Камандны дух спрыяе перамогам

Камандны дух спрыяе перамогам

IMG_7921У дамоўлены час я сустрэлася з камандай юнакоў-валейбалістаў Жабінкаўскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву і іх трэнерам Сяргеем Леанідавічам Кісляком. Нагодай для сустрэчы і размовы стала перамога валейбалістаў у першынстве вобласці. У фінале яны абыгралі каманду юнакоў Брэсцкага цэнтра алімпійскага рэзерву “Вікторыя”.
“Амаль пяць гадоў ішлі хлопцы да гэтай перамогі, — гаворыць Сяргей Леанідавіч. — Многія з іх у валейболе з 4-5 класа, зараз – старшакласнікі. Для таго, каб паказваць добрую камандную гульню, патрэбны трэніроўкі. Калі мы толькі пачыналі, займаліся тры разы на тыдзень, зараз — чатыры. Перад адказнымі спаборніцтвамі колькасць трэніровак узрастае да пяці.
Прымалі ўдзел у мерапрыемствах рознага ўзроўню: адкрытых першынствах дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву вобласці, міжабласных турнірах, алімпійскіх днях моладзі ў Брэсце, многіх іншых.
У камандзе, у асноўным дзевяцікласнікі трэцяй гарадской адзінаццацігодкі (8 валейбалістаў). Разам яны з пачатковай школы, добра ведаюць адзін аднаго, даўно сябруюць. Астатнія 4 — з першай гарадской адзінаццацігодкі. Узаемапаразуменне і падтрымка ў калектыве, вельмі важныя складнікі поспеху”.
Аб валейболе, сябрах па каман-дзе, сваім трэнеры гаварылі юныя валейбалісты.
Антон Карпук, дзевяцікласнік сярэдняй школы №3:
— Пяць гадоў займаюся валейболам. Гэты від спорту захапіў мяне. Ён адначасова і дынамічны, і напружаны, а яшчэ вельмі прыгожы. Наша каманда — адна сям’я, разам трэніруемся і адпачываем. Лічу, што любым відам спорту трэба зай-мацца. Ён выхоўвае, загартоўвае, дысцыплінуе, робіць нас моцнымі фізічна і духоўна.
Міхаіл Макарук, дзесяці-класнік сярэдняй школы №1:
— У валейболе я не так даўно, як мае сябры, усяго паўтара года, але за гэты час прыйшоў да высновы, што гэты від спорту патрабуе ад гульцоў хуткай рэакцыі, імгненнага прыняцця рашэнняў, ад якіх залежыць далейшая гульня, мне гэта вельмі падабаецца. Сяргей Леанідавіч навучыў мяне спраўляцца з празмерным хваляваннем, заставацца спакойным у адказныя моманты і рабіць усё магчымае для перамогі.
Дзмітрый Міхед, дзевяціклас-нік трэцяй гарадской школы:
— У нас зладжаная дружная каманда, цудоўны трэнер, дзякуючы якому валодаем добрымі тэарэтычнымі ведамі і тэхнікай гульні. Сяргей Леанідавіч не толькі настаўнік, але і старэйшы сябар. Ён ведае пра нашы поспехі і праблемы, калі патрэбна, заўсёды дапаможа, дасць параду.
Яўген Грэцкі, сямікласнік першай гарадской школы:
— У нашай сям’і многія захапляліся валейболам: тата, мае дзядзька і цётка. З дзяцінства бываў на спаборніцтвах, мне падабалася назіраць за гульнёй, таму з чацвёртага класа займаюся валейболам. Па адносінах трэнера да справы адчуваем, што Сяргей Леанідавіч любіць сваю работу, ставіцца да яе з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю, хвалюецца за вынік. У сваю чаргу мы стараемся яго не падвесці.
Дадам, што Яўген ужо трэніруецца ў зборнай вобласці малодшага ўзросту, удзельнічае ў спаборніцтвах дзіцячай лігі.
На вясновых канікулах валей-балісты Аляксей Каменеў, Валерый Андрасюк і Данііл Карпук  удзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах у складзе зборнай вобласці. У выніку берасцейцы сталі чацвёртымі. Жадаем нашым валейбалістам новых перамог!
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: каманда валейбалістаў Жабінкаўскай СДЮШАР – пераможца  абласнога першынства разам са сваім трэнерам С.Л.Кісляком.
Фота Ірыны ЖУК. 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top