“Мэры Попінс” па-англійску

“Мэры Попінс” па-англійску

IMG_8109 IMG_8128
Прайшоў раённы фестываль вучнёўскіх тэатральных калектываў, якія паказалі журы і гледачам пастаноўкі на англійскай і нямецкай мовах. Адкрыла мерапрыемства намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, старшыня журы Кацярына Мікалаеўна Сіда. Звяртаючыся да прысутных, яна адзначыла:
— Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэалізуецца праграма ўдасканалення выкладання замежных моў на 2011-2015 гады, у рамках якой вялікая ўвага надаецца развіццю камунікатыўнасці. Сучасным школьнікам у наш час вельмі важна мець высокі ўзровень валодання замежнай мовай, так як пашыраюцца кантакты нашай краіны з іншымі дзяржавамі, праводзяцца сумесныя мерапрыемствы. Маладыя людзі шмат падарожнічаюць, знаёмяцца з гісторыяй, культурай, традыцыямі нашых блізкіх і далёкіх суседзяў. Вось чаму гэта сёння патрэбна. Тэатральны фестываль дае магчымасць паказаць узровень валодання замежнай мовай вучнямі нашага раёна, а таксама праявіць свае акцёрскія здольнасці і творчыя таленты.
У фестывалі прынялі ўдзел вучнёўскія тэатральныя калектывы ліцэя, гарадскіх, Ракітніцкай, Ленінскай, Крыўлянскай, Якаўчыцкай, Азяцкай сярэдніх школ, Маціевіцкай базавай. На нямецкай і англійскай мовах вучні вялі дыялог, спявалі песні і нават жартавалі. Журы і гледачы змаглі ўбачыць “Ранішні танец вясновых кветак”, пачуць “Кароткія гісторыі са школьнага жыцця”, паназіраць за героямі казак “Маленькі домік”, “Чыпаліна”, “Церамок”, пазнаёміцца з традыцыямі і звычаямі англічан у пастаноўках “Каты! Каты!” і “Чарадзейныя хлябцы”.
Пераможцам у першай узроставай групе, у якой выступалі вучні 1-7 класаў, быў прызнаны калектыў сярэдняй школы №3 г.Жабінка (кіраўнікі — настаўнікі англійскай мовы В.Ф.Карпук, В.Л.Дзенісюк і Ю.В.Кавальчук). Ён прапанаваў мюзікл “Мэры Попінс”. У другой узроставай групе, дзе ўдзельнічалі вучні 8-11 класаў, лепшым стаў тэатральны калектыў гарадскога ліцэя з пастаноўкай “Танцуючыя прынцэсы” (кіраўнік — настаўніца англійскай мовы А.М.Дамасевіч).
Пасля фестывалю сустрэлася з удзельнікамі мюзікла і пагутарыла з імі.
Шасцікласніца Ганна Барысюк:
— Спачатку мы працавалі над сцэнарыем – разбіраліся з незнаёмымі словамі, вучылі тэкст. Настаўнікі англійскай мовы сачылі за правільным вымаўленнем. У пастаноўцы танцаў дапамагала Людміла Яўгенаўна Валетава, якая выкладае музыку, у падрыхтоўцы касцюмаў для герояў — настаўніца абслуговай працы Ганна Яўгенаўна Кулагіна.
Шасцікласніца Кацярына Самасюк:
— Хоць рэпетыцыі патрабавалі шмат часу, хадзілі на іх з задавальненнем. Мы смела ўносілі свае ідэі і прапановы, прыдумлялі, фантазіравалі разам з настаўнікамі. Думаю, што дзякуючы згуртаванасці калектыву, творчым, неардынарным педагогам, мы ў ліку пераможцаў.
Дзевяцікласніца Марыя Мікітчук, выканаўца ролі Мэры Попінс:
— Ідэю паставіць мюзікл “Мэры Попінс” прапанавала настаўніца англійскай мовы Вольга Леанідаўна Дзенісюк, а галоўнай гераіняй мяне ўбачыла Вольга Фёдараўна Карпук. З вялікім задавальненнем пагадзілася, бо люблю ўдзельнічаць у розных творчых конкурсах і мерапрыемствах, што праводзяцца ў школе. Вельмі ўдзячна настаўнікам-замежнікам, якія дапамаглі раскрыць на сцэне мае здоль-насці і паказаць валоданне мовай.
Настаўніца англійскай мовы трэцяй гарадской школы Вольга Фёдараўна Карпук:
— Удзельнікі  мюзікла — вучні, якім падабаецца англійская мова. Яны хочуць ведаць яе глыбей, таму наведваюць факультатыўныя заняткі, рыхтуюць пастаноўкі, пазакласныя мерапрыемствы, ахвотна застаюцца пасля ўрокаў на рэпетыцыі, не даюць сумаваць і нам, настаўнікам. Вынікам нашай сумеснай працы і стала выступленне на сёлетнім фестывалі тэатральных калектываў.
Прыгожае, маляўнічае свята замежнай мовы завяршылася, але абяцае стаць у раёне традыцыйным.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: пад час правядзення раённага фестывалю.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top