Па-сапраўднаму цёплым, яркім і запамінальным атрымаўся фестываль, які адбыўся 15 мая ў гарадскім Доме культуры і быў прымеркаваны да Дня сям’і.
Кожнага, хто завітаў на свята ў ГДК, у фае чакала фотазона “Мая сям’я – мая краіна”, пажаданні, якія можна было выцягнуць з чароўнага капелюша альбо пачуць з вуснаў арганізатараў мерапрыемства – прадстаўнікоў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і загса.
У гэты дзень уся ўвага, кветкі і падарункі адрасаваліся шматдзетным сем’ям, працоўным дынастыям і пераможцам фотаконкурсу, прысвечанага Дню сям’і.
Вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Іна Тарасевіч павіншавала ўсіх са святам і заўважыла:
– Сям’я – гэта апора і падтрымка любога чалавека, а моцная сям’я – апора дзяржавы. На Жабінкаўшчыне нямала цудоўных сямей, дзе выхоўваюцца таленавітыя, усебакова развітыя дзеці. Штогод павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў, у нашым раёне іх зараз 547. Дзяржава аказвае ім усебаковую падтрымку ў выглядзе выплат, сямейнага капіталу, жылля, бясплатнага харчавання дзяцей у садзіках і школах.

І ўвогуле, адзначыла Іна Уладзіміраўна, інстытуту сям’і ў Беларусі нададзена вялікае значэнне. 15 мая ў школах рэспублікі прайшоў адзіны ўрок “Лёс маёй сям’і ў гісторыі краіны”, дзе настаўнікі нагадалі дзецям пра сямейныя каштоўнасці.
А затым наступіў урачысты момант – пасведчанні шматдзетнай сям’і былі ўручаны Эдуарду і Алесі Лінікам, Сяргею і Ксеніі Грыцукам. У сям’і апошніх 18 красавіка нарадзілася двойня, якой вельмі рада старэйшая сястрычка.
Цырымонію ўганаравання прадоўжыў дырэктар Жабінкаўскага камбікормавага завода Ігар Лабада. На гэты раз на сцэну запрашаліся сямейныя дынастыі Барсуковых, Якавукоў, Ігнатовічаў, Крупко і Філіпукоў. Іх працоўныя біяграфіі непарыўна звязаны з родным прадпрыемствам. Напрыклад, агульны працоўны стаж Барсуковых складае 136 гадоў.
А дынастыю Панасікаў, якая шчыруе на цукровым заводзе і мае сумарны працоўны стаж ажно ў 177 гадоў (!), павіншавала намеснік дырэктара па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце Святлана Цюга.
Асобна выдзелім уганараванне пераможцаў фотаконкурсу “Сям’я разам – душа на месцы”. Яго ініцыятар – упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, таму для ўручэння дыпломаў і пісьмаў падзякі на сцэну запрасілі начальніка ўпраўлення Таццяну Марыніч. У намінацыі “Сямейныя традыцыі” перамогу святкавала сям’я Сушынскіх. У намінацыі “Разам справа ідзе спарней” – Алесюкі. Любімы гадаванец сям’і дапамог атрымаць дыплом і падарунак Харытановічам. Астатнія ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны пісьмамі падзякі і заахвочвальнымі прызамі.
Святочную атмасферу фестывалю аздобілі сваімі музычнымі нумарамі сямейны дуэт Валерыя і Таццяны Няменьшых, вакальныя ансамблі “Каларыт” і “Сувенір”. А саладосці і цяпла мерапрыемству дадалі гарачы чай ды розныя ласункі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра.
Свята ў ГДК стала сапраўдным гімнам сям’і, каханню і стварэнню, ладу і згодзе.
Наталля ВАЛОШКА
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Popularity: 1%