі больш за 5000 гітлераўцаў. На іх рахунку было 75 танкаў і бронемашын, 22 гарматы і мінамёты, амаль 200 аўтамашын, каўпакоўцы ў пух і пер’е разнеслі 24 варожыя гарнізоны і 117 паліцэйскіх участкаў, захапілі нямала варожых салдат, зброі, правіянту.
Каўпакоўцы ішлі на Варшаву. Гэта была грозная сіла: каля 2500 добра ўзброеных і загартаваных у баях байцоў.
— Цэлая партызанская армія! — як сказаў у захапленні Аркадзь Прывіцень, што быў у вайну падлеткам, жыў у Сцяпанках. — Ніколі такой вялізнай і ўзброенай грамады не бачыў. Мясцовы люд адрозніваў сапраўдных партызан, якія біліся за свабоду і стараліся не рабіць шкоды мясцовым, ад так званых “каморнікаў”. Тыя прыкрываліся імем партызан, а на самой справе рабавалі ўсіх. Дык вось у каўпакоўцах тутэйшыя прызналі сапраўдных народных мсціўцаў, сілу, якая прыйшла, каб вызваліць нашу зямлю.
— Калі яны спыніліся ў Сцяпанках, Хмелеве, іншых нашых вёсках, мы, падлеткі, чулі розныя мовы, не толькі ўкраінскую, — гаворыць сведка.
Насамрэч, дывізія мела інтэрнацы-янальную “афарбоўку”. Усяго ў злучэнні біліся байцы трох дзясяткаў народаў. Сярод іх — камандзір Вяршыгара і ягоны наступнік на гэтай пасадзе, таксама Герой Савецкага Саюза Пятро Брайко — абодва ўкраінцы, начальнік штаба дывізіі беларус Вайцяховіч і батальённы камісар венгр Цеўт, камандзір першага палка грузін Бакрадзэ і начальнік ягонага штаба рускі Беражной, камандзір разведчыкаў немец Кляйн і разведчык француз Жан-П’ер дэ Шарон, урач чех Зіма, начальнік сувязі італьянец Дзіп’етра і перакладчык аўстрыец Браўн.
Аднак былі нямецкія словы і выразы, якія партызаны разумелі і без перакладу. Час ад часу каўпакоўцам сустракаліся на дарогах шыльды з панічным надпісам: “Форзіхт, Кольпак!” Гэтак немцы папярэджвалі сваіх: “Асцярожна, Каўпак!”

Памятала пушча партызанскі рух

Аднак перавага і ў баявой, і ў людской сіле вясной сорак чацвёртага ўсё ж заставалася на баку ворага.
Партызаны, абцяжараныя вялікім абозам з сотнямі раненых байцоў і вызваленых з палону мірных грамадзян, вымушаны былі фарсіраваць Заходні Буг і вярнуцца на беларускую тэрыторыю.
У ноч на 19 сакавіка ўкраінскія партызаны размясціліся на начлег у вёсках на Камянеччыне. У той жа дзень пры падыходзе да Белавежскай пушчы яны нечакана сутыкнуліся з авіядэсантнай дывізіяй “Герман Герынг”, якой у дапамогу па шашы з Брэста спяшаліся калоны гітлераўцаў.
Пасля жорсткіх баёў у прыпушчанскіх вёсках Ражкоўка, Янушы, Алешкавічы, дзе загінулі каля паўсотні каўпакоўцаў, партызанская дывізія павярнула на поўдзень. Іх разведка дакладвала: чатырохтысячны Брэсцкі гарнізон, узмоцнены танкамі і артылерыяй, ёсць сур’ёзная пагроза на шляху. На шчасце, вораг меў толькі прыблізнае ўяўленне пра сілы саміх каўпакоўцаў. У страху, як вядома, вялікія вочы. Праціўнік лічыў:  “Кольпак” мае значна больш байцоў, чым было ў сапраўднасці.
Паводле ўспамінаў начальніка штаба першага палка імя С.В.Руднева Івана Беражнога, аўтара кнігі “Два рэйды”, па прасёлкавых дарогах партызаны падышлі да ракі Лясная, якую фарсіравалі, і ўшчэнт разбілі два фашысцкія гарнізоны паблізу вёсак Лешня і Алешкавічы.
Пятро Вяршыгара сабраў нараду і загадаў: партызанам патрэбна паспрабаваць перайсці Пружанскую шашу. Аднак “прашмыгнуць” незаўважана праз бойкую дарогу, якую кантралявалі фашысты, не атрымалася. Разгарэўся бой, у якім палегла больш за сотню гітлераўцаў, былі спалены тры бронемашыны і пяць грузавікоў.
Раніцай 22 сакавіка І-я Украінская партызанская дывізія ўглыбілася на землях Жабінкаўшчыны.
Па нашай зямлі каўпакоўцы ішлі
Неўзабаве паблізу Падлесся яны вызвалілі вялікую калону, якую немцы гналі на катаржныя работы. Карнікі, страціўшы да сотні чалавек, хутка адступілі ў бок Кобрына. На начлег партызаны размясціліся ў вёсках на поўначы Жабінкаўшчыны. Сярод акупантаў і паліцаяў з’яўленне такой колькасці народных мсціўцаў выклікала разгубленасць і жах: большасць з іх паспяшылі ў Жыцінь і Жабінку, дзе знаходзіліся нямецкія ўмацаваныя пастарункі.
Хмелеўцы дасюль успамінаюць: у час пастою, каўпакоўцы мянялі калёсы на санкі, а сваіх коней, змучаных складаным пераходам, на вясковых. Калі пытаўся ў суразмоўцаў, навошта спатрэбіліся каўпакоўцам сані, усе амаль аднагалосна сцвярджалі:
— У той дзень і ноч (хоць і быў ужо канец сакавіка) раптам сарваўся страшэнны буран, падобнай віхуры не памятаем колькі жывем. Гэта прыродная непагадзь дапамагла каўпакоўцам, якія былі змучаныя напружанымі баямі.
Першы полк і штаб дывізіі размясціліся ў Дзяменічах. Замаскіравалі падводы з раненымі, выставілі кардоны, выслалі разведчыкаў у бок Жабінкі. Хоць і былі стомленыя, але знаходзіліся ў трывозе, таму амаль ніхто не спаў — адчувалася, што блізка Брэст з вялікім гарнізонам. Камандзір другога палка Пятро Кульбака прыгадваў пазней: на Жабінкаўшчыну яны прыйшлі ўшчэнт змучаныя, маючы да трохсот хворых і раненых. Спыніліся ў Хмелеве з надзеяй на адпачынак, ды вораг ізноў навязаў партызанам бой. Насустрач праціўніку была кінута конніца, узначаленая А.Ленкіным. Адважна ўдарылі ў ворага з кулямётаў і аўтаматаў. Аднак гітлераўцы, умацаваныя двума танкамі, зноў рушылі наперад. Бой паблізу Хмелева цягнуўся каля 12 гадзін.
Вечарам дывізія пад прыкрыццём эскадрона Цяцеркіна выступіла ў паход на Алізараў Стаў і Жыцінь. На досвітку 23 сакавіка каўпакоўцы спыніліся ля вёсак Песценькі і Крыўляны. Як згадвае начальнік штаба першага палка Іван Беражной: “Мабыць, праціўнік выпусціў нас з-пад увагі, бо чарговая днёўка прайшла спакойна. Наша з’яўленне на чыгуначным пераездзе Глінянка было нечаканым для аховы, таму з ёй справіліся даволі лёгка”. А затым разгарэўся новы бой, апошні для каўпакоўцаў на Жабінкаўшчыне. У час яго партызаны здолелі знішчыць цягнік з баявой тэхнікай ворага. На нашай зямлі загінулі каля 30 каўпакоўцаў, дзясяцера з іх склалі галовы паблізу Алізарава Става. Астанкі невядомых партызан пасля вайны былі перазахаваныя ў брацкай магіле ў Жабінцы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: камандзір І-ай Украінскай партызанскай дывізіі імя С.А.Каўпака Пятро Пятровіч Вяршыгара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top