Яна нярэдка прыходзіць у свой азяцкі Свята-Мікалаеўскі храм, каб паставіць запаленыя свечкі ды звярнуцца з просьбай пра здароўе Надзеі, Веры і Любові. Гэта не проста назвы акрыленых пачуццяў, якія трымаюць чалавека на зямлі, але самыя дарагія імёны, што “прыжыліся” ў яе сям’і: дачкі Надзеі, маленькай унучкі Верачкі і яе, Любові Сцяпанаўны Загорскай.
Любоў Сцяпанаўна любіць святочныя дні, асабліва тыя, што пазначаны ў календары чырвоным колерам. Гэта быццам лішні напамін — трэба збіраць сям’ю за вялікім святочным сталом. Бо хочацца зноў і зноў пазіраць у мілыя, родныя твары, зычыць дабра, радасці.
Так вядзецца з самага пачатку года, нават з першых ягоных хвілін. Паколькі 1 студзеня 2013 года на свет прыйшла любімая ўсімі ўнучка Вера. Далейшы працяг — 1 мая, калі ў 1987 годзе нарадзіўся любімы зяць Аляксандр Уладзіміравіч Утко.
Дзень, калі прыйшла ў свет сама Любоў Сцяпанаўна, таксама памятны. І пра яго згадваюць ва ўсім свеце. Ды, на жаль, з іншай прычыны, і ў календарах ён зусім не чырванаколерны… Жанчына і ведаць не магла, што прыйдзе час і ў дзень яе нараджэння часцей будуць згадваць пра смутак, стане ён сімвалам бяды-трывогі.
Тады, у суботні ранак 26 красавіка 1986 года, Любоў святкавала свой 31-ы дзень нараджэння, але была на працы: у калгасе стаяла гарачая пара, і вяскоўцы выйшлі на суботнік, каб звезці салому з поля.
Нехта тады заўважыў:
— Хоць бы крышку ветрык павеяў. Спякота, як летам. Невыносна…
А між тым, тая млосная гарачыня была веснікам Чарнобыля — “мірнага атама”, які вырваўся знянацку з-пад улады чалавека і накрыў раптоўна сваім крылом украінскія, беларускія, расійскія землі…
Калі пазней даведаліся пра небяспеку (праўду пра чарнобыльскага “джына” ўжо немагчыма было хаваць за скупымі афіцыйнымі паведамленнямі), спачатку Любові не хацелася ў тое верыць, а потым у сэрцы пасялілася трывога. Хацелася, як кожнай жанчыне, мець працяг — дзя-
цей, аднак вельмі непакоілася за стан здароўя…
Неўзабаве ў сям’і Любові Сцяпанаўны і Мікалая Васільевіча нарадзілася доўгачаканая дачка Надзея — увасабленне бацькоўскай надзеі на лепшае ў жыцці. (Даруйце гэты надта просты каламбур).
— Я — любімая, адзіная, чаканая, — заўжды бадзёра прызнаецца Надзейка. — Бо з самага маленства літаральна купалася ў сардэчнай цеплыні таты і мамы, бабулі Вольгі Раманаўны і цёткі Надзеі Сцяпанаўны — усіх Загорскіх ды Андруховічаў. Яны аберагалі мяне сваёй любоўю, як самае дарагое.
Любоў Сцяпанаўна дасюль глядзіць на дачушку шчаслівымі вачамі, радуецца яе поспехам і ўдачам. Яны падобныя з твару і абедзве мэтанакіраваныя, але пры гэтым ветлівыя і адкрытыя. Галасы ў жанчын ціхія, але ва ўчынках абе-дзве настойлівыя і рашучыя.
Некалі пры колішняй нашай сустрэчы Надзя прыгадала выслоўе, “пазычанае” ў героя дзіцячага мультфільма, якое стала для яе любімым: “Пры ўсялякай няўдачы давайце смела здачы, інакш вам удачы не відаць!” Да гэтых жартоўных слоў некалі яна паставілася вельмі сур’ёзна, яны заўжды дапамагалі дзяўчыне пераадольваць розныя жыццёвыя перашкоды.
З такім дэвізам яна паспяхова закончыла родную Азяцкую адзінаццацігодку, а затым факультэт эканомікі і кіравання на прадпрыемстве Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, акрамя асноўнай спецыяльнасці эканаміста-менеджара, набыла і дыплом спецыяліста ў банкаўскай справе. Тры гады таму Надзея Загорская вярнулася на родную Жабінкаўшчыну, дзе ўладкавалася на працу ў райсельгастэхніцы.
У 2011 годзе, у час, калі лісты на дрэвах толькі-толькі афарбавала ранняя восень, дзяўчына заручылася з азятчуком Аляксандрам Утко. У памяць пра тату, які не дажыў нават да свайго “залатога” юбілею, маладая вырашыла пакінуць дзявочае прозвішча. Сям’я склалася, бы цаглінкі ў новым доме, надзейная, умацаваная даверам і сяброўствам. Саша кіруе прыватным унітарным прадпрыемствам у Брэсце, якое займаецца транспартнымі перавозкамі.
— Ён увесь час у дарозе, — гавораць у сям’і, — але мае шчасце вяртацца дамоў, дзе вельмі чакаюць мужа, бацьку, зяця тры жанчыны — Надзея, Вера і Любоў.
Маладая маці і бабуля сваімі чулымі сэрцамі перажываюць за Верачку. Вось маленькая захварэла.
Любоў Сцяпанаўна ўздыхае:
— Здаецца, розумам супакойваеш: дзіцяткі ж хварэюць — пакуль прыладкуюцца да гэтага жыцця… Але ж сэрцу цяжка, бо — сваё. Як некалі пра Надзею, думаю цяпер пра Веру…
Калісьці спытаўся ў Надзеі Загорскай пра далейшыя мары. Тады яна сказала, што спадзяецца стаць добрым спецыялістам у сваёй прафесіі і быць цудоўнай жонкай, добрай маці. Здавалася тады, што доўга трэба ёй ісці па гэтых трох дарогах. Ды шлях аказаўся недалёкім, а час хуткацечным…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: маленькая Верачка Утко з матуляй Надзеяй і бабуляй Любоўю Загорскімі.
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.