Насенне маку толькі оптам

Насенне маку толькі оптам

13407982509419Значная частка наркаманаў ужываюць рэчывы опіумнай групы, здабытыя саматужным спосабам з насення маку. Утварыліся злачынныя групы, якія займаюцца нелегальным аптовым увозам яго з Украіны на тэрыторыю вобласці для рэалізацыі дробным дылерам і наркаманам. Летась праваахоўнымі органамі Брэсцкай вобласці было канфіскавана з абароту больш як 5,5 тоны насення маку. Для параўнання, згодна з інфармацыяй, для патрэб харчовай прамысловасці вобласці ў год неабходна не больш чым 4,5 тоны.
Неаднойчы ў Генеральную пракуратуру Беларусі ад нас накіроўваліся прапановы ўвесці манаполію дзяржавы на рэалізацыю гэтага насення і адказнасці за яго продаж. У студзені г.г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Дэкрэт №1 “Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку”, які ўступіў у дзеянне з 1 лютага. Паводле яго, за дзяржавай замацоўваецца выключнае права на аптовы гандаль ім. Забараняецца рознічны гандаль у магазінах плошчаю менш як 50 кв. м (за выключэннем гандлёвых аб’ектаў арганізацый спажывецкай кааперацыі, магазінаў іншых арганізацый, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці), на рынках з выкарыстаннем гандлёвых аўтаматаў, шляхам ажыццяўлення разнаснога гандлю і па ўзорах.
Таксама забараняецца захоўванне і перамяшчэнне юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі насення маку з парушэннямі ўмоў, вызначаных Дэкрэтам. За парушэнне парадку абароту ім устаноўлена адміністрацыйная адказнасць з прымяненнем такіх відаў санкцый, як штраф і канфіскацыя. Так, за захаванне і перамяшчэнне па тэрыторыі нашай краіны фізічнай асобай больш чым 2 кілаграмаў маку, нерасфасаванага ў спецыяльную ўпакоўку, прадугледжваецца штраф у памеры ад 50 да 70 базавых велічыняў з канфіскацыяй яго, а таксама транспартных сродкаў, што выкарыстоўваліся для перамяшчэння, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яны знаходзяцца. Акрамя таго, забаронена здзяйсненне фізічнай асобай любой здзелкі з насеннем маку, нерасфасаваным у спецыяльную ўпакоўку. Калі не захоўваецца гэтае патрабаванне, то асоба штрафуецца на суму ад 70 да 90 базавых велічыняў.
За перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі індывідуальным прад-прымальнікам ці юрыдычнай асобай насення маку без заключэння дагавору куплі-продажу ці пастаўкі ўпаўнаважанай арганізацыяй прадугледжваецца штраф да 250 (на індывідуальных прадпрымальнікаў) ці 300 (для юрыдычных асобаў) базавых велічыняў з канфіскацыяй тавару, а таксама транспартных сродкаў, што прымяняліся для іх перамяшчэння, незалежна ад таго, каму яны належалі.
Прадугледжана больш жорсткая адказнасць за паўторныя парушэнні на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага пакарання за такія ж парушэнні: на індывідуальнага прадпрымальніка штраф ад 250 да 500, а на юрыдычную асобу — ад 500 да 800 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.
Аляксандр ШУЛЯК, старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці па наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top