Untitled-1

Пайшоў цукар з сырцу

Пасля завяршэння чарговага сезона цукраварэння з салодкіх буракоў на прадпрыемстве зацішша не наступіла: вяліся работы па яго рэканструкцыі, фасаваўся белы цукар, адгружалася прадукцыя спажыўцам, тэхналагічнае абсталяванне рыхтавалася да перапрацоўкі сырцу. Паступае ён сёлета з Бразіліі і Мексікі, як заўсёды, водным шляхам да Клайпеды, а адтуль у чыгуначных вагонах да Жабінкі. Завезена ўжо больш за 10 тысяч тон, астатні на шляху да жабінкаўскіх вытворцаў. Плануецца перапрацаваць імпартнай сыравіны каля 40 тысяч тон. Гэта амаль на паўтара месяцы работы цукровага завода. Тэхналагічная лінія атрымання салодкай прадукцыі з трысняговай сыравіны была запушчана 10 красавіка.

Будзем разам на “зялёных маршрутах”

Ідэя турыстычных “зялёных маршрутаў” выклікала ініцыятыву ААН, распаўсюджаную на Гродзеншчыну і Брэстчыну. Сярод 96 заявак на развіццё аграэкатурызму і мясцовага прадпрымальніцтва было ўхвалена сем у нашай вобласці. У іх ліку праект “Мухавэцка кумора”, у якім сумесна паўдзельнічалі сядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Кобрынскага раёна і “Рачная” Жабінкаўскага. Асноўная ідэя іх развіцця — злучэнне веласіпедна-водных маршрутаў на старажытным “Бурштынавым шляху”. Гэтым ужо зацікавіліся турфірмы і наведвальнікі — турыстычныя групы, што ў маі плануюць прайсці водным шляхам па Мухаўцы ад Каралеўскага канала праз Здзітава да Брэста. З часам будзе таксама пабудаваны старажытны карабель-дракар. Нядаўна маршрут апрабавалі на веласіпедах Ала і Сяргей Палікарпукі з Кобрыншчыны, а веласіпедысты з Жабінкаўскага цэнтра турызму і спорту пад кіраўніцтвам трэнера Уладзіміра Кудраўца прынялі ўдзел у масавым велапрабегу, арганізаваным ДАІ з нагоды Года гасціннасці, абвешчанага ў краіне.

Прыхільнікі здаровага  ладу жыцця

4 красавіка на базе трэцяй гарадской адзінаццацігодкі была арганізавана раённая алімпіяда па здаровым ладзе жыцця. У ёй прынялі ўдзел 22 вучні 8-10 класаў з розных школ Жабінкаўшчыны. Уладальніцамі дыпломаў першай ступені сталі васьмікласніца Крыўлянскай СШ Кацярына Карпук і дзевяцікласніца Азяцкай СШ Дар’я Нічыпарук. Дыпломы другой ступені атрымалі вучаніца сёмага класа Азяцкай СШ Настасся Жук і дзесяцікласніца ліцэя Святлана Карпук. Дыпломамі трэцяй ступені былі адзначаны Ангеліна Волк, вучаніца восьмага класа СШ №1, і Аляксандра Кіпцэвіч, дзевяцікласніца СШ №3. На абласным узроўні 17-18 красавіка гонар раёна будуць абараняць Дар’я Нічыпарук і Кацярына Карпук.

Б’юць па будучыні алкаголь і тытунь

Пракуратура стала ініцыятарам акцыі “Без гэтага можна жыць”, якая праходзіла ў раённай бібліятэцы. На яе запрасілі вучняў 9-ых класаў трэцяй гарадской адзінаццацігодкі і педыятра ўрача ўчастковага раённай паліклінікі Н.В.Лаўранюк.
Бібліятэкар аддзела абслугоўвання інфармацыі міжбібліятэчнага абанемента ЦРБ Галіна Мікалаеўна Міхальчук падрыхтавала для падлеткаў відэаразважанне “Алкаголь і тытунь б’юць  па будучыні”. Потым слова ўзяла Наталля Віктараўна Лаўранюк, якая спынілася на шкодзе для падрастаючага арганізма нават слабаалкагольных напояў і курэння; адказала на ўсе хвалюючыя пытанні юнакоў і дзяўчат, заклікала весці здаровы лад жыцця, займацца спортам.

Дом без насілля

З 15 да 30 красавіка г.г. на Жабінкаўшчыне будзе праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без насілля”. На жаль, у нас у раёне таксама ёсць сем’і, у якіх пануе гэтае зло, а прычынай найчасцей з’яўляецца злоўжыванне алкаголем. Згодна з дадзенымі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, у сацыяльна-небяспечным становішчы знаходзіцца ў раёне 45 сем’яў, у якіх выхоўваецца 100 дзяцей. А колькі ёсць такіх, дзе п’яны муж паднімае руку на жонку! Ёсць сем’і ці асобныя жабінкаўцы, якія прадаюць гора-выпівохам самагон ці іншую спіртаўтрымліваючую вадкасць. Такія дзеянні прыводзяць да парушэння спакою ў грамадстве, сям’і. Аб іх пажадана паведамляць у раённы аддзел міліцыі па тэлефонах: 102, 2-12-76, 2-20-96, (8029)687-86-64 (Vel), (8029)823-50-30 (МТС).

.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top