Выпускники отметили «золотой» юбилей

Выпускники отметили «золотой» юбилей

Залаты юбілей выпускнікоў
Гэты вечар школьных сяброў мы запланавалі 25 гадоў таму, на нашым сярэбраным юбілеі.
Усё ў жыцці паўтараецца. Мы, ой, як пасталелі. Ужо сталі бацькамі нашы дзеці. Многія ўнукі вучацца ў вышэйшых навучальных установах, дзе колісь займаліся мы. І ва ўнуках зноў гучаць нашы імёны і прозвішчы. Не ўсе адказы на лісты і званкі напярэдадні сустрэчы радуюць нас. З Магілёва чуем праз слёзы голас родных Юры Дуюна, нашага разумніка, веды якога ўражвалі і нас, і нашых настаўнікаў. На жаль, яго ўжо няма сярод нас. Голас на тым канцы провада дзякуе за добрую памяць і абяцае ў дзень сустрэчы аднесці на пагост кветкі ад аднакласнікаў. Няма прыгажуна з ямачкамі на шчочках Дзімы Леванюка. Усіх пранізвае боль, калі ўспамінаем любіміцу Галю Кабан, шчырага на дабрыню Колю Дзмітрука, сціплую Жэню Максімук, сыны якой жывуць у Харкаве. Зачыталі на сустрэчы ліст з алжырскім прывітаннем ад Косці Супрунюка. Слава Элькснін, Часлаў Лойкуц, Зоя Кірылюк, Іван Філіпук, Сцёпа Будчук, іншыя, хто ў 1960 годзе закончыў школу, адышлі ў іншы свет. Таму напярэдадні сустрэчы мы вырашылі па ўсіх іх, і вучнях, і настаўніках, адслужыць паніхіду ў храме.
І вось сустрэча. Размова на ёй, як водзіцца, перайшла на тых, хто не прыйшоў, хоць і мог зрабіць гэта. Паспачувалі ім і даравалі. Усім здавалася, толькі ўчора выйшлі за парог роднай першай гарадской школы. Мы ўсе адчулі водар бэзу, што рос вакол яе. Адчуванне яго навеяла на ўспаміны пра бесклапотнае школьнае жыццё, любімых настаўнікаў, строгіх і ў той жа час добрых, пра свавольствы на ўроках і ў вольны час. Пеця Кулік расказаў, якім праблемным вучнем быў асабіста ён, за што атрымліваў ад бацькі, які ў выхаванні прытрымліваўся правілаў героя паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, “…калі пойдзе справа туга, паправіць бацькава папруга”. Уладзімір Рвачоў раскрыў усе таямніцы школьных пачуццяў, а таксама расказаў пра свае вандроўкі і жыццё: як у Хантымантыйску лавіў навагу і іншую рыбу, пра паляванне на зайцоў, пра традыцыі насельнікаў паўночных рэгіёнаў. Саша Казей крыху спазніўся на сустрэчу, але яго песні, як заўсёды, узрадавалі нас. Мы з задавальненнем спявалі разам з ім.
Усе, хто прыйшоў на сустрэчу, удзячны лёсу, які падараваў хвіліны радасці, навеяў добрыя ўспаміны. Нізкі паклон настаўнікам Ганне Пракопаўне Давыдоўскай, Валерыі Міхайлаўне Галаўчынер, Зоі Ігнатаўне Мамацюк, якія, раздзялілі з намі і наш боль, і нашу радасць.
Вялікі дзякуй усім, хто прыехаў, прыйшоў, хто адгукнуўся, хто памятае, што мы — гэта 10 “А” і 10 “Б” клас 1960 г.выпуску, што мы — гэта адна радня за сталом.
Мы — дзеці вайны, з грузам ліхалецця. Мы ўсё больш прыходзім да высновы: жыццё — гэта вялікая і цікавая кніга. І большасць старонак яе мы пішам самі. Мы аўтары, памылкі залежаць ад нас, а хочацца пісаць без іх. Кажуць час праведзены з сябрамі не залічваецца ў стаж жыцця. Памятайце гэта, мае дарагія і любімыя аднакласнікі.
Л.МАКАЕД, удзельніца сустрэчы.
Фота А.Асонава.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top