Збор другасных адходаў. Пакуль “слабое месца”?

Збор другасных адходаў. Пакуль “слабое месца”?

01nxfksКуды мы выкідваем розную бытавую непатрэбшчыну? Часцей збіраем у поліэтыленавыя пакеты і выносім у смеццявоз, які вывозіць іх на палігоны цвёрдых камунальных адходаў. І ніхто не задумваецца, што многае з іх забруджвае зямлю, наваколле, іншае, калі зноўку пусціць у перапрацоўку, ператворыцца ў рэчы, неабходныя чалавеку. З-за гэтых і іншых прычынаў у нашай краіне і былі распрацаваны дзяржаўныя праграмы па раздзельнаму збору смецця і другаснай перапрацоўцы яго.
Дарэчы, летась у Беларусі перапрацавана толькі 13 працэнтаў усіх адходаў, а 87 працэнтаў закапана на палігонах. Да прыкладу, у Швецыі камунальных адходаў накіроўваецца ў другасную перапрацоўку звыш 90 працэнтаў. Каб выйсці на такі паказчык, неабходна актывізаваць найперш паасобны збор смецця. Як у нашым раёне наладжана гэтая справа? Тлумачэнні атрымалі ў спецыялістаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Высветлілася, што патрабаванні да паасобнага збору смецця выконваюцца як юрыдычнымі асобамі, так і насельніцтвам. У горадзе гэтая справа наладжана ўжо гадоў пяць, два гады як паставілі кантэйнеры для шкла, макулатуры і пластыку і ва ўсіх аграгарадках. Словам, у сельскай мясцовасці абсталявана 15 пляцовак, а ў горадзе — 22. Дарэчы, сёлета ў гарадской зоне для паасобнага збору бытавых адходаў з’явілася іх восем і абсталёўваюцца там, дзе найбольш шматпавярховак. На кантэйнерах ёсць рэкамендацыі, згодна з якімі жабінкаўцы папярэджваюцца аб выкідванні ў іх толькі другасных адходаў. Аднак несвядомыя гараджане дазваляюць сабе звальваць сюды пакеты са звычайнымі бытавымі адходамі, не задумваюцца над тым, што ўскладняюць сартаванне смецця рабочымі камунальнай службы. Як расказвалі на прадпрыемстве, “ляціць” у кантэйнеры непатрэбшчына позна вечарам, часта адразу як толькі ад’едзе смеццявоз, маўляў спазніўся вынесці. Сорамна рабіць такое, калі ў горадзе бытавое смецце збіраецца спецыяльнай машынай ва ўсе дні тыдня, акрамя серады і нядзелі (выхадныя згодна з графікам). Майстар азелянення жылкамунгаса Наталля Іванаўна Наруш зазначыла пад час гутаркі, што вядомыя нават прозвішчы тых, хто ў кантэйнеры для паасобнага збору смецця кідае звычайныя бытавыя адходы. Калі гэта будзе паўтарацца, іх апублікуюць на старонках раёнкі. Адрас такой абыякавасці мікрараён ля бальніцы.
Ёсць гараджане, якія сапраўды акуратна і сумленна раздзяляюць бытавое смецце. Гэта жыльцы з вуліц Пушкіна, Фядзяя. Сур’ёзна ставяцца да выканання патрабаванняў праграмы ў магазіне ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, трэцяй гарадской школе, гарадскіх яслях-садах, гаспадарча-разліковым участку дапаможнай вытворчасці філіяла “ДБУ-15” ААТ “ДБТ №4 г.Брэст”, у іншых калектывах.
— Стараемся, каб кантэйнеры не перапаўняліся другаснымі бытавымі адходамі, — тлумачыла начальнік участка добраўпарадкавання і санітарнай ачасткі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Марыя Сяргееўна Віткоўская. — Пластычную масу і паперу забірае смеццявоз двойчы на тыдзень у горадзе, а ў аграгарадках адзін раз. Шкло складваецца ў мяхі, якія адвозяцца трактарам у камунгас на сартавальную пляцоўку. Стараемся на выхадныя дні вычышчаць усе кантэйнеры. Дасартоўваем толькі пластык і паперу, якія потым прасуюцца. Думаем набыць яшчэ адзін прэс, таму што паасобных адходаў большае. Той, што маем, неўзабаве не зможа ўсё спрасаваць.
Куды адпраўляюцца другасныя адходы? Да лютага мінулага года макулатуру вазілі на Слонімскі завод “Альберцін” сваім транспартам. Гэта было накладна для камунгаса. Шкло забірала прыватнае прадпрыемства, а пластык — ТАА “Саяс”. Адрас здачы другасных адходаў памяняўся. Шкло і паперу камунальнікі цяпер возяць на пляцоўку “Брэстаблрэсурсы”, з якой заключаны дагавор. Самавываз ажыццяўляецца па меры назапашвання (пяці тон макулатуры, напрыклад, ці 2 тоны 300 кілаграмаў шкла ў трактар). Дарэчы, усё гэта здаецца па такой нізкай цане (85 тысяч рублёў за тону шкла), сабе ў страты. А яшчэ й грошы пералічваюцца з вялікім спазненнем. Напрыклад, “Брэстаблрэсурсы” завінаваціліся Жабінкаўскаму камунгасу за другасныя адходы 46 мільёнаў рублёў. А гэта недакупленыя кантэйнеры, якіх трэба яшчэ па 20 штук у горад і вёскі.
Пластычную масу забірае філіял ад Магілёўскага завода па перапрацоўцы другаснай сыравіны. Анучы здаюцца ў нарыхтоўчую кантору Жабінкаўскага рай-спажыўтаварыства.
Ці менш вывозіцца смецця на палігоны ў выніку раздзельнага збору яго? Вядома, менш: калі ў 2012 годзе на гарадскія звалкі было вывезена 38 тысяч тон, то летась 29 тысяч тон адходаў. Дынаміка росту другаснай сыравіны ёсць, хоць не такая, як у еўрапейскіх краінах.
А яшчэ Жабінкаўскаму камунгасу штогод даводзяцца пэўныя планы ў здачы другаснай сыравіны. Летась па ўсіх яе відах, акрамя шкла, яны былі выкананы. Сёлета неабходна адправіць паасобна 63 тоны шкла, 60 тон макулатуры, 10 тон пластычнай масы, 9 тон шынаў, тону ануч. І заданні трэба выканаць, у чым дапаможа сумленнасць і акуратнасць кожнага з нас. Дарэчы, у першым квартале па ўсіх відах збору другаснай сыравіны  яны камунальнікамі выкананыя.
На развітанне камунальнікі папрасілі, каб кожны жыхар раёна выкідваў бытавыя адходы паасобна, не засмечваў кантэйнеры для яго іншай непатрэбшчынай. Гэтым мы з вамі папярэдзім вялікую колькасць выкідаў у атмасферу таксічных рэчываў і навучымся зарабляць грошы. Справу гэтую трэба рабіць сумленна і акуратна.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top