7 мая,
праз пару дзён пасля журналістаў друкаваных СМІ, сваё прафесійнае свята
адзначаюць працаўнікі радыё, тэлебачання і сувязі. Напярэдадні святочнай даты
паразмаўлялі з дырэктарам тэлерадыёкампаніі “Брэст” Аленай Даміевай.
– Алена
Іванаўна, бадай, не мінае тыдня, каб сюжэты пра Жабінку і яе наваколлі не
траплялі ў стужку тэленавін. Журналісты ТРК “Брэст” нярэдкія нашы госці.
Звычайна яны апытваюць герояў сваіх сюжэтаў. Аднойчы вы сказалі: “Галоўнае
патрабаванне для журналіста – заўсёды быць гатовым да інтэрв’ю”. Некалькі разоў
мне даводзілася быць “пад прыцэлам” вашых камер. Давайце зараз памяняемся
месцамі, і ўжо я задам некалькі пытанняў.
– А давайце! Можа
атрымацца цікава і карысна.
– Вы
ўжо чвэрць стагоддзя ў прафесіі, а калі адчулі сябе сапраўднай журналісткай?
– Упершыню такое адчуванне
прыйшло і ўмацавалася, калі пачынала праект “Пад грыфам вядомыя”, дзе брала
інтэрв’ю ў Максіма Мірнага. Амаль нічога не ведала пра тэніс, таму прачытала
шмат пра гэты від спорту і ўсё роўна хвалявалася перад сустрэчай. Першае, што
сказаў Макс: “Лена, я адношуся да вас з павагай, але вырваўся дамоў усяго на
пару дзён, хацеў правесці час з сям’ёй. Я нічога супраць вас не маю, але калі
пытанні будуць нецікавыя, зразумейце мяне па-чалавечы – устану і развітаюся”. І
я ўвесь час думала: устане ці не? Ён бачыў маё хваляванне, а я міжволі адчула,
што мае пытанні яму падабаюцца. Змагла яго здзівіць, захапіць, і гэта акрыляла.
Атрымлівалася, што нешта магу, нешта атрымоўваецца! Значыцца, я на сваім месцы.
Мінулі гады, літаральна днямі мой сын Раман стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату
Еўропы па самба, і было вельмі прыемна, што Макс Мірны лайкнуў сторыс з
паведамленнем пра Раманаў поспех.
– Неяк
у інтэрв’ю вы сказалі, што ваш любімы фільм “Аднойчы дваццаць гадоў пасля”.
Прызнаюся, і мне вельмі падабаецца гэтая кінастужка. Ваша прыхільнасць да яе
звязана з тым, што ў фільме паказана праца тэлевізіёншчыкаў?
– Зусім не. Стужка
кранае найперш жыццёвасцю, пытаннем, якое задаецца кожнаму герою: “Чаго ты
чакаеш ад жыцця?” Многія сцэны ведаю на памяць. Напрыклад, як галоўная гераіня
Надзя Круглова ўсю ноч перашывае са свайго прыгожага плацця, падараванага
каханым мужам, сукенку для дачушкі, каб тая была самай прыгожай Снягуркай на
школьным балі. Гэта і пра маю маму, якая старалася, каб кожны дзень быў святам
для мяне з братам і сястрой. Гэты фільм – сапраўдны гімн мацярынству, слава
тым, хто стварае жыццё на зямлі, кахае, клапоціцца пра нас без выхадных, без
права на памылку.
– А як
вы спалучаеце дзве жыццёвыя ролі – быць матуляй і пры гэтым аддавацца журналістыцы?
– Можа, калісь для мяне
самой гэта было загадкай. Але я ўжо даўно “захварэла” прафесіяй, а быць мамай –
шчаслівае прыроднае наканаванне. Памятаю: вяла праграму “Жансавет”, калі
даведалася, што цяжарная. Праз тыдзень, як нарадзілася дачушка, зноў была ў
эфіры, бо нельга было спыніць праект, да якога прыкіпела душой.
– Алена
Іванаўна, за гады вы сталі ўладальніцай многіх прэстыжных узнагарод. Які свой
тэлепраект лічыце найбольш любімым і паспяховым?
– Дазвольце крыху
папраўлю вас: ТВ – камандная гульня. Усе нашы праекты – агульная справа, таму і
поспехі (як і няўдачы) дзелім разам. Перамог сапраўды было дастаткова шмат.
Сярод рэгіянальных тэлерадыёкампаній берасцейцы заўжды лепшыя, а вось
пазмагацца з рэспубліканскімі каналамі за “Тэлевяршыню” ды іншыя ўганараванні –
гэта іншы ўзровень. Пералічваць усе ўзнагароды не бяруся, але адзначу “Тэфі
Садружнасці” за праект “Гарады Беларусі”, а таксама праекты “Брэсцкая крэпасць”
і “Артэфакты”, уганараваныя на “Тэлевяршыні”. Летась надзвычай добрыя водгукі
атрымалі перадачы серыі “Памяць зямлі маёй”, якія расказвалі пра мемарыялы
часоў Вялікай Айчыннай вайны. У снежні 2022-га выйшла апошняя стужка першага
сезона, прысвечаная колішняй вёсцы Драмлёва. У ролі аднаго з экспертаў
выступілі вы. Памятаеце, як кінагрупа дабіралася праз снежную замець, як
дапамагалі нам мясцовыя ўлады і арганізацыі, як шукалі ў зімняй Жабінцы кветкі,
каб пакласці іх да пастамента?.. Праект быў настолькі паспяховы, што вырашана
прадоўжыць яго і ў гэтым годзе.
– Калі
падчас той сустрэчы я спытаўся, як ваша прозвішча, вы пажартавалі: “Запомніць
вельмі проста: А.Даміева, або Адам і Ева!” Вы з любасцю расказвалі пра сваіх
дзяцей (гэта, вядома, ад Евы). А вось прыкладна месяц таму ў вас дабавіўся яшчэ
і Адамаў “абавязак”, калі ў сакавіку ўзначалілі ТРК “Брэст”. Ці не боязна
рабіць першыя крокі па зыбкім лёдзе – узначальваць цэлую тэлерадыёкампанію?
– Я сыну не раз казала:
радавацца і баяцца нельга доўга, нельга доўга заставацца ў эйфарыі і ў паніцы.
Проста патрэбна працаваць. Штодня сабе кажу: кіраўніку неабходна старацца не
ацэньваць, а цаніць людзей. Я ў прафесіі даўно. Ведаю, як часам слёзы
наварочваюцца на вочы, калі Музы няма, а трэба выдаць на-гара вынік. І ўсё ж мы
шчаслівыя людзі, бо наша прафесія – як мара ці казка, для многіх недасягальная.
Зычу ўсім, хто прыналежны да журналістыкі, кахання, здароўя і міру. З іх
дапамогай нас акрыляе творчасць.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з уласнага архіва Алены ДАМІЕВАЙ
Popularity: 1%